262-і дзень пратэстаў. Ціханоўская ў Аўстрыі, глава «зялёных» ў турме, мытнікі супраць біт


 

262 дзень працягваюцца паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі. З 9 жніўня летась грамадзяне краіны патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і спыненне гвалту. У адказ на гэта рэжым ладзіць масавыя рэпрэсіі ў краіне. Як прайшоў гэты дзень – у аглядзе «Белсату».

Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі місіяў АБСЕ

Святлана Ціханоўская з кіраўнікамі місіяў АБСЕ.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва распавяла пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і прадставіла прапанову аб перамовах у краіне з мэтай вырашыць палітычны крызіс.

На сустрэчы з Святланай Ціханоўскай былі кіраўнікі місіяў АБСЕ Нямеччыны, Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Швецыі, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Чэхіі і Польшчы. Беларускі палітык падзякавала місіі за хуткую рэакцыю на галасаванне і падтрымку закліку да дыялогу.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўнікамі місіяў АБСЕ
2021.04.27 10:26

Святлана Ціханоўская распавяла, што Аўстрыя лічыць дзейныя ўлады ў Беларусі нелегітымнымі і будзе дапамагаць той частцы беларускага народу, якая імкнецца да пераменаў:

«Заўжды здавалася, што Аўстрыя сябруе, у мінулым сябравала з рэжымам. Мы ўсе пабачылі жорсткую пазіцыю Аўстрыі наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. Яны заявілі пра нелегітымнасць былога прэзідэнта Беларусі, пра сфальсіфікаваныя выбары, асудзілі гвалт. І мы пабачылі жаданне дапамагчы нам у гэты складаны час».

Інтэрв’ю
Святлана Ціханоўская ў Аўстрыі: «Вельмі плённая сустрэча з прэзідэнтам»
2021.04.27 21:38

Не менш за 20 чалавек затрымалі ў дзень «Чарнобыльскага шляху»

У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларускія ўлады не далі правесці традыцыйную акцыю памяці. У цэнтр Менску сцягнулі шмат спецтэхнікі, масавых акцый не было. Вядомыя імёны двух дзясяткаў затрыманых.

Кіраўніка партыі «Зялёныя» арыштавалі на 15 сутак

Дзмітрый Кучук, кіраўнік партыі «Зялёныя». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На Дзмітрыя Кучука завялі справу па арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Суддзя Фрунзенскага раёну Марыя Ярохіна прызнала Дзмітрыя вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.

Учора ў офіс партыі спрабавалі трапіць невядомыя, а сам Дзмітрый перастаў выходзіць на сувязь і ніто доўгі час не ведаў пра лёс кіраўніка партыі. Раней партыя «Зялёныя» падавала заяўку на правядзенне мітынге з нагоды гадавіны выбуху на ЧАЭС, але Менгарвыканкам ім адмовіў.

Наталля Любецкая распавяла пра СІЗА КДБ і допыт

Наталля Любецкая, фота з асабістага архіву

Лекарку Наталлю Любецкую затрымалі 31 сакавіка на Партызанскім праспекце ў Менску. Дзяржаўная беларуская тэлевізія сцвярджае, што яе схапілі «з архівам у руках», а ў тым архіве – звесткі пра тое, што Ігар Макар, якога вінавацяць у тэрарызме, хацеў атрымаць «злітыя дакументы КДБ». З фільму «Манкурты. Пастскрыптум» не было зразумела, што гэта былі за дакументы і ў чым вінавацяць Наталлю.

«Мне назвалі артыкулы і кінулі перада мной Крымінальна-працэсуальны і Крымінальны кодэксы, – згадвае Наталля. – Я як разгарнула і пачытала, была ў шоку. А мне сказалі: «Чаму вы так здзіўляецеся?» 31 сакавіка, калі мяне затрымалі, яны Ігара Макара абвінавацілі ў тэрарызме. Сказалі: «Вось, памагатая, у змове з тэрарыстам – вы ведаеце, што ён тэрарыст?» Я сказала, што не».

Праз тры дні допытаў яе адпусцілі без афіцыйных папераў, нават не далі паперы для тлумачэння адсутнасці на працы – толькі выдалі тлумачэнне правоў падазраванай і сказалі чакаць. Наталля мяркуе, што гэта адбылося праз тое, што з ёй не працаваў следчы, а падставаў затрымліваць яе больш як на 72 гадзіны не знайшлося.

Hавiны
Наталлю Любецкую назвалі «памагатай Макара». Яна з’ехала за мяжу і распавяла, як сядзела ў СІЗА КДБ з сяброўкай Бабарыкі
2021.04.27 17:48

Рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі запланаваны на студзень-люты 2022 году

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына згадала магчымую «крайнюю дату»: 16 студзеня 2022 году, «калі казаць пра сумяшчэнне з мясцовымі выбарамі». Пра тое, каб правесці рэферэндум у канцы лета ці пачатку восені, «размоў няма», дадала яна.

Акрамя таго Ярмошына заявла пра імаверны свой сыход. Гэта не першая яе заява такога кшталту.

Мытнікі назвалі бейсбольныя біты халоднай зброяй і не пусцілі ў Беларусь

У Берасці на беларуска-ўкраінскай мяжы мытнікі выявілі ў грузавіку 500 бітаў, якія везлі з Украіны.

Біты не пусцілі ў Беларусь.
Фота: gtk.gov.by

Эксперт Берасцейскага міжраённага аддзелу Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў Беларусі патлумачыў, што біты адносіцца да катэгорыі халоднай зброі, абмежаванай да ўвозу на тэрыторыю ЕАЭС.

Біты вынялі да рашэння суда.

Беларусы не спыняюцца, выходзяць і заяўляюць пра свой пратэст

 

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў