З гаспадара БЧБ-хаты знялі арышт на пятыя содні сухой галадоўкі


Анатоль Каханчык, асуджаны на 25 содняў адміністратыўнага арышту за тое, што ён намаляваў на сваім доме белыя і чырвоныя палоскі, абвесціў у ІЧУ галадоўку. На пятыя содні мужчына пачуў сябе кепска. Адміністрацыя ізалятару зняла з Каханчыка арышт і выклікала яму «хуткую дапамогу». Пра гэта мужчына сам напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Анатоль Каханчык паведаміў пра стан свайго здароўя і зняцце арышту з лякарні:

«Усім вялікі дзякуй за падтрымку! Пішу са шпіталю. На 5 содні сухой галадоўкі ў Віцебскім ІЧУ пачаліся праблемы са здароўем. Ныркі, ціск узняўся да 220, спазмы, сутаргі, неверагодная слабасць (мне ўсё ж – 62 гады). Так як галадоўку спыніць я адмовіўся, адміністрацыя ІЧУ выклікала хуткую дапамогу і афіцыйна зняла з мяне арышт. Хуткая завезла ў шпіталь, дзе зараз я свабодны і паціху вастанаўліваюся».

Мужчына таксама распавёў у сваім допісе пра ўмовы ў Віцебскім ІЧУ, дзе ён апынуўся ўжо ў другі раз:

«Некалькі слоў пра Віцебскі ІЧУ. Што мяне здзівіла – ні за першую, а ні за другую адсідку я не пачуў аніводнага мацюга, ні ад «прадольных», ні ад дзяжурных. Ніхто на жасціў. Мянушка начальніка «Люты». Але справядлівы. Ўсе пытанні вырашалі адразу. Адзін вялікі мінус – кіпня не даюць. І яшчэ – ніхто не дадумаўся падсунуць мне, як гэта было ў іншым ІЧУ, рахунак за харчаванне, калі я нават вады не ўжываў».

Анатоль Каханчык выказаў спадзяванне сустрэць Новы год удома, а «не на новай галадоўцы, калі зноў затрымаюць».

Анатоля затрымалі 20 снежня, калі ён пайшоў у аддзяленне міліцыі па позве. На яго склалі пратакол паводле арт.24.23 КаАП РБ за нібыта незаконнае пікетаванне тым, што на ягонай хаце былі намаляваныя палосы белага і чырвонага колераў. Мужчыну асудзілі на 25 содняў арышту, пасля чаго ён адразу абвесціў сухую галадоўку.

Hавiны
Гаспадара БЧБ-хаты пакаралі 25 соднямі арышту
2021.12.21 18:17

Хату сваіх бацькоў у вёсцы Алешча Полацкага раёну Анатоль Каханчык размаляваў у белыя і чырвоныя колеры яшчэ летась. На вакне ён таксама павесіў герб «Пагоня». Сёлета ў лютым мужчыну ўжо судзілі за несанкцыянаваны пікет. Тады яму далі 7 содняў арышту, звольнілі з працы (мужчына працаваў на чыгунцы брыгадзірам дарожнай брыгады).

У лістападзе Каханчыка асудзілі на 15 содняў паводле арт.19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў – рэпосты артыкулаў TUT.BY і «Белсату».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў