«еЗдароўе» станецца офлайнавым і дапаможа падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў


Праз амаль паўтара года пасля запуску ініцыятывы «еЗдароўе» сузаснавальнік праекту, доктар Уладзімір Свіркоў распавёў «Белсату», што плануюць зрабіць бліжэйшым часам, а што пакуль не ўдалося.

«Цяпер у нас такая фаза, што мы думаем, куды і як ісці далей. Для пацыентаў гэта добра, бо кансультацыю можна аплочваць, а можна і не. Усё добраахвотна, але для медыкаў – складана, бо часу ідзе на гэта шмат, яго варта скампенсаваць, патрэбная нейкая іншая фінансавая мадэль», – прызнаецца доктар.

На сярэдзіну верасня на платформе «еЗдароўе» зарэгістраваныя каля 13 тысяч карыстальнікаў (пацыентаў) і 150 дактароў. Самыя запатрабаваныя адмыслоўцы – тэрапеўты, гінеколагі і педыятры, падчас ковіду – адпаведныя дактары.

«Спачатку мы ставілі мэту, каб усе рэпрэсаваныя медыкі атрымалі альтэрнатыўную працу, незалежную ад Міністэрства аховы здароўя. На гэты момант медыкі, якія ў нас працуюць, не могуць існаваць толькі за кошт данатаў на «еЗдароўе», – паведаміў суразмоўца.

Камерцыялізацыя праекту

Спадар Свіркоў прызнаўся, што ўтрымліваць праект у цяперашнім стане даволі складана. Кансультацыі дактароў аплочваюцца добраахвотна і пасля таго, як пацыент атрымаў дапамогу. Сэрвісы для беларусаў у Беларусі меліся быць бясплатнымі, але цяпер нават тыя, хто б хацеў аплаціць кансультацыю ў краіне, не можа гэтага зрабіць праз санкцыі.

Уладзімір Свіркоў. Фота прадставіў суразмоўца

«Па-першае, паводле статыстыкі, у нас недзе траціна кансультацыяў аплочваецца. Гэта ўсё дабравольна, і пацыент мае магчымасць не аплочваць. Па-другое з пачатку вайны ва Украіне шмат сэрвісаў наклалі санкцыі на Беларусь і шмат людзей з Беларусі не маюць магчымасці пераводзіць грошай. То бок плынь данатаў ад беларусаў у Беларусі цалкам спынілася», – паведаміў Уладзімір Свіркоў.

Hавiны
У мяне сімптомы COVID-19, а ў паліклініцы – калапс. Што рабіць? Парады «еЗдароўя»
2022.02.03 08:59

Доктар адзначыў, што на платформе, акрамя беларусаў, таксама рэгіструюцца расейцы і ўкраінцы:

«Мы не можам кантраляваць, адкуль прыходзяць карыстальнікі. Ідэя была, каб паслугі былі даступныя для беларусаў у Беларусі, але адсачыць гэта вельмі складана. Цяпер мы мяркуем, што палова пацыентаў – з Беларусі, палова – з-за яе межаў, і колькасць апошніх расце».

Свіркоў адзначыў: шмат якія ініцыятывы адчуваюць, што данатаў на беларускія праекты стала значна меней.

«Каб праект існаваў далей, мы будзем рухацца ў бок камерцыялізацыі, і аплата будзе абавязковаю. Гэта пакуль толькі праект, толькі канцэпт, бо яшчэ не ясна, як яно будзе існаваць. Хутчэй за ўсё, для беларусаў у Беларусі яно застанецца бясплатным праз знешнія чыннікі», – разважае Уладзімір Свіркоў.

Інтэрв’ю
Як працуе медыцына праз Skype? «еЗдароўе» мае ўжо псіхатэрапію, марыць пра пульт кіравання здароўем
2022.02.19 08:00

Медычная суполка

Цяпер праект часова спыніў рэкрутацыю медыкаў, хаця заяўкі «еЗдароўе» ўсцяж прымае.

«Дактары, якія працуюць з намі з самога пачатку, засталіся. Было шмат сумневаў на гэты конт, маўляў, спачатку людзі будуць працаваць за ідэю, але потым сітуацыя памяняецца. Аднак склалася іначай, нас удалося стварыць медычную супольнасць. Гэта вельмі істотна, што людзі адчулі, што яны патрэбныя нам, патрэбныя сваім пацыентам, адчулі павагу да сваёй прафесіі, да сябе як для спецыялістаў. Гэта для нас вялікая радасць», – падзяліўся сузаснавальнік праекту «еЗдароўе».

Ілюстрацыйны здымак:
Фота: АК / Белсат

Офлайнавы праект «еЗдароўе»

Цяпер арганізатары не ведаюць месца прабывання доктара, які супрацоўнічае з платформаю. Гэта было прадыктавана тым, што частка медыкаў застаецца ў Беларусі, і для іхнай бяспекі ўся інфармацыя пасля верыфікацыі нішчыцца. Цяпер жа распрацоўнікі маюць на думцы сабраць дактароў па-за краінай і зрабіць офлайнавую частку праекту. Усё ж асабістая сустрэча з адмыслоўцам больш карысная.

«Гэта вельмі істотны крок для нас. Мы сумуем тых медыкаў, што ў нас ужо ёсць на платформе, і будзем ладзіць апытанне, хто дзе і хто легалізаваўся. І з тымі, хто можа ладзіць сваю медычную дзейнасць легальна, будзем рабіць сетку дактароў. Яны не будуць ананімныя, а працаваць як адзінкі», – патлумачыў Уладзімір Свіркоў.

Хутчэй за ўсё, офлайнавая частка праекту будзе звязаная з праектам By_Mapka, дзе збіраецца інфармацыя пра іншыя сэрвісы беларусаў замежжа.

Паводле спадара Свіркова, дату новага этапу праекту назваць складана, але гаворка пра тэрміны, меншыя за год:

«Першыя адкрытыя медыкі ў нас могуць з’явіцца да канца гэтага года. Я на гэта вельмі спадзяюся. Найперш такія лекары з’явяцца ў Польшчы, бо там нас шмат. Потым у Вільні і, мабыць, дактары з Нямеччыны ды Італіі. Я вельмі спадзяюся, што мы знойдзем кантакт з медыкамі Іспаніі ды Партугаліі».

Ілюстрацыйны здымак: Фота Andy Dean / imageBROKER / Forum

Доктар як падтрыманне ці ў падарунак

Уладзімір Свіркоў распавёў, што арганізатары праекту маюць на думцы зарганізаваць перадаплату кансультацыяў. Гэта дазволіць асобам з-за мяжы падтрымліваць не толькі сваякоў на радзіме, але і аплочваць працу медыкаў.

«Мы стоадсоткава не будзем адкідваць пацыентаў у Беларусі. Гэта нават не стаіць як пытанне. Я ў гэтым перакананы», – падкрэсліў суразмоўца.

Доктар распавёў, што такая практыка ў «еЗдароўе» ўжо была як асобны праект, калі людзям аплочвалі адмыслоўцаў загадзя. Засталося толькі прыдумаць, як гэты досвед прымяніць у большых маштабах:

«Гэта пасуе нашай канцэпцыі пра дасяжную медыцыну для беларусаў, але для дактароў гэта будзе добрая практыка. Напрыклад, хтосьці можа аплаціць адмыслоўца сваім сваякам у Беларусі. Альбо ў чэку з’явіцца магчымасць пераадрасаваць плацеж, альбо чалавек загадзя плаціць за кансультацыю, атрымлівае код і дасылае сваяку як талончык да доктара. Каб трапіць на кансультацыю, трэба будзе ўвесці гэты код, пасля чаго ён нішчыцца – так мы зразумеем, што аплочаная кансультацыя адбылася».

Артыкулы
еЗдароўе – праца для звольненых дактароў і бясплатныя кансультацыі беларусам
2021.06.27 10:29

Марыя Мурашка belsat.eu

Стужка навінаў