Вынеслі прысуды ў «справе прафсаюзаў». Фігуранты прызналі віну


У Менскім гарадскім судзе 26 снежня вынеслі прысуд паводле крымінальнай справы супраць кіраўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Гэта былы старшыня асацыяцыі Аляксандр Ярашук, ягоны намеснік Сяргей Антусевіч і бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім.

Фігуранты «справы прафсаюзаў» на судзе.
Фота: БелТА

Прафсаюзных актывістаў прызналі вінаватымі і пакаралі Аляксандра Ярашука 4 гадамі зняволення, Сяргея Антусевіча – 2 гадамі, Ірыну Бут-Гусаім пазбавілі свабоды на паўтара года. Менавіта такія тэрміны запытваў пракурор. Працэс вяла суддзя Валянціна Зянкевіч.

Актывістаў абвінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Ярашуку выставілі таксама абвінавачанне ў закліках да захадаў абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК). Усе яны цалкам прызналі віну.

Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч і Ірына Бут-Гусаім былі затрыманыя 19 красавіка. Тады ў іх адбыліся ператрусы на месцы працы і жыхарства, сканфіскавалі тэхніку. Іх затрымалі і змясцілі ў СІЗА, усіх прызналі палітычнымі вязнямі.

Ірына Бут-Гусаім у судзе.
Фота: БелТА

Аляксандр Ярашук публічна і адкрыта выступаў супраць увядзення жорсткіх санкцыяў у дачыненні Беларусі, праз што на яго нават абрынуліся з крытыкаю некаторыя апазіцыянеры, якія цяпер жывуць за межамі краіны.

Ярашук быў лідарам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які да ліквідацыі яднаў некалькі незалежных прафесійных саюзаў. У яго ўваходзілі Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў