Надзявалі на галаву пакет і збівалі дручком. Стрыечны брат Паўла Латушкі распавёў пра сваё затрыманне


Прыгавораны да 6 гадоў калоніі Анатоль Латушка, стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі, расказаў на судзе падрабязнасці збіцця сілавікамі падчас затрымання. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Анатоль Латушка.
Фота: «Вясна» / Telegram

Праваабаронцы паведамляюць, што ў матэрыялах справы ёсць інфармацыя пра нанясенне Анатолю Латушку цялесных пашкоджанняў міліцыянтамі ў будынку Цэнтральнага РУУС 31 студзеня 2022 года, адразу пасля затрымання – паблізу дому 31 студзеня каля 1:00 уначы.

У пастарунку сілавікі надзявалі палітычнаму вязню на галаву поліэтыленавы пакет, пагражалі дручком і збівалі для атрымання нейкіх звестак, пра якія Анатоль нічога не ведаў. Пасля мужчына пагадзіўся казаць тое, што ад яго патрабавалі міліцыянты, і сілы да яго больш не ўжывалі.

«Правялі на чацвёрты паверх у адзін з кабінетаў, далей пачалі размаўляць супрацоўнікі, якія там былі. Супрацоўнік надзяваў мне два разы на галаву поліэтыленавы пакет, пры гэтым яны тлумачылі, што хочуць атрымаць ад мяне нейкія звесткі, якіх я сам не ведаў. Нехта з супрацоўнікаў узяў у рукі дручок, пачаў пагражаць ёй. […] Пра ўдары нейкія, не менш за 50 разоў…» – зачытаў паказанні Анатоля Латушкі суддзя Дзмітрый Карсюк.

Далей Анатоль дадаў: «Ад таго, што на мяне фізічна ціснуць, я пагадзіўся даваць паказанні, якія мне сказалі супрацоўнікі міліцыі. Пры гэтым па факце я названых злачынстваў не ўчыняў. У далейшым, калі я пачаў даваць паказанні, фізічнай сілы да мяне таксама супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі».

Таксама на судзе агучылі інфармацыю з медычных дакументаў СІЗА № 1 ад 2 лютага, паводле якіх у Анатоля зафіксавалі шырокія гематомы ягадзічнай вобласці з абодвух бакоў, задняй, унутранай і вонкавай паверхні сцёгнаў з абодвух бакоў, якія ўтварыліся ад «кантакту з цвёрдым тупым прадметам». Пры гэтым вызначыць даўнасць гематомаў і колькасць траўматычных уздзеянняў не ўяўлялася магчымым. Латушка на судзе патлумачыў, што гематомы ўтварыліся ад удараў дручкоў міліцыянтамі.

Вядома, што палітычны вязень падаваў заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць міліцыянтаў, якія яго збівалі. Аднак у заяве суд адмовіў яшчэ 24 красавіка.

Суд над Анатолем Латушкам, Аленаю Маліноўскай і Ліліяй Ананян.
Фота: spring96.org

Нагадаем, што суд Цэнтральнага раёну Менску 20 верасня прыгаварыў Анатоля Латушку да 6 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу памерам 300 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ў наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), арт. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»), ч. 2 арт. 339 («Хуліганства, учыненае групай асобаў»), арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках»).

Яшчэ дзвюм фігуранткам справы – Алене Маліноўскай і Ліліі Ананян – суддзя Дзмітрый Карсюк прызначыў 4 гады калоніі ды 5 гадоў «хатняй хіміі» адпаведна.

Артыкулы
Латушка пра пераслед сям’і: Гэта даволі моцны ціск, але ён ніяк не ўплывае на маю дзейнасць
2022.02.01 13:57

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў