Следчы камітэт завершыў расследаванне ў дачыненні так званых аналітыкаў Ціханоўскай


Галоўнае следчае ўпраўленне заявіла пра тое, што скончыла спецыяльнае вядзенне ў дачыненні 20 удзельнікаў так званага фармавання «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай». Іх абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.
Фота: TUT.by

Як адзначае Следчы камітэт, так званае экстрэмісцкае фармаванне «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай» было створанае калектыўным Захадам «выключна з адной мэтай – захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Для гэтага была сабраная «група людзей, якія маюць адпаведныя навыкі падрыўной дзейнасці, вопыт у паліттэхналогіях».

«Падбіраючы «патрэбныя словы», так званыя аналітыкі, пад кіраўніцтвам заходніх куратараў, выпрацоўвалі стратэгію і тактыку барацьбы з дзейнай у Беларусі ўладай, здзяйснялі падрыхтоўку тэзаў публічных выступаў для іх «гаваркой галавы» з прозвішчам Ціханоўская і іншых удзельнікаў змовы, рыхтавалі публікацыі ў падкантрольных дэструктыўных рэсурсах, накіраваныя на актывізацыю пратэсных настрояў і паглыбленне расколу ў беларускім грамадстве, узмацненне палітычнага і эканамічнага ціску на Рэспубліку Беларусь», – сцвярджае Следчы камітэт.

Як адзначаецца, следчыя Галоўнага следчага ўпраўлення правялі скрупулёзнае вывучэнне дзейнасці «экстрэмісцкага фармавання» і ў залежнасці ад ролі кожнага ўдзельніка выставілі ім абвінавачанні паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ:

  • ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 («Дапамога ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці або разладу паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асобаў»);
  • ч. 1 арт. 357 («Змова, учыненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»);
  • ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 («Дапамога ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, учынення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, закліках, звернутых да замежнай дзяржавы, замежнай або міжнароднай арганізацыі, учыніць дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт»);
  • ч. 1 арт. 361-1 («Кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем або структурным падраздзяленнем, якое ў яго ўваходзіць»);
  • ч. 3 арт. 361-1 («Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання з мэтай учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)»).

Каб забяспечыць кампенсацыю нібыта нанесеных стратаў, на маёмасць абвінавачаных, «у тым ліку дарагія кватэры, дамы і зямельныя ўчасткі», накладзены арышт.

Крымінальная справа перададзеная генеральнаму пракурору для накіравання ў суд, паведамляе Следчы камітэт.

Нагадаем, што 25 студзеня 2024 года Следчы камітэт пачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні 20 «аналітыкаў Ціханоўскай». У гэты лік увайшлі Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык і Кацярына Шмаціна.

Каментар
«Аналітыкі Ціханоўскай». Ці закрыты гэта спіс?
2024.01.25 19:43

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў