Што трэба ведаць пра пагрозу адкрыцця «новага фронту» ў Беларусі


У Беларусі працягваюцца вайсковыя вучэнні. Тэхніка перасоўваецца ў памежныя з Украінай раёнах, а Аляксандр Лукашэнка 26 траўня абвесціў пра стварэнне паўднёвага аператыўнага камандавання. На гэтым фоне аднавіліся размовы пра магчымае ўцягванне беларускай арміі ў вайну супраць Украіны. Belsat.eu распавядае, што цяпер адбываецца і як сітуацыю каментуюць афіцыйныя асобы ды эксперты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

«Умовы ваеннага часу, але пакуль без вайны»

Лукашэнкаўская Беларусь – суўдзельніца пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З першых гадзінаў поўнамаштабнага канфлікту з тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваўся наземны наступ расейскіх войскаў, які пагражаў Кіеву.

Цягам сакавіка Генштаб і Мінабароны Украіны неаднаразова заяўлялі, што беларуская армія можа быць уцягнутая ў вайну. Часам адпаведную пагрозу ацэньвалі як даволі высокую: украінскі бок сцвярджаў, што фіксуецца рыхтаванне да беларускага ўварвання. Але ўварвання не адбылося.

Hавiны
Украінская выведка сцвярджае, што расейцы вярбуюць беларускіх вайскоўцаў для вайны супраць Украіны
2022.03.23 13:42

У канцы сакавіка расейскія войскі адступілі на чарнігаўскім і кіеўскім кірунках. Расея пачала перакідваць вайскоўцаў і тэхніку з тэрыторыі Беларусі на Данбас, дзе рыхтаваўся генеральны наступ. Беларускі напрамак перастаў быць прыярытэтным для Крамля, хаця цалкам расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі выведзеныя не былі.

Але апошнімі тыднямі напружанасць зноў пачала расці. 26 траўня Аляксандр Лукашэнка падчас нарады ў Міністэрстве абароны загадаў стварыць на ўкраінскім кірунку асобнае аператыўнае камандаванне. Дагэтуль існавала толькі два аператыўных камандаванні сухапутных войскаў Беларусі: Заходняе (польскі кірунак) і Паўночна-Заходняе (балтыйскі кірунак).

«На жаль, адкрыўся новы напрамак. Як у нас прынята казаць – новы фронт. І мы не можам не надаваць гэтаму ўвагі», – адзначыў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што на ягоны загад на мяжы з Украінай ідзе актыўная ратацыя беларускіх батальённа-тактычных групаў. «Мы павінны праводзіць гэтую ратацыю і на гэтым абкатваць нашых вайскоўцаў. Гэта ўмовы ваеннага часу, але пакуль без вайны», – падкрэсліў ён.

Павелічэнне вайсковай актыўнасці

Батальённа-тактычнныя групы (БТГ) – гэта часовае вайсковае фармаванне, якое ствараецца пад канкрэтную баявую задачу. Аснова такога фармавання – батальён, які ўзмацняюць цяжкім узбраеннем. Асабісты склад БТГ – гэта прыкладна 800 чалавек.

Перасоўванне беларускіх БТГ пачалося яшчэ ў сакавіку. Тады ў Генштабе Беларусі заяўлялі, што пяць батальённа-тактычных групаў прыкрываюць паўднёвыя межы, нібыта каб не дапусціць пранікнення на тэрыторыю Беларусі «розных нацыяналістычных узброеных фармаванняў» і зброі. Гэтыя сілы на аснове ратацыі мусілі замяніць іншыя пяць батальённа-тактычных групаў. То бок, калі верыць заявам Генштабу, у сакавіку адначасова на паўднёвым напрамку размяшчалася армейская групоўка колькасцю не больш за 4000 чалавек (5 БТГ × 800 байцоў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

4 траўня Мінабароны Беларусі аб’явіла пра пачатак раптоўнай праверкі сілаў рэагавання, падчас якой вайсковыя падраздзяленні мусілі быць прыведзеныя ў баявую гатовасць, а потым зладзіць марш у прызначаныя раёны і выканаць вучэбна-баявыя задачы. У якасці мэты праверкі называлася «ацэнка гатовасці і здольнасці асабовага складу да аператыўнага рэагавання на магчымае ўзнікненне крызісных сітуацыяў».

10 траўня начальнік Генштабу Віктар Гулевіч абвесціў пра пачатак другога этапу праверкі сілаў рэагавання. Цяпер ужо агучваўся канкрэтны кантэкст. Спасылаючыся на пагрозу з боку NATO, Гулевіч заявіў, што на Заходняе і Паўночна-заходняе аперацыйныя напрамкі былі перакінутыя батальённа-тактычныя групы. Адначасова кіраўнік Генштабу адзначыў, што ЗСУ стварыла групоўку на мяжы Беларусі агульнай колькасцю да 20 тысяч, што «таксама патрабуе ад нас рэакцыі». У выніку на паўднёвым напрамку былі разгорнуты падраздзяленні Сілаў спецыяльных аперацыяў.

Тады ж абвесцілі праверку органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны. У памежных Лідскім і Кобрынскім раёнах пачалося фармаванне тэрытарыяльны войскаў, на вайсковыя зборы прызвалі каля 430 чалавек.

На наступны дзень, 11 траўня, месцы размяшчэння батальённа-тактычных групаў наведаў сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

«Нас не можа не турбаваць сітуацыя, якая склалася на паўднёвых рубяжах Беларусі, – адзначыў ён. – Яна фармуе дадатковыя рызыкі і выклікі для нашай нацыянальнай бяспекі, у тым ліку стварае ўмовы для ўзнікнення правакацыяў».

Раней у красавіку Вальфовіч ужо заяўляў, што на ровенскім напрамку беларуска-ўкраінскай мяжы магчымыя правакацыі з мэтай уцягвання Беларусі ў вайну. А 22 траўня Вальфовіч распавёў пра ўкраінскіх дыверсантаў, якія нібыта прарываюцца на тэрыторыю Беларусі ў той самы момант, калі краіну «атачылі ворагі». У якасці доказу «агрэсіўных» намераў Украіны ён спаслаўся на тое, што цяпер ідзе інжынернае абсталяванне ўчасткаў уздоўж паўднёвых межаў Беларусі, адбываецца мінаванне і стварэнне завалаў. То бок Вальфовіч фактычна паставіў у віну ўкраінцам тое, што яна рыхтуюць сваю тэрыторыю да абароны.

23 траўня Мінабароны Беларусі паведаміла пра новы этап праверкі сілаў рэагавання. У Беларусі пачалі раскансервоўваць вайсковую тэхніку, якая перабывала на працяглым захоўванні, каб праверыць яе стан і гатовасць выконваць баявыя задачы.

Чакаецца, што манеўры будуць адбывацца да канца траўня ўва ўсіх вобласцях Беларусі, апроч Гомельшчыны. Прычым асобныя элементы вучэнняў праходзяць не толькі на палігонах, але і ў гарадскіх умовах. Напрыклад, у Берасці 26 траўня вайскоўцы 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады адпрацоўвалі фарсіраванне ракі Мухавец (60 км ад украінскае мяжы).

Hавiны
Генштаб Украіны: у вёсцы Холмеч вайскоўцы палохаюць мясцовых жыхароў нападам украінцаў
2022.04.14 09:28

27 траўня міністр абароны Віктар Хрэнін распавёў, што падчас нарады з удзелам Лукашэнкі была пастаўленая задача стварыць «народнае апалчэнне» ў Беларусі. Калі гэтае пытанне будзе ўрэгулявана на заканадаўчым узроўні, то «колькасць абаронцаў радзімы павялічыцца ў разы», адзначыў міністр.

Пагроза ёсць, але рыхтавання да наступу не бачна

Колькі беларускіх БТГ і наогул вайсковых падраздзяленняў цяпер размяшчаецца на паўднёвых межах – невядома. Афіцыйна іх лік не называецца.

Спікер Мінабароны Украіны Аляксандр Матузянік заявіў 20 траўня, што мяжу прыкрываюць беларускі сілы колькасцю да 7 батальёнаў. 23 траўня ў Генштабе ЗСУ заявілі, што на валынскім і палескіх напрамках беларускія вайскоўцы ўзмоцнена вядуць выведку, разгортваюцца дадатковыя падраздзяленні ў памежных раёнах Гомельскай вобласці.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» пры гэтым канстатуе, што апошнім часам на тэрыторыі Беларусі назіраецца перасоўванне не толькі падраздзяленняў беларускай арміі, але таксама расейскіх вайскоўцаў. 26 траўня «Беларускі Гаюн» апублікаваў мапу вайсковай актыўнасці Расеі.

Мапа расейскай вайсковай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі. Крыніца: Hajun_BY / Telegram

У Генштабе ЗСУ 26 траўня заявілі, што расейцы перамясцілі ракетныя комплексы «Іскандэр» у ваколіцы Лунінца, бліжэй да ўкраінскай мяжы.

«Не выключаецца іх прыцягненне да паражэння вайсковых аб’ектаў і інфраструктуры ў заходнім рэгіёне нашай краіны», – падкрэсліў намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў.

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр таксама заявіла, што «пагроза і выкарыстання тэрыторыі Беларусі, і нанясення ўдараў з гэтай тэрыторыі застаецца». Яна нагадала, што Расея раней ужо выкарыстоўвала нагоду вучэнняў, «каб здзяйсняць эскалацыю і ўварванне».

Пры гэтым у Генштабе ЗСУ канстатуюць, што прыкметаў фармавання наступальных груповак у Валынскім і Палескім аперацыйных раёнах не назіраецца.

«Цяпер крытычны момант»

Украінскія ўлады агулам даволі асцярожна рэагуюць на апошнюю вайсковую актыўнасць у Беларусі і заявы Лукашэнкі. Імавернасць уцягнення ў вайну беларускай арміі яны ацэньваюць невысока – раней у Кіеве неаднаразова заяўлялі пра тое, што беларускія вайскоўцы не хочуць ваяваць. Але адначасова ўкраінскі бок працягвае ўмацоўваць мяжу з Беларуссю, будуе лініі абароны.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк мяркуе, што апошнія заявы Лукашэнкі былі зробленыя ў правакацыйных мэтах.

«Я лічу, што для беларускай арміі зайсці на тэрыторыю Украіны – гэта самагубства», – падкрэсліў ён падчас нацыянальнага тэлемарафону.

Падаляк не выключае ўдараў з беларускай тэрыторыі, але «калі гэты загад аддасць асабіста Лукашэнка, то для яго галавакружная карʼера «апошняга дыктатара» Еўропы скончыцца нечакана».

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі, дэпутат Вярхоўнай Рады Валянцін Налівайчанка назваў загад Лукашэнкі стварыць новае аператыўнае камандаванне чарговай пагрозай для Украіны. «Калі гэта перакласці на зразумелую мову – гэта пагроза Украіне і ўкраінцам, што ён зноў будзе даваць сваю тэрыторыю [у карыстанне] расейскім войскам, расейскім ракетам і гэтак далей», – цытуе Налівайчанку радыё «Свабода».

Ён лічыць, што кіраўніцтва Украіны мусіла даўно папярэдзіць Лукашэнку аб магчымым знішчэнні ракетных комплексаў Расеі на тэрыторыі Беларусі ў выпадку новых абстрэлаў Украіны.

Варта адзначыць, што апошнія заявы Лукашэнкі прагучалі на фоне пагаршэння сітуацыі на фронце для ЗСУ. За апошні тыдзень расейцы дамагліся сур’ёзных поспехаў на Данбасе. Украінскі бок канстатуе, што «баі дасягнулі максімальнай інтэнсіўнасці», і становішча цяпер вельмі цяжкае. Эксперты мяркуюць, што менавіта з сітуацыяй на Данбасе і звязаная апошняя актыўнасць Лукашэнкі.

«Цяпер крытычны момант. Калі Расеі ўдасца праламаць украінскую абарону на Данбасе, то тады імавернасць таго, што беларускія войскі пачнуць аперацыю на Валыні, у Заходняй Украіне вельмі высокая. Зараз жа адбываецца падрыхтоўка да гэтай аперацыі», – адзначыў у інтэрв’ю «Белсату» ўкраінскі ваенны эксперт Міхайла Самусь.

Аб’ектыў
«Што ў Лукашэнкі ў галаве ведае толькі адзін Лукашэнка». Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю
2022.05.26 22:45

Раней ваенны эксперт Алег Жданаў казаў пра тое, што Масква хоча прымусіць Лукашэнку нанесці ўдар у напрамку Луцк – Львоў. Мэта – адрэзаць Кіеў ад заходніх рэгіёнаў краіны. Але Жданаў сумняваўся ў тым, што такі сцэнар з удзелам беларускай арміі будзе зрэалізаваны.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў