Расейская тэлевядоўца Ксенія Сабчак уцякла праз Беларусь у Літву ад затрымання на радзіме


У загарадны дом Ксеніі Сабчак ранкам 26 кастрычніка прыйшлі з ператрусам, але яе не затрымалі. Паводле шэрагу дзяржаўных і праўладных расейскіх крыніцаў, тэлевядоўца з’ехала праз Беларусь у Літву.

Ксенія Сабчак перад сустрэчай з Уладзімірам Пуціным пасля прэзідэнцкіх выбараў. 19 сакавіка 2018 года.
Фота: Kremlin.ru

Пра ад’езд Ксеніі Сабчак расказалі дзяржаўныя выданні ТАСС і «РИА Новости». Першае са спасылкай на сілавікоў расказвае, што на Сабчак была пастанова следчага аб затрыманні, але яна выехала з Масквы яшчэ ноччу ў аўторак. Яна, як сцвярджаецца, купіла авіяквіткі ў Дубай і ў Турэччыну, каб заблытаць сілавікоў, і паспяхова з’ехала па зямлі.

У сацсетках Сабчак пра ад’езд нічога няма – публікуюцца звычайныя навіны, нібы нічога не адбылося.

Выданне «Агентство» сцвярджае, што ў сераду Сабчак планавала запіс у студыі, але ў ноч на сераду запіс адмянілі, а супрацоўнікам праектаў Сабчак загадзя рэкамендавалі не ехаць у офіс.

Дзеянні супраць Сабчак, як сцвярджаюць дзяржаўныя медыі, звязаныя з крымінальнай справай аб вымаганні супраць камерцыйнага дырэктара медыяхолдынгу Сабчак Кірыла Суханава, затрыманага раней. Ягоная рэдакцыя называе абвінавачванне «трызненнем, смехам і нонсэнсам».

Расейская служба радыё «Свабода» нагадвае, што Сабчак з дзяцінства знаёмая з Уладзімірам Пуціным, які быў памочнікам ейнага бацькі – мэра Санкт-Пецярбургу, а маці Сабчак – сенатарка ад Тувы. У 2018 годзе Сабчак была кандыдаткай на прэзідэнцтва Расеі, адны лічылі яе апазіцыянеркай, іншыя – кандыдатам-«спойлерам», узгодненым з Крамлём. «Агентство» згадвае, што за апошнія месяцы некалькі праектаў Сабчак аказаліся звязанымі з крымінальнымі справамі, а справы аб «вымаганні» ўжо завялі на некалькі адміністратараў палітычных Telegram-каналаў.

Hавiны
«Расейскія дыпламаты спасавалі перад беларускімі вертухаямі». Сабчак жорстка выказалася пра сітуацыю з Сапегай
2021.05.27 08:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў