Франак Вячорка: Цалкам верагодна, што Вагнэр у бліжэйшыя тыдні растворыцца


Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў Белсату, што Аб’яднаны пераходны кабінет робіць, каб Літва, Польшча і Латвія не закрывалі межы з Беларуссю для пасажырскіх перавозак.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Вільня, Літва. 9 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Франак Вячорка зазначае, што смерць Прыгожына шмат што змяняе, у тым ліку, і рызыкі, звязаныя з прысутнасцю ў Беларусі ПВК Вагнэра і іх уплыў на пытанне закрыцця мяжы з Еўразвязам.

На мінулым тыдні офіс Святланы Ціханоўскай правёў кансультацыі з урадам і парламентам Літвы. Кіраўнік НАУ Павел Латушка працуе па пытаннях закрыцця межаў з Беларуссю з урадам Польшчы, зазначае Вячорка.

«Яны ведаюць нашую пазіцыю, што трэба ізаляваць рэжым, што калі ўводзіць абмежаванні, гэта павінны быць гандлёвыя эмбарга і забарона транзіту праз тэрыторыю Беларусі, але гэта не павінна быць абмежаванне для пасажырскіх перавозак, таму што пацярпяць найперш тыя, хто змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, – кажа дарадца Ціханоўскай. – Кабінет прыняў заяву, гэтыя лісты былі разасланыя ў міністэрствы Літвы, Латвіі і Польшчы з пазіцыяй, а таксама з канкрэтнымі рэкамендацыямі, якім чынам у цяперашняй сітуацыі дзейнічаць».

Аналітыка
Эскалацыйны статус-кво. Якія наступствы будзе мець гібель Прыгожына для Беларусі
2023.08.24 19:21

На наступным тыдні ў Літве, Польшчы і Латвіі адбудуцца сустрэчы Міністэрстваў унутраных справаў і розных камітэтаў з мэтай абмеркавання цяперашняй сітуацыі ў Беларусі і пытання закрыцця межаў.

«У Літве абмяркоўваць пытанні закрыцця мяжы і абмежаванняў для Беларусі будуць супольна ажно тры камітэты, – кажа Вячорка. – Мы зараз перадалі ім сваю пазіцыю, і будзем рабіць усё, каб любыя абмежаванні, любыя захады, якія будуць прымацца, былі з улікам новай сітуацыі і інтарэсаў беларусаў. А інтарэсы беларусаў у тым, каб не закрываць магчымасці мабільнасці для людзей. Каб візы працягвалі выдавацца, каб мяжа для пасажырскіх перавозак заставалася адкрытай, каб беларусы, якія выехалі праз рэпрэсіі, пачувалі сябе ў бяспецы. Гэта тая павестка, з якой мы ідзем на гэтыя сустрэчы ў Літве, Польшчы і іншых краінах».

Франак Вячорка зазначае, што сітуацыя з Вагнэрам развіваецца і змяняецца, і цалкам магчыма, што неўзабаве ПВК ужо не будзе ўяўляць сабой былой пагрозы.

«Вельмі верагодна, што Вагнэр у бліжэйшыя некалькі тыдняў растворыцца і ўвогуле не будзе ўяўляць з сябе адну цэльную сілу, – мяркуе дарадца Ціханоўскай. – Магчыма, Лукашэнка паспрабуе інтэграваць іх у свае сілавыя структуры, але тыя пагрозы, пра якія казалі нашыя партнёры, ад Вагнэра як баявой ваеннай адзінкі, могуць быць нівеляваныя ўжо ў бліжэйшы час, што, канешне, добра і для беларускага грамадства, і для нашых суседзяў».

18 жніўня літоўскія ўлады закрылі памежныя пераходы «Шумскас – Лоша» і «Твярачус – Відзы», а цяпер МУС Літвы разглядае магчымасць закрыць дадатковыя кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю. Пра магчымае закрыццё межаў выказваліся таксама Польша і Латвія, і адной з галоўных прычын такога кроку называлі прысутнасць у Беларусі наймітаў ПВК Вагнэра.

Hавiны
Прэм’ер Польшчы і прэзідэнт Літвы: Пасля смерці Прыгожына пагроза ад вагнэраўцаў застаецца
2023.08.24 19:04

На думку літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы смерць Прыгожына мала што мяняе, і пагроза ад вагнэраўцаў застаецца. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі лічыць, што кантраляваць вагнэраўцаў зараз будзе непасрэдна Пуцін, што робіць іх нават больш небяспечнымі.

Агляд
Польшча і Літва абмяркоўваюць магчымасць закрыцця межаў з Беларуссю. Спыталі ў беларусаў, як яны да гэтага ставяцца
2023.08.18 18:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў