Украінцы сарвалі самы змрочны сцэнар вайны. Інтэрв'ю з Аляксеем Ганчарэнкам


Ці зможа Пуцін далучыць поўдзень Украіны? Як зняць блакаду Расеі на гандаль украінскім зернем? Самы негатыўны і пазітыўны сцэнары далейшага развіцця падзеяў ва Украіне – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з украінскім дэпутатам Аляксеем Ганчарэнкам.

Сяргей Пеляса: Вы вяртаецеся з эканамічнага форуму ў Давосе. Гатовы свабодны свет доўга падтрымліваць Украіну? Здаецца, што гэта хутчэй марафон, а не спрынт. Ці гатовыя заходнія палітыкі на гэты супольны з Украінай марафон?

Аляксей Ганчарэнка: На жаль, вы маеце рацыю. Са спрынту пераходзіць у марафон. Трэба рыхтавацца да зацяжнога супрацьстаяння. Мы спадзяемся, што вайна як мага хутчэй скончыцца, але трэба рыхтавацца да горшага. Адназначная выснова: свет выкрасліў Расею з цывілізаванага кола. Упершыню Давос прайшоў без Расеі. У расейскім доме, у якім раней была чорная ікра, шампанскае і абмеркаванне дзелавых праектаў з Расеяй. Цяпер гэта дом расейскіх ваенных злачынстваў з фотавыставай жудасных кадраў, што здзейсніла расейская армія ва Украіне. Яны разумеюць, што Расея – гэта пагроза. Для таго каб спыніць гэтую пагрозу, свет будзе падтрымліваць Украіну. Гэта адназначна. Мы хочам больш падтрымання. Якім будзе гэтае падтрыманне, залежыць у тым ліку і ад нас, ад Украіны. Як мы зможам данесці, што неабходна рабіць для вольнага свету. І дабіцца іхнай дапамогі.

ВІДЭА
Пуцінскі рэжым непазбежна пачне слабець. Ці магчымы распад Расеі? Інтэрв’ю з Яўгенам Кісялёвым
2022.05.06 18:01

Вы рэпрэзентуеце ва ўкраінскім парламенце Адэсу. Гэта рэгіён, дзе большасць украінскага насельніцтва расейскамоўная. Цяпер на поўдні Украіны, на Херсоншчыне, у паўднёвым рэгіёне Запарожжа кажуць пра тое, што, магчыма, Масква будзе раздаваць расейскія пашпарты. Пуцін падпісаў указ. Будзе падобная сітуацыя, як на акупаваным Данбасе. Нечым яшчэ, акрамя пашпартоў, Пуцін можа прыцягнуць, так сказаць, захапіць сэрца? Тэрыторыю ён захапіў, але душу і сэрца расейскамоўных украінцаў зможа захапіць ці не?

Толькі што з’явілася новае сацыялагічнае апытанне, якое кажа пра тое, што 98 % украінцаў вельмі негатыўна ставяцца да Пуціна. Поўнае неўспрыманне. Тут няма розніцы, на якой мове размаўляюць украінцы. У першую чаргу расейскамоўныя людзі пацярпелі больш за ўсіх. Таму іхнае непрыманне Пуціна і РФ, напэўна, максімальнае. Тут яму разлічваць няма на што.

На поўдні Украіны, які сапраўды часткова акупаваны РФ (гэта поўдзень Запарожскай вобласці і вялікая частка Херсонскай вобласці), разгарнуўся сапраўдны партызанскі рух. У нас шмат сведчанняў з такіх гарадоў, як Мэлітопаль, Бярдзянск, Херсон. Расейскі акупант вельмі няўтульна пачуваецца ў гэтых гарадах. Там гучаць выбухі, гінуць калабаранты. Гэта самы лепшы адказ, ці можа Пуцін заваяваць сэрцы ўкраінцаў. Тое, што нейкай частцы людзей даводзіцца браць гэтыя пашпарты, калі акупацыя будзе зацягвацца, гэта зразумела, бо гэта пытанне выжывання людзей. Але Украіна зробіць усё магчымае, каб акупацыя доўжылася як мага менш.

ВІДЭА
Палітолаг Яўген Магда: Захад не хоча распаду Расеі, а толькі яе паразы
2022.05.20 16:48

Хачу спытаць пра сітуацыю вакол Адэсы. Праблема блакады ўкраінскіх партоў, Адэсы, Мікалаева, іншых больш дробных стаіць на парадку дня сусветнай супольнасці. Частцы свету пагражае голад праз тое, што Пуцін блакуе экспарт украінскага хлеба і кукурузы перш за ўсё ў Афрыку. Як вам уяўляецца пасля размоваў з палітыкамі ў Давосе, наколькі рэальная перспектыва правядзення марской аперацыі для зняцця блакады з украінскіх партоў? Магчымасці ёсць, бо ёсць флот, ёсць сродкі, але ці хопіць палітыкам смеласці, каб зняць блакаванне і даставіць хлеб людзям, якія жывуць у нястачы ўва ўсім свеце?

Гэта была адна з ключавых тэмаў форуму. Тэма харчавання, цэнаў на харчы, доступу да яго. Велізарны выклік для свету – расейская блакада Чорнага мора, якая прывяла да таго, што Украіна, адзін з найбуйнейшых экспарцёраў аграрнай прадукцыі ў свеце, не можа сёння гэтага экспарту ажыццяўляць. Бо галоўнымі варотамі было мора. У першую чаргу парты вялікай Адэсы. Сёння гэта ўсё спыненае. Паводле падлікаў ААН, 400 млн чалавек на планеце залежаць ад украінскага харчавання.

Расейская імперыя, якая калісьці зладзіла Галадамор ва Украіне, сёння ладзіць Галадамор на цэлай планеце.

Самымі залежнымі ад украінскага харчавання краінамі ёсць Егіпет, іншыя краіны паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу, Кітай. Яны маюць патрэбу ва ўкраінскім харчаванні. Пра гэта сёння кажуць ува ўсім свеце. Ёсць два шляхі, як развязаць гэтую праблему. Першы – ваенны. Ён складаны, бо мы ведаем, што сапраўды, на жаль, часта заходняму свету не стае рашучасці дзеяць сур’ёзна і жорстка. Тут неабходная менавіта такая лінія паводзінаў. Тут ідзе гаворка пра неабходнасць ваеннага прыкрыцця гэтых канвояў ад расейскага флоту, авіяцыі і ракетных удараў.

Але ваенны шлях складаны, бо з пункту гледжання экіпажаў, якія павінны суправаджаць гэтыя караблі, страхавых кампаніяў, якія павінны страхаваць гэтыя рэйсы… Тут маса складанасцяў, таму ёсць другі шлях. Гэта шлях пэўных дамоўленасцяў з Расеяй. Але дамоўленасці не з пазіцыі слабога, а з пазіцыі моцнага. Напрыклад, Расея сёння пераважна марскім шляхам ажыццяўляе экспарт сваёй нафты. Асноўная праходзіць з Наварасійску праз Басфор.

Мы цяпер чакаем рашэння пра нафтавае эмбарга ад Еўрапейскага Звязу. Нават пасля гэтага рашэння ўсё роўна будуць краіны, якія будуць працягваць купляць расейскую нафту. Мы гэта разумеем, яны наўпрост кажуць, што не збіраюцца ўводзіць эмбарга. Значыць, Расея мае моцную патрэбу ў праходзе з нафтай праз Басфор. Гэта цалкам у руках Турцыі, чальца NATO, краіны-саюзніцы ЗША і Вялікай Брытаніі, таго ж Егіпту, які так залежыць ад украінскага харчавання. А гэта стомільённая краіна. Гэта можа быць патрабаванне да Расеі. Вы хочаце, каб вашая нафта праходзіла праз Басфор, перастаньце блакаваць украінскае збожжа ў яго праходзе праз Басфор. Я хутчэй бачу развязанне такім шляхам. Гэта можа быць ажыццёўлена пад эгідай ААН, пад іх гарантыі. Такі спосаб мне здаецца больш імаверным.

А што вы думаеце пра інфармацыю, якая зʼявілася ў публікацыі «The Washington Post» пра тое, што нібыта Лукашэнка атрымаў з ЗША прапанову, што на паўгода Штаты здымаюць частку санкцыяў, дазваляюць Беларусі прадаваць калійныя ўгнаенні, а гэта для Беларусі як пшаніца для Украіны? Гэта вельмі важны артыкул экспарту. За што? Каб Беларусь адкрыла транзіт чыгункаю праз сваю тэрыторыю ўкраінскага збожжа ў Клайпеду, куды вядзе шырокая савецкая дарога і без перагрузкі можна вазіць гэтае зерне. Лічыце, гэта рэальная прапанова? Або Пуцін можа заблакаваць Лукашэнку, не дазволіць зрабіць яму такога хітрага манеўру?

Я не магу ні пацвердзіць, ні абвергнуць, ці была такая прапанова з боку ЗША. Калі мы гаворым пра харчовую праблему, то яна яе не развязвае. Беларуская чыгунка не зможа замяніць Чорнага мора. Наогул да любога пытання аб зняцці санкцыяў з Расеі я стаўлюся дрэнна. Мяркую, што гэта могуць быць абсалютна крайнія сітуацыі. У гэтай сітуацыі гэта не развязвае глабальна той праблемы, якая сёння стаіць перад светам.

ВІДЭА
Ці прабівае Лукашэнка шляхі адыходу на Захад?
2022.05.26 18:07

Маглі б вы ўявіць два сцэнары развіцця падзеяў, палітычных і ваенных? Самы змрочны і самы аптымістычны.

Аптымістычныя сцэнары для Украіны – аптымістычныя сцэнары для свету. Абсалютна поўная сувязь. Няма такога, што Украіне добра – свету дрэнна. Самы лепшы сцэнар для свету – неадкладнае заканчэнне вайны, адвод расейскага войска як мінімум на лінію 23 лютага з далейшым вяртаннем перамоваў, поўнага аднаўлення кантролю Украіны над усімі тэрыторыямі, уключаючы Крым. Гэта аптымальны сцэнар. Пры гэтым, вядома, разблакаванне Чорнага мора, спыненне баявых дзеянняў, вяртанне да пэўнай нармальнасці. І сігнал усёй планеце, што такія агрэсіі не праходзяць і іншыя дыктатары павінны гэта зразумець. Вось аптымальны сцэнар. Самы негатыўны сцэнар – параза Украіны і захоп Пуціным значнай часткі краіны. Але гэты сцэнар немагчымы. Гэты сцэнар актыўна абмяркоўваўся да канца лютага – пачатку сакавіка. Тады гучала, што расейскія войскі могуць захапіць Украіну і Кіеў і ўсталяваць свой марыянетачны рэжым за некалькі дзён. Але ўкраінская армія рэалізацыю гэтага сцэнару сарвала і ніколі не дапусціць. Таму самага горшага сцэнару няма.

А дрэнны сцэнар – доўгая зацяжная вайна. Гэта будзе мець вельмі сурʼёзныя наступствы для Украіны, бо нашая краіна руйнуецца, нашыя людзі гінуць. Але гэта будзе мець сурʼёзныя наступствы для ўсяго свету. Гэта эканамічны крызіс, звязаны з энерганосьбітамі і харчаваннем. Гэта вельмі дрэнны сцэнар для ўсіх, уключаючы Беларусь. Гэта азначае зацягванне марыянетачнага рэжыму Лукашэнкі, які практычна ёсць гаўляйтарам Беларусі ад Расеі. З усіх пунктаў гледжання гэта дрэнна.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 26.05.2022

Калаж з фота: Kremlin Pool / Russian Look / Forum, Facebook

 

Стужка навінаў