«Мы мусім быць гатовы да ўсіх варыянтаў». Прадстаўнік ЗША пры АБСЕ пра расейскую агрэсію ў бок Украіны


Амбасадар і прадстаўнік ЗША пры АБСЕ Майкл Карпентэр распавёў у эфіры «Белсату» пра магчымую эскалацыю канфлікта на украінска-расейскай мяжы.

Дзяржаўны дэпартамент ЗША раіць сваім грамадзянам не ездзіць ва Украіну. Па-першае – праз ковід, а другое – «у сувязі з узмацненнем пагрозы з боку Расеі». Ці можа стаць рэальнасцю адкрыты ваенны канфлікт паміж Украінай і Расеяй?

«Мы да канца не ведаем, што будзе далей. Але тое, што мы пабачылі – гэта сцягванне расейскіх войскаў да мяжы з Украінай, а таксама тэхнікі, якую вельмі хутка могуць пачаць выкарыстоўваць для ваенных дзеянняў. Такім чынам мы не ведаем якія намеры ў Крамля і не можам з упэўненасцю прадказаць, што адбудзецца і калі. Відавочна, што гэта сітуацыя патрабуе пільнай увагі», – распавядае Карпентэр.

Таксама ён адзначыў, што цяпер амерыканскі бок вельмі занепакоены гэтай сітуацыяй, бо ёсць імавернасць паўторнага выбуху і чарговай эскалацыі ваенных дзеянняў: «На Усходзе Украіны ўжо і так ёсць расейскія сухаземныя войскі, якія штомесяц вядуць артылерыйскі агонь па ўкраінскіх пазіцыях. Гэта часта прыводзіць да таго, што ўкраінскі бок мае ахвяры, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва. Гэта можа прывесці да сур’езнага крызісу еўрапейскай бяспекі».

Hавiны
Расея працягнула сцягваць войскі да межаў Украіны і Беларусі. Танкі і артылерыю пабачылі са спадарожнікаў
2021.12.25 14:53

Майкл Карпентэр паведаміў, што ў сваю чаргу Захад рыхтуе вельмі сур’езныя беспрэцэдэнтныя сваімі маштабамі эканамічныя захады, а таксама іншыя формы рэагавання: палітычныя, дыпламатычныя, магчыма таксама некаторыя вайсковыя захады на выпадак таго, калі Расея наважыцца на паўторнае ўварвання і эскалацыю сітуацыі ва Украіне. «Мы мусім быць гатовы да ўсіх варыянтаў», – зазначыў ён.

«Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна дазволіла ЗША вельмі выразна данесці да расейскага боку тое, як мы ацэньваем сітуацыі і падкрэсліць адкрытасць да дыпламатыі і дыялогу. Цяпер расейскі бок павінен вырашыць, якім шляхам яму ісці: шляхам да эскалацыі ці абіраць іншы шлях.

Кіраўніцтва Крамля выкарыстоўвае ўсё больш агрэсіўную ваяўнічую рыторыку, пагражаючы Украіне і гаворачы, што Украіна нават не ёсць нацыянальнаю дзяржавай. Па баках украінска-расейскай мяжы назіраецца вельмі розная карціна. У АБСЕ была магчымасць вельмі адкрыта пагаварыць пра тое, як мы ацэньваем сітуацыі, даць расейскаму боку распавесці пра іх бачанне таго, што адбываецца, і, шчыра кажучы, гэта не адпавядае таму, што мы бачым на месцы», – кажа прадстаўнік ЗША пры АБСЕ.

Таксама Карпентэр распавёў, што ў назіральнікаў місіі АБСЕ ёсць праблемы з працаю на акупаваных тэрыторыях Украіны, калі ўзброеныя фармаванні, кантраляваныя Расеяй, замінаюць іх працы: яны зазнавалі ціск, а іх свабоду перасоўвання абмяжоўвалі.

Hавiны
Пуцін: калі НАТА не пачуе Расею, «ваенна-тэхнічны» адказ можа быць розным
2021.12.26 14:29

belsat.eu

Стужка навінаў