Год пандэміі: як каронавірус змяніў Беларусь і беларусаў


Год таму ў Беларусі выявілі першага пацыента з каронавіруснай інфекцыяй. Краіны суседкі ў такім выпадку ўводзілі каранцін, жорстка абмяжоўвалі перасоўванне грамадзянаў з мэтай мінімізаваць распаўсюд інфекцыі. Беларускія ўлады ад пачатку заявілі, што будуць іначай змагацца з вірусам. І ў выніку каранціну так і не было, а афіцыйная статыстыка па захворваннях і смяротных выпадках выклікае недавер нават у самых лекараў.

Хроніка пандэміі ў Беларусі

Раніцай 28 лютага мінулага году Мінздароўя паведаміла пра першы выяўлены выпадак каронавіруса ў Беларусі. Студэнт з Іраку прыбыў у Беларусь 22 лютага, а 27 лютага ў яго афіцыйна пацвердзілі наяўнасць інфекцыі. Грамадзяніна Ірану і асобаў, з якімі ён кантактаваў, змясцілі ў Менскі інфекцыйны шпіталь.

Іранскі студэнт, у якога выявілі каронавірус.
Фота: instagram

У БНТУ, дзе навучаўся студэнт, увялі каранцін. Аналагічныя захады ўвялі і ў інтэрнатах навучальнай установы.

Мінздароўя на пачатку ладзіла брыфінгі і агучвала інфармацыю пра стан здароўя пацыента, пра тое, колькі асобаў з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Паколькі гэтых людзей таксама змясцілі ў шпіталь на каранцін.

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Беларусы спалохаліся, прынамсі, медычныя маскі сталі дэфіцытам.

У першай палове сакавіка «Белавія» адмяніла рэйсы ў 23 краіны свету. Зрэшты, краіны свету таксама ўвялі абмежаванні. З 18 сакавіка летась нават Расея зачыніла мяжу з Беларуссю. У адказ Менск нават выказаў абвінавачванне, што такім чынам Масква раз’ядноўвае беларусаў і расейцаў.

Hавiны
Як выглядае беларуска-расейская мяжа ў першы дзень забароны на ўезд?
2020.03.18 20:08
Брыфінг Мінздароўя. Намесніца міністра Алена Богдан пасярэдзіне.
Фота: Белсат

Мінздароўя да красавіка месяца ладзіла брыфінгі падчас якіх гучалі справаздачы па сітуацыі з распаўсюдам каронавіруса. Міністр і яго намеснікі, прадстаўнікі профільных ведамстваў адказвалі на пытанні грамадзянаў і супакойвалі, што сітуацыя пад кантролем. Але здараліся і недарэчныя выпадкі. Падчас брыфінгу 10 красавіка намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан адмовілася распавесці пра тое, колькі медыкаў памерлі ад каронавіруса.

Hавiны
«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Мінаховы здароўя правяло брыфінг па COVID-19
2020.04.10 13:59

«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» – заявіла яна.

Пры гэтым намесніца міністра прызнала, што заражэнні сярод медыкаў ёсць, перадусім у Менску ды Віцебску. Паводле яе, сталым працаўнікам рэанімацыяў і аддзяленняў пульманалогіі было прапанавана сысці ў адпачынак.

«Трэба быць гатовым да таго, што колькасць будзе павялічвацца. Чым большым будзе ахоп, то больш будзе станоўчых вынікаў», – адзначыла Алена Богдан.

Пакуль сістэма аховы здароўя спраўляецца з колькасцю заражэнняў, заявіла Алена Богдан. Але пасля вострых пытанняў чыноўнікі з ведамства адмовіліся ад публічных справаздачаў. 24 красавіка летась адбыўся апошні брыфінг Мінздароўя. Агулам беларускае ведамства правяло не больш за 20 брыфінгаў, прэс-канферэнцыяў і стрымаў. Статыстыка пачала выглядаць недарэчнай і няпоўнай.

Амапавец на ўваходзе – прапаршчык міліцыі Аляксандр Гупала.
Фота: Belsat.eu

Сусветная арганізацыя аховы здароўя напрыканцы траўня летась заявіла, што Беларусь увайшла ў пяцёрку краінаў Еўропы, дзе зарэгістравалі найбольшую сукупную колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 за апошнія 14 дзён. Самая вялікая колькасць выпадкаў заражэння COVID-19 за апошнія два тыдні зарэгістраваная ў Беларусі, Расеі, Вялікай Брытаніі, Турцыі ды Італіі.

Hавiны
Беларусь – у топ-5 краінаў Еўропы паводле прыросту інфікаваных каронавірусам
2020.05.29 12:21

Бацькі пасля вясновых канікулаў перасталі адпраўляць дзяцей у школы і ўзялі самаізаляцыю.

30 сакавіка лекарка лабараторнай дыягностыкі Віцебскага гарадскога клінічнага шпіталя хуткай медычнай дапамогі Наталля Ларыёнава апублікавала ў сацсетках пост пра тое, што сітуацыя з каронавірусам у Віцебску «пачала выходзіць з-пад кантролю». Афіцыйныя лічбы інфікаваных у Беларусі яна назвала «абсалютна міфічнымі». Пасля гэтага лекарку выклікалі ў пракуратуру. Допыт адбыўся 1 красавіка.

Як паведаміла ў сацсетках Ларыёнава, прадстаўнікі пракуратуры паводзілі сябе ветліва, яе паказанні былі запісаныя на відэа і пісьмова.

Hавiны
Пракуратура дапытала лекарку з Віцебску, якая заявіла, што сітуацыя з COVID-19 выходзіць з-пад кантролю
2020.04.02 12:50

Афіцыйная статыстыка паказвала падзенне колькасці інфікаваных. Колькасць памерлых штодня ў звестках Мінздароўя не перавышала 3 пацыентаў. Беларусы нават стварылі петыцыю з патрабаваннем агучыць колькасць памерлых у краіне ад COVID-19. Але прадстаўнікі Мінздароўя адказалі, што за такімі звесткамі варта звяртацца ў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Hавiны
Мінздароўя адмовілася публікаваць статыстыку па смяротнасці ў Беларусі
2020.06.08 15:28

Тым часам першым горадам у Беларусі дзе ўвялі масачны рэжым – стаў Кіраўск. Але адбылося гэта толькі ў чэрвені.

Наведнікі гіпермаркетаў усё часцей у масках. Персанал – у абавязковым парадку. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Летам грамадскую ўвагу ад каронавіруса ў Беларусі адцягнула выбарчая кампанія і выбары. Але інфекцыя не сышла, а наадварот. Пачалася другая хваля пандэміі.

У кастрычніку летась нават паводле афіцыйных звестак колькасць інфікаваных з моманту выяўлення першага выпадку інфікавання, дасягнула 100 тысячаў пацыентаў. А ўжо ў студзені афіцыйная статыстыка засведчыла 200 тысячаў інфікаваных каронавірусам.

Беларускія ўлады ўвялі масачны рэжым па ўсёй краіне. З 1 лістапада раптоўна зачынілі межы для замежнікаў, хаця палітолагі лічаць гэты крок палітычным.

З 17 снежня ўлады зачынілі наземную мяжу для выезду з Беларусі.

Беларуская памежніца чакае пасажыраў у Нацыянальным аэрапорце Менск, 19 сакавіка 2020 года.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

У краінах свету ўлады распачалі масавыя вакцынацыі насельніцтва. Але ў Беларусі на канец лютага прышчэпкі зрабілі толькі 0,001% насельніцтва.

Аб’ектыў
У Беларусі прывілі 0,001 % насельніцтва
2021.02.22 22:23

Афіцыйная статыстыка і рэальныя лічбы

Андрэй Елісееў, дырэктар даследаванняў у даследчым цэнтры «Цэнтр EAST», заявіў, што заніжэнне статыстыкі ў Беларусі было надзвычайным, адным з найбольшых у свеце. Паводле яго, нашая краіна можа выявіцца «адной з найбольш няўдалых у Еўропе, а магчыма, што і ў свеце» краінаў у змаганні з эпідэміяй каронавіруса.

Фота: Belsat.eu

Эксперт адзначыў, што паказнік смяротнасці мог быць заніжаны ажно ў 15 разоў, а колькасць памерлых у выніку пандэміі ў 2020 годзе можа перавышаць 20 тыс. чалавек. Гэта, на ягоную думку, адпавядае прагнозу, зробленаму яшчэ ў сакавіку на падставе формулы Лонданскага імперскага форуму. Тады смяротнасць для Беларусі прадказвалася ў межах 16–32 тыс. выпадкаў.

«Так што ўлады Беларусі на самым пачатку эпідэміі мелі навукова абгрунтаваныя звесткі, якія могуць быць наступствы ў залежнасці ад розных дзеянняў, і таму яны нясуць поўную адказнасць за наступствы пандэміі ў Беларусі», – падкрэсліў Елісееў.

Афіцыйна з пачатку пандэміі ў Беларусі станам на 17 лютага былі зарэгістраваныя 272 273 чалавекі з станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 261 568 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны каронавірус. За ўвесь перыяд распаўсюду інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 1876 пацыентаў з COVID-19.

Эксперты мяркуюць, што ўлады хавалі лічбы смяротнасці ад каронавіруса з той жа прычыны, што і даводзілі перамогу Аляксандра Лукашэнкі на выбарах з падтрыманнем 80 % выбарнікаў – праз «абсалютна ірацыянальны страх выглядаць слабымі».

Hавiны
20 тыс. памерлых і 640 тыс. захворванняў. Эксперты агучылі статыстыку аб COVID, якую маглі схаваць улады
2021.02.17 18:17

Рэакцыя ўладаў на каронавірус

У той час, калі ўсе суседнія краіны, у тым ліку Расея, зачынілі свае межы на каранцін, Лукашэнка не лічыць гэта правільным.

«Глупства абсалютнае і несусветнае, і гэта ўжо пацвярджаецца. Гэта ніяк не абараняе Расею. Тым больш закрываюць выбарачна. Але гэта іх справа. Людзі ацэняць усё, што адбываецца ў нас з закрыццём межаў. Зараз у свеце штучна створана сітуацыя, калі чалавек не можа трапіць дадому. Нам трэба прыняць усе намаганні, каб нашы грамадзяне змаглі вярнуцца ў самы бліжэйшы час. Яны павінны быць дома. У бяспецы», – падкрэсліваў Лукашэнка.

«Разам з вамі перажыў многія псіхозы»

Таксама Лукашэнка прыйшоў да высновы, што «людзі могуць больш пацярпець ад панікі, чым ад самога каронавірусу».

«Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каронавірус называю не інакш як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо многія псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла», – казаў Лукашэнка.

Лукашэнка ў 4-й ГКБ Менску. Фота presdient.gov.by

А ў ліпені Лукашэнка распавёў, што нібыта сам перахварэў каронавірусам.

«Выбачаюся за свой голас. Апошнім часам мне прыходзіцца вельмі шмат размаўляць. Аднак найбольш дзіўнае, гэта тое, што вы сёння сустракаецеся з чалавекам, які на нагах умудрыўся перанесці каронавірус. Такое ўчора заключэнне дактары зрабілі», – заявіў ён.

Акрамя таго, што каронавірус трэба лячыць лазняй, гарэлкай і мёдам, Лукашэнка неаднаразова сцвярджаў, што хваробу гэтую ў Беларусі перамаглі.

Акрамя перамогі над заражэннямі каронавірусам ён абвесціў, што падчас пандэміі кіраўніцтва краіны выратавала і эканоміку і сельскую гаспадарку.

Hавiны
Лукашэнка абвесціў перамогу над каронавірусам
2020.07.02 13:35

Забароны і абмежаванні

Нягледзячы на тое, што Лукашэнка адмаўляў існаванне небяспекі праз каронавірус, гэта стала нагодай для абмежаванняў падчас выбарчай кампаніі.

Лідзія Ярмошына.
Фота: ctv.by

Лідзія Ярмошына ў ліпені летась на паседжанні ЦВК нагадала пра тое, што нягледзячы на тое, што сітуацыя з каронавірусам паляпшаецца, яна ўсё роўна працягвае выклікаць насцярожанасць.

«Я разумею, што гэта будзе непапулярнае рашэнне, але прапаную на перыяд гэтай электаральнай кампаніі паменшыць колькасць назіральнікаў. Да пяці чалавек – у асноўны дзень галасавання. А ў дні датэрміновага галасавання да трох», – заявіла яна.

Пазней каронавірус стаў нагодай для адмовы адвакатам патрапіць да падабаронных, людзям адмаўляюць магчымасць наведваць судовыя паседжанні над палітвязнямі. Немагчыма перадаць перадачы ў СІЗА і ІЧУ затрыманым падчас масавых акцыяў.

Чарга, каб падпісаць скаргу на імя старшыні суду (парушенне правоў грамадзян). Першы дзень суда над журналісткай ТUT.BY Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным. У судзе Маскоўскага раёну Менску. 19 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Каронакрызіс у эканоміцы

Аляксандр Лукашэнка ў адной з сваіх прамоваў ацаніў выдаткі Беларусі ад барацьбы з каронавірусам.

«Беларусы павінны ведаць, што, да прыкладу, барацьба з каронавірусам ужо абышлася бюджэту амаль у паўмільярда рублёў. Тут і дадатковыя выдаткі на медыцыну, і сродкі на падтрымку рэальнага сектара эканомікі», – дадаў ён.

Чарговая хваля каронавірусу яшчэ больш адбілася на эканоміцы Беларусі. У звязку з палітычным крызісам інфляцыя перакрочыла запланаваныя паказнікі Нацбанку і ўраду. Беларускі рубель дэвальвуецца да долара і еўра.

Давайце разбірацца
Рубель заразіўся каронавірусам. Эканоміка з Чалым
2020.11.05 19:30

У 2020 годзе ВУП Беларусі зменшыўся амаль на 4 адсоткі, а аднаўляцца будзе павольна – тэмпамі каля аднаго адсотка за год.

Вынікі пандэміі для грамадства

У Беларусі заўсёды прысутнічаў феномен «паралельных грамадстваў»: сярэднестатыстычны беларус жыве адным жыццём, верх – іншым. Цяпер гэтая раўналежнасць узмацнілася. Да такой высновы прыйшоў Андрэй Вардамацкі, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні. Яшчэ на пачатку пандэміі навуковец пабачыў змены ў грамадстве. Праз год даследчыкі адзначаюць, што ўлады моцна памыліліся палітыкай падчас пандэміі. Грамадства само пачало дзейнічаць і рабіць захады дзеля сваёй бяспекі. У выніку ўтварылася вялізная прорва паміж людзьмі і ўладамі. Такім чынам каронавірус стаў адным з чыннікаў, якія спрыялі станаўленню беларускага грамадства.

Беларусы зарганізаваліся. Узніклі фонды, куды грамадзяне пералічвалі сродкі, а грошы ішлі на дапамогу медыкам, якія ў перыяд пандэміі апынуліся без сродкаў індывідуальнай абароны. Маскі, касцюмы, шмат іншага беларусы набывалі самастойна і дастаўлялі ў шпіталі. Грамадства кансалідавалася і вырашала грамадскія праблемы, у той час, як кіраўніцтва краіны засталося ўбаку.

Hавiны
«Разрэджванне цэменту». Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі пра тое, як каронавірус змяняе Беларусь
2020.04.20 22:25

СК belsat.eu

Стужка навінаў