«Дзяцюк, які не разумее ў палітыцы». Лукашэнка пакрыўдзіўся на Шольца, які сказаў, што Пуцін хоча захапіць Беларусь


Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня пракаментаваў нядаўнія заявы канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца пра ягоную размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, які заявіў, што не прызнае незалежнасці Беларусі і Украіны.

Лукашэнка 26 жніўня.
Фота: president.gov.by

«Паверце, мая рэакцыя (вы яе павінны запомніць) – гэта дзяцюк. Шольц – гэта дзяцюк, які нічога не разумее і разумець не хоча у палітыцы», – сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, такія размовы паміж двума кіраўнікамі дзяржаў носяць абсалютна закрыты характар, і абнародаваць іх можна «толькі са згоды чалавека на тым канцы провада». На думку Лукашэнкі «піярыўся перад журналістамі» размовай з Пуціным і французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон.

Датычна ж зместу размовы Шольца і Пуціна Лукашэнка сказаў, што на гэта нават не звяртае ўвагі, бо такіх фэйкаў ужо наслухаўся. А ў Пуціна нібыта «іншы пункт гледжання».

«Не звяртайце ўвагі на балбатню гэтага дзецюка. Ён крышку пасталее, калі немцы яго не выганяць, і зразумее, што ён балбатун. Вось і ўсё», – заявіў Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка заявіў, што беларускія бамбавікі Су-24 гатовыя несці ядравую зброю
2022.08.26 14:40

Оляф Шольц распавёў нямецкаму тэлеканалу «Welt», што размаўляў з Пуціным перад самым пачаткам вайны. Той заявіў яму, што Беларусь і Украіна не павінны быць незалежнымі дзяржавамі.

Таксама Оляф Шольц абвінаваціў Пуціна ў нападзе на Украіну з «цалкам абсурдных» прычынаў, «з намерам заваяваць суседнюю краіну».

«Гэта вайна, якую Пуцін, Расея пачала з відавочным намерам заваяваць суседнюю краіну – я думаю, што гэта было першапачатковай мэтай», – падкрэсліў Шольц.

Таксама канцлер Нямеччыны распавёў, што напярэдадні вайны спрабаваў пераканаць Пуціна ў тым, што NATO не вораг Расеі, і запэўніў яго, што ўступленне Украіны ў Альянс не адбудзецца «ў найбліжэйшыя 30 гадоў».

«У Пуціна сапраўды была ідэя правесці фламастарам па еўрапейскім ландшафце, а затым сказаць: «Гэта маё, а гэта ваша», – сказаў канцлер і дадаў: «Гэта так не працуе».

Таксама Шольц заявіў, што не будзе спыняць дыялогу з Пуціным.

Hавiны
Шольц размаўляў з Пуціным перад вайной. Пуцін тады заявіў, што Беларусь і Украіна не павінны быць незалежнымі дзяржавамі
2022.08.21 21:04

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў