Пад ядравым парасонам. У чым сіла NATO і чаму яе так баіцца Расея?


Расея працягвае атакаваць Украіну і адначасова размахвае перад усім светам ядравым дубцом. Менавіта так рэагуе Крэмль на сустрэчу ў Рамштайн і заявы Фінляндыі і Швецыі наконт гатовасці ўвайсці ў NATO. Калі гэта адбудзецца, NATO пашырыцца восьмым разам. У чым сіла Паўночнаатлантычнага альянсу і чаму яго так баіцца Расея?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: NATO North Atlantic Treaty Organization / Flickr

Ад дванаццаці да трыццаці

У складзе NATO цяпер 30 краінаў. Калі да альянсу далучацца Швецыя і Фінляндыя – будзе 32. Апошняя краіна, прынятая ў склад альянсу – Паўночная Македонія (2020 год). Афіцыйны кандыдат на далучэнне – Боснія і Герцагавіна. Патэнцыйныя – Швецыя і Фінляндыя, а таксама – Грузія і Украіна.

З краінаў Еўразвязу, апроч Швецыі і Фінляндыі, у альянс не ўваходзяць Ірландыя, Аўстрыя, Швейцарыя, Кіпр і Мальта.

Але сябрам блоку можа стаць «кожная іншая еўрапейская краіна, што будзе ў стане выконваць прынцыпы трактату і рабіць унёсак у бяспеку паўночнаатлантычнага рэгіёну». У цытаце вядзецца пра Вашынгтонскі трактат, падпісаны 4 красавіка 1949 года 12 краінамі, на падставе якога і ўзнік Паўночнаатлантычны альянс. Дамову падпісалі тады Бельгія, Данія, Францыя, Нідэрланды, Ісландыя, Канада, Люксембург, Нарвегія, Партугалія, ЗША, Вялікая Брытанія і Італія.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: NATO North Atlantic Treaty Organization / Flickr

Нашая суседка Польшча ўступіла ў NATO ў 1999 годзе, Літва і Латвія – у 2004-м. За больш чым 70 гадоў існавання альянс пашыраўся 8 разоў.

«NATO не імкнецца ваяваць з Расеяй. NATO – абарончы саюз. Усе захады ёсць і будуць заставацца прэвентыўнымі, прапарцыйнымі і неэскалацыйнымі», – запэўніваюць у Бруселі.

Сіла артыкулу № 5

Паўночнаатлантычны альянс быў створаны, каб бараніцца ад СССР і ягоных хаўруснікаў (з 1955-го – краінаў Варшаўскай дамовы). Пасля таго як галоўны вораг знік з мапы свету, NATO перагледзела сваю ролю і акрэсліла яе як стабілізацыйную: дзеянні, што адхілялі б пашырэнне рэгіянальных канфліктаў.

Асноўная ж мэта – гарантаванне свабоды і бяспекі краінаў – удзельніц альянсу палітычнымі і вайсковымі сродкамі.

Заснаванне NATO 4 красавіка 1949 года.
Фота: Discours Truman / Fondation Otan / akg / Scanpix / LETA

Заяўляецца пра імкненне да мірнага развязання канфліктаў. Але калі дыпламатычным шляхам праблема не развязваецца, пачынаюць, вобразна кажучы, гучаць гарматы. Пры гэтым ваенныя аперацыі дзеля ўрэгулявання крызісу чыняцца на падставе цэнтральнага артыкулу Вашынгтонскага трактату – № 5 («Аб калектыўнай абароне»). Паводле яго, атака, скіраваная супраць аднаго або некалькіх хаўруснікаў, успрымаецца як атака на ўвесь альянс.

Цікава, што артыкул № 5 трактату альянс выкарыстаў толькі адзін раз – у адказ на тэрарыстычныя атакі, учыненыя ў ЗША 11 верасня 2001 года.

На краіны, што супрацоўнічаюць з NATO (партнёраў), гарантыя бяспекі не распаўсюджваецца. Гэта тычыцца ў тым ліку Украіны.

Аперацыі NATO

За 72 гады існавання альянс правёў больш за 30 розных аперацыяў і місіяў. Пералічым толькі некаторыя.

