Галоўнае за дзень: крымінальны пераслед Пратасевіча ў ЛНР, G7 і адменены чэмпіянат


Belsat.eu падводзіць вынікі 27 траўня – 292-га дня паслявыбарчага пратэсту і чацвёртага дня з захопу самалёта «Ryanair», які зноў прыцягнуў увагу Захаду да Беларусі.

Замежныя і беларускія палітыкі працягваюць рэагаваць на падзеі суботы, 22 траўня, калі самалёт «Ryanair» быў захоплены беларускімі ўладамі, каб затрымаць Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу.

Ліст пра бомбу на борце «Ryanair» прыйшоў, калі самалёт ужо набліжаўся да Менску

Лоўкостэры найхутчэй кампенсуюць кліентам страты за адмененыя рэйсы. Ілюстратыўны здымак Pixabay

Расейскі цэнтр «Досье» супольна з выданнямі «The Daily Beast» і «Der Spiegel» атрымаў і прааналізаваў копію электроннага ліста, адпраўленага «прадстаўніком «Хамасу» ў менскі аэрапорт. З яго вынікае, што беларускія дыспетчары паведамілі пілотам «Ryanair» пра мініраванні самалёта на 27 хвілін раней, чым самі атрымалі паведамленне пра бомбу.

Паводле расследавання «Досье», 23 траўня ў 12:25 на электронную пошту адміністрацыі «Літоўскіх аэрапортаў» прыйшоў ліст з пагрозаю выбуху бомбы на борце самалёта рэйсу FR4978, адпраўлены з адрасу ahmed_yurlanov1988@protonmail.com. У ім выказваліся пагрозы нібыта ад «Хамасу».

Hавiны
Расследаванне: ліст пра бомбу на борце «Ryanair» прыйшоў, калі самалёт ужо набліжаўся да Менску
2021.05.27 11:22

G7 будуць дамагацца прыцягнення ўладаў Беларусі да адказнасці за захоп самалёта

G7.
Фота: BTC-Echo

У супольнай заяве міністраў замежных справаў Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікай Брытаніі, ЗША і вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ пра сітуацыю ў Беларусі дыпламаты сцвярджаюць, што дзеянні ўладаў Беларусі мусяць быць пакараныя.

Мы заклікаем Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі тэрмінова развязаць гэтую праблему паводле сваіх правілаў і стандартаў.

Гэтая акцыя таксама ўяўляе сабою сурʼёзную атаку на свабоду медыяў. Мы патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення Рамана Пратасевіча, а таксама ўсіх іншых журналістаў і палітычных вязняў, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі.Мы будзем узмацняць нашыя намаганні, у тым ліку шляхам прыняцця дадатковых санкцыяў, дзеля павышэння адказнасці за дзеянні ўладаў Беларусі».

Расея адмаўляе ў пасадцы самалётам Air France і Austrian Airlines, якія аблятаюць Беларусь

Расея не выдае дазвол на прыбыццё рэйсаў, якія ляцяць не праз тэрыторыю Беларусі. Пад абмежаванні ўжо трапілі Austrian Airlines і Air France. Самалёт Air France з Парыжа ў Маскву не выляцеў з аэрапорту ўчора і сёння. Такая ж праблема ўзнікла ў Austrian Airlines, што меў рухацца з Вены ў Маскву.

Прэс-служба аўстрыйскай авіякампаніі паведамляе, што Расея не дае дазволу на прыбыццё.

Улады Расеі пакуль не пракаментавалі сітуацыю.

Генпракуратура самаабвешчанай ЛНР распачала крымінальную справу супраць Пратасевіча

Паводле Генпракуратуры самаабвешчанай ЛНР, следчыя ўстанавілі, што ўлетку 2014 года Раман Пратасевіч добраахвотна ўступіў у шэрагі тэрарыстычнай арганізацыі «Азоў», забароненай у самаабвешчанай ЛНР, быў яе актыўным удзельнікам і займаў пасаду намесніка камандзіра сувязі другой ударна-штурмавой роты батальёну «Азоў», а таксама браў удзел у баявых дзеяннях у складзе названага дабравольніцкага батальёну на тэрыторыі Данбасу.

Hавiны
Генпракуратура самаабвешчанай ЛНР распачала крымінальную справу супраць Пратасевіча
2021.05.27 16:49

Адвакатка Пратасевіча падала скаргу ў Генпракуратуру: патрабуе медычнага агляду

У скарзе адвакатка ўказала, што два дні не можа трапіць да падабароннага, і просіць зрабіць захады пракурорскага рэагавання. Акрамя таго, яна падала хадайніцтва пра неадкладны медычны агляд Пратасевіча – на просьбу ягоных бацькоў, якія «ў паніцы і шукаюць сына па ўсіх больніцах». Пералічаныя і працэдуры, якія, на думку абаронцы, трэба зрабіць.

Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў і прэзідэнткай Эстоніі

Святлана Ціханоўская.
Фота: @tsikhanouskaya / Telegram

Ціханоўская адзначыла, што захоп самалёта, затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, гібель Вітольда Ашурка і самагубства Дзмітрыя Стахоўскага, – гэта следства таго, што Лукашэнка трымае ўладу незаконна і адчувае сябе беспакарана:

«Таму за апошнія два дні мы правялі экстраную сустрэчу лідараў дэмакратычных сілаў і дамовіліся працаваць як частка адзінага руху: заклікаць прызнаць рэжым тэрарыстычным і прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых. Мы разам падтрымліваем ініцыятывы, накіраваныя на эканамічны байкот рэжыму і негвалтоўны супраціў. Мы адзінаю камандай абараняем незалежнасць нашай краіны, дапамагаем захопленым у закладнікі і дамагаемся, каб Беларусь была прыярытэтам у ЕЗ, ЗША АБСЕ і Радзе Бяспекі ААН».

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што падтрымлівае прапанову прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона запрасіць дэмакратычныя сілы на праграму саміту «Вялікай сямёркі» і настойвае на правядзенні расследавання па факце захопу борта ў прыватнасці і злачынстваў Лукашэнкі ў цэлым.

Hавiны
Ціханоўская сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Нідэрландаў і прэзідэнткай Эстоніі
2021.05.27 18:12

Чэмпіянат Еўропы па велатрэку ў Менску адмянілі

На пасяджэнні ўправы Еўрапейскага роварнага звязу, якое адбылося 27 траўня ў штаб-кватэры ў Лазане ў Швейцарыі, былі прынятыя важныя пастановы адносна сезону 2021 года.

У святле актуальнай міжнароднай сітуацыі ўправа пастанавіла адмяніць чэмпіянат Еўропы па велатрэку – 2021, які мусіў адбыцца ў Менску з 23 да 27 чэрвеня.

«Нядаўна мы адсочвалі сітуацыю з Беларускаю федэрацыяй роварнага спорту, якая перарасла ў міжнародную дыскусію, і сёння ў час пасяджэння кіравання мы пастанавілі адмяніць імпрэзу ў Менску», – паведаміў Энрыка Дэлля Каза, прэзідэнт Еўрапейскага роварнага звязу.

Арганізацыя працуе «над пошукам альтэрнатыўнага рашэння, якое дазволіць рэйсэрам з нашых 50 нацыянальных федэрацыяў узяць удзел у кантынентальных спаборніцтвах гэтага сезону».

Вольная Сенніца супраць цемры!

Жыхары вёскі каля Менску падтрымліваюць акцыю НАУ #ЦветПротивТьмы

«З кожным днём цемра над нашай краінай усе згушчаецца. Мы хочам нагадаць, што мы і ёсць святло ў канцы тунэлю! Кожны дзень неабыякавыя беларусы святлом унутры сябе рассейваюць цемру над Радзімай. Пакуль мы дэманструем сваю пазіцыю СУПРАЦЬ рабства, гвалту, рэпрэсіяў, катаванняў і беззаконня, мы застаёмся Людзьмі».

Жыхары Вольнай Сенніцы падтрымліваюць акцыю #ЦветПротивТьмы.
Фота: чытачы / Белсат
Жыхары Вольнай Сенніцы падтрымліваюць акцыю #ЦветПротивТьмы.
Фота: чытачы / Белсат
Жыхары Вольнай Сенніцы падтрымліваюць акцыю #ЦветПротивТьмы.
Фота: чытачы / Белсат
Жыхары Вольнай Сенніцы падтрымліваюць акцыю #ЦветПротивТьмы.
Фота: чытачы / Белсат

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў