Агрэсія Пуціна дае мільярды прыбытку вайсковым прадпрыемствам ЗША


Вайскова-прамысловы сектар – ці не самая багатая і высокатэхналагічная галіна эканомікі ЗША, якую і так даволі нядрэнна забяспечвае замовамі амерыканскае войска, спецслужбы ды шматлікія замежныя кліенты. Аднак напад Расеі на Украіну даў амерыканскім вытворцам танкаў і ракетаў дадатковы магутны штуршок.

Такім чынам, у той час як расейскія прадпрыемствы адчуваюць праблемы, звязаныя з адсутнасцю заходніх дэталяў, Пуцін літаральна спрыяе развіццю вайсковай прамысловасці NATO. Распавядаем, як гэта адбываецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навучанне марскіх пехацінцаў у Чэры-Пойнт, штат Паўночная Караліна, ЗША. Верасень 2015 г.
Фота: U.S. Marine Corps / Zuma Press / Forum

Даваенныя маштабы

У 2019 годзе абʼёмы вытворчасці вайскова-прамысловага комплексу ЗША (сюды ўваходзяць і ўсе прадпрыемствы аэракасмічнага сектару, якія ўвесь час выконваюць і замовы вайскоўцаў) знізіліся, што адбілася і на колькасці працоўных. Аднак і пасля гэтага зніжэння колькасць працоўных складала каля 2 млн чалавек – 1,4 % усёй працоўнай амерыканскай сілы, паведамляе Асацыяцыя аэракасмічнай прамысловасці ЗША.

Сярэдні гадавы заробак гэтых 2 млн працоўных быў вышэйшы за $ 100 тыс., што на 41 % больш, чым агулам па краіне. Выручка сектару складала амаль $ 900 млрд – гэта 19 % выручкі ўсёй нехарчовай прамысловасці ЗША. 10-я частка выручкі абарончага сектару прыпадае на выкананне экспартных замоваў.

Мільярды дзякуючы «маскоўскаму сусвету»

Расейская агрэсія супраць Украіны ў 2014 годзе паспрыяла больш актыўнаму ўзбраенню войскаў ЗША і Еўропы, што адбілася і на паказніках амерыканскага вайсковага экспарту, аднак вялікая вайна 2022 году ў Еўропе яшчэ больш узмацніць гэтую тэндэнцыю.

Амерыканцы будуць вырабляць зброю замест той, якую ЗША перадаюць са сваіх складоў Украіне – супрацьтанкавыя і зенітныя ракетныя комплексы, артылерыйскія гарматы, дзясяткі тысяч снарадаў і мільёны патронаў, беспілотнікі, сістэмы навядзення і сувязі, каскі ды сродкі асабістай абароны.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн слухае рабочых, якія будуюць пускавую ўстаноўку супрацьтанкавых ракет Javelin. Штат Алабама, ЗША. 3 траўня 2022 г.
Фота: Adam Schultz/White House / Zuma Press / Forum

Напрыклад, аднавілася вытворчасць зенітных ракетаў «Stinger», якія амерыканскія прадпрыемствы ўжо былі перасталі вырабляць.

«Калі тысячу «Stingerʼаў» і тысячу «Javelinʼаў» будуць адпраўляцца ва Усходнюю Еўропу кожны месяц, што цалкам магчыма, улічваючы сучасныя тэмпы, то гэта будзе азначаць ад $ 2 млрд да $ 4 млрд выручкі», – адзначае працаўнік інвестыцыйна-аналітычнай фірмы CFRA.

Калі ЗША пачнуць пастаўляць Украіне такое высокатэхналагічнае ўзбраенне, як зенітна-ракетная сістэма «Patriot» ці сістэма залпавага агню HIMARS, то вартасць замоваў можа падняцца ў шмат разоў.

Акрамя таго, ЗША абяцае замяняць на сваю зброю той савецкі рыштунак, які краіны былой Варшаўскай дамовы, такія, як Польшча ці Чэхія, перадаюць Украіне.

Пераўзбраенне ўсёй Еўропы?

Акрамя таго, вайна прымушае краіны Еўропы павялічваць і мадэрнізаваць сваё войска – а гэта азначае новыя шматмільярдныя замовы. Дый ЗША павялічылі выдаткі на абарону, тое ж робяць і іншыя краіны NATO.

«Для кампаніяў зʼявілася магчымасць зарабіць, і ў кароткатэрміновай перспектыве мы можам казаць пра дзясяткі мільярдаў, што зусім не мала, нават для вялікіх кампаніяў», – адзначае даследнік Quincy Institute for Responsible Statecraft Ўільям Гартунг.

Ваенныя вучэнні NATO у Польшчы. 13 траўня 2022 г.
Фота: Jacek Szydlowski / Forum

Гэтак, яшчэ ў сакавіку выдаткі на абарону падвысілі Нямеччына, Бельгія, Румынія, Італія, Польшча, Нарвегія. Толькі адзін Берлін у 2022 годзе падвысіць вайсковы бюджэт адразу на $ 100 млрд. Агулам жа выдаткі краінаў NATO ў Еўропе падвышаюцца на 30–50 %.

Дадатковыя мільярды долараў вырашылі аддаць раней нейтральныя Фінляндыя і Швецыя, якія цяпер імкнуцца да ўступлення ў NATO – таксама вынік «паспяховай» ваеннай авантуры Пуціна.

Аднак рэч не толькі ў набыцці ўжо існых відаў зброі. Колькі дадатковых мільярдаў долараў дзяржавы ўкладуць у распрацоўванне новага ўзбраення з прычыны агрэсіі Масквы супраць Украіны, немагчыма нават прагназаваць. Як мінімум не адзін дзясятак.

Мінус адзін канкурэнт – больш месца на рынку

Акрамя таго, агрэсія супраць Украіны рэзка абмяжоўвае магчымасці вайсковай прамысловасці Масквы пастаўляць зброю на экспарт і проста вырабляць высокатэхналагічную прадукцыю.

З аднаго боку, новая тэхніка перш за ўсё спатрэбіцца расейскай арміі. З іншага – паўплываюць і заходнія санкцыі, у тым ліку на пастаўку высокіх тэхналогіяў і дэталяў, якія могуць выкарыстоўвацца ў вайсковай тэхніцы. А таксама нават традыцыйныя замоўцы расейскай вайсковай тэхнікі пачнуць з палітычных прычынаў адмаўляцца ад расейскай прадукцыі.

Напрыклад, яшчэ ў сакавіку паведамлялася, што Індыя адмовілася ад вялікіх замоваў расейскіх вайсковых самалётаў, супрацьтанкавых комплексаў і верталётаў.

Гэтак, ракета 9M727 да аператыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр-К» мае амерыканскія дэталі. Тое ж самае датычыць танкаў – на іх стаяць французскія цеплавізары. А ў расейскай зенітнай сістэме ТОР-М2 выкарыстоўваюцца брытанскія прылады.

Сістэмы сувязі – традыцыйна слабы бок расейскага войска – выкарыстоўвалі дэталі вытворчасці ЗША, Нямеччыны, Нідэрландаў, Японіі ды Паўднёвай Карэі.Вымушанае скарачэнне вытворчасці ды паставак расейскай вайсковай тэхнікі на экспарт вызваліць на сусветным рынку ўзбраення месца для заходніх і азіяцкіх кампаніяў, што дазволіць зарабіць мільярды долараў прыбытку.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу адкрыцця «новага фронту» ў Беларусі
2022.05.27 18:22

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў