Касцёл, кірха, Сталін і не толькі. Як змянялася Кастрычніцкая плошча і што плануюць цяпер


Масавы палітычны пераслед любога іншадумства ў краіне не перашкода для рэжыму, каб будаваць помнікі ўсебеларускаму адзінству. Улады ўжо нават распрацавалі прыкладны выгляд будучага скульптурнага комплексу, што размесціцца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. З гэтай нагоды «Белсат» вырашыў згадаць, як змяняўся выгляд цэнтральнай плошчы беларускай сталіцы. Вельмі часта думкі менчукоў пры гэтым ніхто не ўлічваў.

Эскіз помніка «Беларусь – адзіная».
Фота: belta.by

На Кастрычніцкай плошчы ў Менску плануюць паставіць маштабны манумент «Беларусь – адзіная». Нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, тысячы палітвязняў і дзясяткі тысяч палітэмігрантаў, манументальны праект будзе прысвечаны адзінству беларускага народу. У цэнтры кампазіцыі плануюць размясціць фігуру, якая ўвасабляе Беларусь, з афіцыйным сцягам у адной у руцэ і дзіцем – у другой. Вакол яе будуць размешчаныя выявы вобласцяў, а барэльефы на пастаменце цэнтральнай фігуры будуць апавядаць аб розных перыядах беларускай гісторыі.

Праект, яго назва і назва цэнтральнай фігуры яшчэ прапрацоўваюцца. Аўтарскім калектывам кіруе Канстанцін Касцючэнка, які атрымаў дзяржаўную прэмію ў 2020 годзе за кампазіцыю «Брама памяці» ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец».

Як адзначае тэлеграм-канал «Ник и Майк», комплекс зойме ўсю вольную прастору – «менавіта ў гэтым і мэта».

«З размоў у калідорах, якія чуў Нік, пазбавіць беларусаў магчымасці збірацца ў цэнтры і ўстараніць пагрозу – вось сапраўдная мэта архітэктурнага свербу. Рыхтуюцца на далягляд і адымаюць прастору для пратэсту. Распіл бабла на чарговым шэдэўры – гэта ўсяго толькі следства», – адзначаюць аўтары каналу.

Мы ж у сваю чаргу вырашылі згадаць саму гісторыю Кастрычніцкай плошчы і тое, як самыя розныя ўлады змянялі яе цягам апошніх стагоддзяў.

Касцёл, кірха і царква

Цяперашняя Кастрычніцкая плошча знаходзіцца на тэрыторыі былога Новага места – часткі Менску, якую пачалі актыўна забудоўваць у канцы XVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў. Тут былі пракладзеныя новыя вуліцы і ўтвораная гандлёвая плошча, у паўднёвай частцы якой пазней запачаткавалі Аляксандраўскі сквер. Паспрыяў пераўтварэннем і пажар 1835 года, які знішчыў вялікую частку драўлянай забудовы гораду.

Дамініканская вуліца, справа касцёл. Здымак 2-й паловы XIX стагоддзя.
Фота: J. Kuračynski / commons.wikimedia.org

Была навамеская плошча і пэўным рэлігійным цэнтрам. Па яе баках стаялі святыні розных канфесіяў. На месцы сённяшняга Палацу Рэспублікі яшчэ з XVII стагоддзя знаходзіўся вялікі комплекс касцёлу Святога Тамаша Аквінскага і кляштару дамініканцаў. Але ў адказ на вызвольныя паўстанні 1830 і 1863 гадоў расейскія ўлады спачатку закрылі кляштар, а затым наагул перадалі яго жаўнерам. Таксама быў часткова разабраны і касцёл. У 1944 годзе ён быў пашкоджаны савецкімі войскамі. І хоць архітэктары заклікалі «пакінуць яго ў выглядзе такога астраўка і азеляніць, усё-ткі помнікаў у нас у Менску не так шмат», у 1950 годзе пад покрывам ночы яго ўзарвалі. У раскопках святыні ў 1986 годзе сярод іншых удзельнічаў Зянон Пазняк.

Зруйнавалі савецкія ўлады і лютэранскую кірху, што з 1846 года стаяла на поўдзень ад касцёлу – на месцы сённяшняй «Patio Pizza». А ў 1934 годзе яны знішчылі пабудаваную ў 1885 годзе Пакроўскую праваслаўную царкву, каб узвесці на яе месцы Палац афіцэраў. Гэтак, за няпоўныя 20 гадоў былі знішчаныя ўсе рэлігійныя помнікі на і вакол будучай Кастрычніцкай плошчы.

Помнік Сталіну

Руйнавалі касцёл Тамаша Аквінскага не проста так. У 1950 годзе быў канчаткова зацверджаны новы генеральны план Цэнтральнай плошчы, як тады называлася будучая Кастрычніцкая, паводле якога пасярод яе мусіў паўстаць помнік савецкаму дыктатару Іосіфу Сталіну, а на месцы колішняга кляштара планавалі разбіць сквер.

Помнік Сталіну на Цэнтральнай плошчы. Менск, сярэдзіна 50-х гадоў 20 стагоддзя. Крыніца: blisch.by

Над стварэннем манументу працавалі адразу чатыры скульптары: Заір Азгур, Андрэй Бембель, Сяргей Селіханаў і Аляксей Глебаў. Амаль дзесяціметровую фігуру адкрылі 21 верасня 1952 года – за паўгода да смерці тырана. На ўрачыстым мітынгу таксама было абвешчана пра пераназванне ў гонар Сталіна праспекту.

Але ўжо праз дзевяць гадоў, 3 лістапада 1961 года, помнік Сталіну дэмантавалі. Таксама ўночы. Плошча зноў апусцела.

Савецкая архітэктура

Таксама пасля вайны пачалося будаўніцтва наўкола плошчы. У 1949 годзе сталі будаваць палац прафсаюзаў, які ўрачыста адкрылі 3 ліпеня 1956-га. Скульптуры на ім стваралі ўжо вядомыя нам Глебаў і Селіханаў. Да таго на месцы пабудовы знаходзіўся кантроль чыгункі.

Будаўніцтва палацу прафсаюзаў. Крыніца: История Беларуси / VK

Побач у 1964 годзе адкрыўся новапабудаваны гісторыка-культурны Дзяржаўны музей БССР. Але неўзабаве, па просьбе ветэранаў, сюды з вуліцы Карла Маркса 12 перанеслі Музей Вялікай Айчыннай вайны, а гістарычны музей – выселілі на ягонае месца. Істотнае меншае. Як пісаў Уладзімір Караткевіч, «адна асоба, з’явіўшыся ў музей Айчыннай вайны, з абурэннем заўважыла, што няма яе партрэта», пасля чаго музеі было вырашана памяняць месцамі. Звароты і лісты не дапамаглі, хоць, паводле Караткевіча, «для фондаў музею айчыннай вайны не трэба і трох пакояў», але ў выніку гістарычны музей мусіў «задыхацца ў цеснаце».

У 2014 годзе выселілі ўжо і музей ВАВ – у раён Камсамольскага возера, а стары будынак знеслі. Замест яго блізкія да Аляксандра Лукашэнкі сербскія браты Карычы пабудавалі гандлёвы цэнтр са шкла і з бутафорскімі калонамі. Як і раней, звароты грамадзянаў супраць яго будаўніцтва былі праігнараваныя. Будынак здалі ў эксплуатацыю яшчэ ў 2020 годзе, але ён дагэтуль пустуе.

Метро і саркафаг

У 1984 годзе на плошчы была адкрытая станцыя метро «Кастрычніцкая», якую праз сем гадоў злучылі тунэлем са станцыяй «Купалаўская». У 2011 годзе на станцыі здарыўся тэракт, у выніку чаго загінулі 15 асобаў.  Афіцыйная версія здарэння дагэтуль выклікае пытанні ў беларусаў.

Hавiны
10 гадоў таму адбыўся выбух у метро. Ключавыя пытанні аб справе Канавалава і Кавалёва
2021.04.11 07:00

Адкрыццё станцыі «Кастрычніцкая» спрычынілася і да перайменавання самой плошчы, якая да таго была Цэнтральнай.

У 1985 годзе пачалося будаўніцтва галоўнай архітэктурнай дамінанты плошчы – цяперашняга Палацу Рэспублікі, які мусіў спачатку стаць аналагам маскоўскага Палацу з’ездаў. Калектыў архітэктараў узначаліў нарадзінец Расеі Міхаіл Пірагоў, які толькі за дзесяць гадоў да таго прыехаў у Менск. З прычыны распаду СССР будаўніцтва палацу зацягвалася і завяршылася толькі пры Лукашэнку. Урачыстае адкрыццё адбылося 31 снежня 2001 года. З таго часу там праходзілі як звычайныя канцэрты, гэтак і рэжымныя падзеі кшталту Усебеларускіх народных сходаў, паседжанняў ЦВК ці рэспубліканскіх навагодніх елак.

Будаўніцтва Палацу Рэспублікі. Крыніца: blisch.by

У народзе палац атрымаў назву саркафагу і маўзалею. У 2013 годзе нават Міністэрства культуры прызнала, што Палац Рэспублікі, як і пабудаваны побач у 2012 годзе бізнес-цэнтр мабільнага аператара «А1», з’яўляюцца дысгарманічнымі і парушаюць цэласць гістарычнага ансамблю.

Пераносы туды і назад

Менавіта на Кастрычніцкай плошчы ўзнікла сцяна памяці савецкага рок-музыкі Віктара Цоя – аўтара славутай песні «Перемен». Яна з’явілася побач з будоўляй Палацу Рэспублікі. У 1997 годзе большасць плітаў было вырашана перанесці ў іншае месца. Цяпер рэшта сцяны знаходзіцца ў скверы на скрыжаванні вуліц Ульянаўскай і Беларускай.

Сцяна памяці савецкага рок-музыкі Віктара Цоя. Крыніца: blisch.by

У 1998 годзе ўжо на Кастрычніцкую плошчу перанеслі знак Нулявога кіламетра Беларусі, які раней стаяў каля Галоўпаштамту. Ці не давядзецца яго пераносіць яшчэ раз з улікам новых планаў уладаў, не паведамляецца.

Плошча Каліноўскага

З’яўлялася Кастрычніцкая плошча перыядычна і цэнтрам антылукашэнкаўскіх пратэстаў. Гэтак, падчас выбараў 2001 года пратэстоўцы занялі на некаторы час Палац прафсаюзаў, а ў 2006-м дэманстранты ўтварылі на Кастрычніцкай плошчы намётавы гарадок.

Намётавы лагер прыхільнікаў апазіцыі ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. 21 сакавіка 2006 года. Крыніца: commons.wikimedia.org

Менавіта на Кастрычніцкай плошчы збіраліся пратэстоўцы 19 снежня 2010 года перад тым, як пайсці да Дому ўраду. Была яны і цэнтрам далейшых акцыяў, як, напрыклад, пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй у 2019 годзе. А вось у 2020 годзе нейкіх адмысловых акцыяў на ёй не прыгадваецца.

З улікам усёй пратэставай гісторыі Кастрычніцкая плошча з 2006 года носіць неафіцыйную назву плошчы імя Кастуся Каліноўскага. Але асоба беларускага паўстанца выклікае ў рэжыму алергічную рэакцыю, таму чакаць бліжэйшым часам ушанавання яго памяці на плошчы – ці то ў форме назвы, ці то помніка – не даводзіцца. Замест гэтага там пакуль плануюць паставіць жанчыну з вяслом сцягам, якая крывадушна будзе сімвалізаваць адзінства.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў