Воплескі ў паветры і пажар на складзе. У Белгарадзе, Варонежы і Курску паведамілі пра напады беспілотнікаў


Адразу з трох вобласцяў Расеі, якія мяжуюць з Украінаю, раніцаю 27 красавіка прыйшлі паведамленні пра інцыдэнты.

Губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт паведаміў, што а 2:45, многія жыхары Курска чулі воплескі:

«У небе над Курскаю вобласцю перахапілі ўкраінскі беспілотны лятальны апарат. Разлікі нашага СПА не падвялі, адрэагавалі хутка і эфектыўна. Ніхто не пацярпеў, разбурэнняў няма».

Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў таксама заявіў, што ў небе побач з Варонежам сістэма СПА выявіла і паспяхова знішчыла малагабарытны выведны БПЛА:

«Сітуацыю трымаю на асабістым кантролі. Жыццю і здароўю жыхароў рэгіёну нішто не пагражае».

А ў вёсцы Белгарадскай вобласці загарэўся склад з боепрыпасамі. Пра гэта паведаміў губернатар Вячаслаў Гладкоў:

«У раёне вёскі Старая Нялідаўка, паводле папярэдняй інфармацыі, гарыць склад боепрыпасаў. Разбурэнняў жылых пабудоў, дамоў няма. Пацярпелых сярод мірнага насельніцтва няма».

Пазней губернатар паведаміў, што пажар на складзе пагасілі.

Украінскія ўлады здарэнняў не каментуюць.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў