ЗША далучылі Беларусь да краінаў, якія, верагодна, парушаюць права на інтэлектуальную ўласнасць


Управа гандлёвага прадстаўніка ЗША (USTR) залучыў Беларусь у спіс краінаў, якія застаюцца пад назіраннем за магчымыя парушэнні правоў інтэлектуальнай уласнасці. Усяго ў спісе 29 краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Unsplash

Захады былі ўведзеныя праз прыняты ў Беларусі закон, што легалізуе несанкцыянаванае выкарыстанне абароненых аўтарскім правам твораў з краінаў, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі за падтрыманне вайны Расеі супраць Украіны.

«USTR дадаў Беларусь у спіс назірання ў адказ на прыняцце Беларуссю закону, які легалізуе неліцэнзійнае выкарыстанне пэўных твораў, абароненых аўтарскім правам, калі праваўладальнік з замежнай дзяржавы «здзяйсняе недружалюбныя дзеянні», у тым ліку ўвод санкцыяў супраць Беларусі за яе ролю ў несправакаваным уварванні Расеі ва Украіну. Акрамя таго, Беларусь можа ўтрымліваць ліцэнзійныя адлічэнні ад гэтага неліцэнзійнага выкарыстання і пераводзіць іх у агульны бюджэт Беларусі, а гэта азначае, што рэжым Лукашэнкі атрымае беспасярэднюю фінансавую выгаду ад гэтага несанкцыянаванага выкарыстання», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Усяго назіранне за парушэннямі і хібамі ў выкананні правоў інтэлектуальнай уласнасці вядзецца за 29 краінамі. Краіны размеркаваныя па двух спісах – звычайным і прыярытэтным.

Сёлета Беларусь – у звычайным спісе. У прыярытэтным спісе – сем краінаў: Кітай, Чылі, Аргентына, Індыя, Інданезія, Расея і Венесуэла. Таксама адзначаюць, што агляд аб Украіне прыпынілі праз пачатак вайны ў лютым 2022 года.

Нагадаем, што сёлета ў студзені ў Беларусі легалізавалі «паралельны імпарт» – гэта значыць увоз тавараў без згоды праваўладальніка. Дазваляецца таксама выкарыстоўваць фільмы, музыку, тэле- і радыёпраграмы, праграмнае забеспячэнне з «недружалюбных» краінаў тым жа спосабам. Адпаведны Закон № 241-З аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці апублікавалі 6 студзеня на Нацыянальным прававым партале, ён будзе дзеяць на працягу года.

Разбор
«Навошта плаціць дзяржаве за пірацкі фільм?» У Беларусі паменела гледачоў у кінатэатрах
2023.04.20 10:25

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў