Галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» Венядзіктаў запісаў інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай


Расейскі журналіст і галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў запісаў гадзіннае інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай. Пра гэта ён паведамляе ў сваім тэлеграм-канале.

Размова павінна выйсці ў эфіры праграмы «Тузы» ў чацвер. Аднак ужо цяпер можна цалкам паслухаць гутарку на старонцы радыё «Эхо Москвы».

Аляксей Венядзіктаў.
Фота: РИА Новости

У інтэрв’ю Святлана Ціханоўская расказала пра тое, што не плануе балатавацца на прэзідэнцтва на новых выбарах: «У нас шмат вартых людзей, якія могуць узяць на сябе кіраўніцтва краінай. Таму мой адказ – не».

Таксама Ціханоўская выказалася пра эфектыўнасць заходніх санкцыяў супраць Лукашэнкі і ягонага атачэння:

«Яны [санкцыі] былі б нашмат больш эфектыўнымі, калі б прадстаўнікі рэжыму не маглі прыехаць і ўзяць крэдыты. Яны могуць. Таму давайце задамо пытанні прадстаўнікам Крамля: ці вартыя яны таго? <…> Трэба паказваць новага чалавека ва ўладзе, які будзе таксама паляпшаць нашыя гандлёвыя, эканамічныя адносіны з Расеяй. Я думаю, гэта будзе ўзаемавыгадная і адкрытая пазіцыя для ўсіх. Навошта ў Крамлі думаюць, што пасля Лукашэнкі ўсё будзе дрэнна? У нашых адносінах усё будзе яшчэ лепш».

Апроч гэтага Ціханоўская распавяла пра тое, ці можна было паступіць інакш падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў:

«Напэўна, па-іншаму нічога нельга было зрабіць. Мы рабілі… не хачу казаць слова «рэвалюцыя», але так і ёсць, зыходзячы з бягучых падзеяў. І, магчыма, адзінае, што мы недаацанілі ў той момант, – гэта неадэкватнасць улады. Я, шчыра кажучы, думала, я была ўпэўненая, што так званая ўлада ўбачыць сотні тысяч людзей на вуліцах і зразумее, што час ужо весці дыялог з беларусамі, не прымаць рашэнне недзе там наверсе, не ўтрымліваць уладу сілай, а ўбачыць волю народу. І прымаць рашэнні для людзей, а не для аднаго чалавека».

Таксама лідарка беларускай апазіцыі выказала дапушчэнне, што Пуцін мог бы быць мадэратарам дыялогу паміж ёй і Лукашэнкам, і назвала ўмовы для такога дыялогу: спыненне гвалту і вызвалення палітвязняў.

Увечары 25 кастрычніка Аляксей Венядзіктаў папрасіў на Facebook «падкінуць пытанняў» з улікам таго, што інтэрв’ю разлічваюць перадусім на расейскую аўдыторыю.

Hавiны
Расейскі радыёвядоўца Венядзіктаў папрасіў падкінуць пытанняў да інтэрв’ю з Ціханоўскай
2021.10.26 10:51

АД, belsat.eu

Стужка навінаў