  • Паветраныя аперацыі NATO Deny Flight і Deliberate Force падчас канфлікту ў Босніі і Герцагавіне ў 1993 і 1995 гадах. Таксама – мірныя місіі ў гэтай краіне (1996–2004 гг.).
  • Паветраная кампанія Allied Force супраць былой Югаславіі з 24 сакавіка да 10 чэрвеня 1999 года.
  • Аперацыя Kosovo Force і прысутнасць з 12 чэрвеня 1999 года да сёння ў Косаве.
  • Аперацыя падтрымання міру ў Афганістане (2001–2021).
  • Аперацыя Unified Protector у Лівіі ў сакавіку – кастрычніку 2011 года.

Цікава, што створаныя як «магутны сродак стрымлівання ваеннай агрэсіі», вайсковыя сілы NATO падчас халоднай вайны (з 1946 да гарбачоўскай «перабудовы») ні разу не ўдзельнічалі ў ваенных сутыкненнях: «цягам большай часткі другой паловы XX стагоддзя NATO захоўваў адно пільнасць і гатовасць».

Халодная вайна 2.0

Аналізуючы сітуацыю, што склалася пасля анексіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе і ініцыявання ёй сепаратысцкіх рухаў у «ДНР» і «ЛНР», некаторыя публіцысты пачалі казаць пра «новую халодную вайну, ці «Халодную вайну 2.0».

У адказ на дзеянні Расеі NATO ў верасні 2014-га пастанавіла зрэалізаваць «План дзеянняў для забеспячэння гатовасці». А праз два гады на варшаўскім саміце хаўруснікі дасягнулі дамоўленасці аб пашырэнні прысутнасці войскаў альянсу ў краінах Усходняй Еўропы. Ізноў жа – на падставе арт. 5 Вашынгтонскага трактату.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: NATO North Atlantic Treaty Organization / Flickr

Адзначым, што да 2014 года ніякай «пашыранай перадавой прысутнасці» (Enhanced Forward Presence) NATO, што так раздражняе Уладзіміра Пуціна, каля заходніх межаў Расеі не было (у 2013-м амерыканцы вывелі з Еўропы свае апошнія танкі). Цяпер жа 8 баявых груповак NATO будуць стаяць уздоўж усяго ўсходняга флангу альянсу – ад Балтыйскага да Чорнага мора. Апроч прысутнасці ў Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі, перадавыя групоўкі будуць размешчаныя ў Балгарыі, Вугоршчыне, Румыніі і Славаччыне.

Агулам, паводле афіцыйных звестак, на ўсходнім флангу NATO 40 тыс. вайскоўцаў.

«Нягледзячы на тое, што Крэмль назваў у якасці мэты распачатай 24 лютага расейскай «спецаперацыі» «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» Украіны, цалкам відавочна, што ён насамрэч выстаўляе рахунак Захаду за тое, што той, як яму здаецца, павялічвае ўзровень пагрозаў Расеі ў ваенным плане», – мяркуе «Belarus Security Blog».

Але падвышэнне «ўзроўню пагрозаў» Расея справакавала сама. Заявы Швецыі і Фінляндыі пра гатовасць уступіць у альянс – цалкам натуральная рэакцыя краінаў, што не хочуць застацца, як Украіна, сам-насам з Расеяй. Крамлю ж застаецца махаць, ужываючы лексіку «халоднай вайны», ядравым дубцом.

Цытата і контрцытата

Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв’ю расейскім СМІ:

«Мэтамі ядравых сродкаў паражэння краінаў NATO выступаюць абʼекты на тэрыторыі нашай краіны, а нашыя боегалоўкі наведзеныя на цэлі, размешчаныя ў Еўропе і ў Злучаных Штатах. Але такое жыццё. Таму пра гэта трэба думаць заўсёды і праводзіць адказную палітыку».

Міністр абароны ЗША Лойд Остын, 26 красавіка на базе Рамштайн:

«Бразганне шаблямі і небяспечная рыторыка адназначна непрадуктыўныя… Любыя размовы пра магчымасць выкарыстання ядравай зброі небяспечныя і нічым не дапамагаюць. Ніхто не хоча ядравай вайны, і ніхто не зможа ў ёй перамагчы».

Прынцып ядравага стрымання ў дзеянні

У NATO уваходзяць тры дзяржавы, што валодаюць ядравым арсеналам: ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя. Але наяўнасць ядравай зброі разглядаецца тут як «аснова калектыўнай бяспекі». Што гэта значыць? Тое, што ядравая зброя NATO мае служыць «захаванню міру, недапушчэнню прымусу і стрымліванню агрэсіі».

«Усё вельмі проста: у нас па-ранейшаму ёсць ядравая зброя, бо ядравае стрыманне ўсё яшчэ патрэбнае і ягоныя прынцыпы дагэтуль дзейнічаюць», – заяўляла дырэктарка ў пытаннях ядравай палітыкі NATO Джэсіка Кокс.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

Афіцыйная рэакцыя альянсу на ядравае запалохванне Масквы такая: «гэта неразважна і небяспечна», «NATO не нясе пагрозы для Расеі».

«Дзеянні Паўночнаатлантычнага альянсу носяць абарончы характар і ёсць адказам на агрэсію Расеі. Таму ў Расеі няма прычынаў падвышаць боегатовасць сваіх ядравых сілаў. Любое ўжыванне ядравай зброі карэнным чынам зменіць характар канфлікту. Расея мусіць разумець, што ядравая вайна ніколі не мае быць развязаная і што Расея ніколі не зможа ў ёй перамагчы», – заяўляюць у NATO.

5 фактаў пра NATO

  1. Колькасць вайскоўцаў у 2016 годзе складала 3,185 млн, з іх 1,3 млн – амерыканскія жаўнеры. Найменш жаўнераў у войску Люксембургу (900).
  2. Генеральнага сакратара NATO выбіраюць толькі з еўрапейскіх цывільных палітыкаў. За час існавання блокам кіравалі 15 генеральных сакратароў. Часцей за ўсё – прадстаўнікі Італіі, Нідэрландаў і Вялікай Брытаніі (па тры разы). Нарвежац Енс Стольтэнбэрг кіруе NATO восьмы год.
  3. Выдаткі краінаў NATO на ўзбраенне ў 2020 годзе склалі каля 1 трлн 100 млрд долараў (у Расеі ў тым жа годзе – каля 63 млрд долараў).
  4. У 1966 годзе Францыя з ініцыятывы Шарля дэ Голя выйшла з NATO, а штаб-кватэра альянсу пераехала з Парыжу ў Брусель, дзе размяшчаецца і дагэтуль. У 2009 годзе французы аднавілі сваё сяброўства ў NATO.
  5. У 1954 годзе заяўку на ўваход у NATO падаў… СССР. Яму адмовілі. Альянс матываваў немагчымасць тым, што «блок не збіраецца легітымізаваць савецкі кантроль над Усходняй Еўропай, а савецкі лад не адпавядае стандартам дэмакратыі, што існуюць у іншых краінах альянсу».

З адсутнасці стандартаў дэмакратыі не прынялі б у NATO і сучасную Расею, калі б яна раптам гэтага захацела.

Што тычыцца Украіны, то паводле сацыялагічнага даследавання, праведзенага яшчэ да пачатку вайны (студзень 2022 года), 64 % падтрымлівалі ідэю ўступлення ў NATO. Цяпер жа лічба прыхільнікаў будзе нашмат большая і, бадай, будзе імкнуцца да 100 %.

І хоць партнёрства ў альянсе не раскрывае над Украінай натаўскага «парасона бяспекі», яна сваёй абаронаю (у тым ліку з выкарыстаннем амерыканскай зброі) пакрысе пераходзіць на стандарты NATO. І, як адзначаюць назіральнікі, становіцца сябрам NATO дэ-факта. Расея свайго дамаглася…

Hавiны
Украінскі журналіст Раман Цымбалюк: «Пуцін здзейсніў самагубства – і гэта ягоны выбар»
2022.04.25 23:10

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў