На сілавікоў не будуць заводзіць справы за гвалт, бацька Калеснікавай пабачыў дачку. Галоўнае за дзень


Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі працягваецца 382 дні. Улады працягваюць наступ на грамадзянскую супольнасць. Беларусы ў сваю чаргу патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і пакаранне адказных за фальсіфікацыі і гвалт у краіне. «Белсат» падводзіць вынікі дня.

Пакарання за гвалт пакуль не будзе

Прэсавая служба СК паведамляе, што следчыя нібыта старанна вывучылі довады грамадзянаў, якія пацярпелі ад гвалту сілавікоў падчас акцыяў пратэсту летась. Пры гэтым следчыя прызнаюць, што сілавікі ўжывалі фізічную сілу. Але нібыта такія захады зробленыя ў адпаведнасці з заканадаўствам. Фізічны гвалт і здзекі, паводле СК, з’яўляўся суразмерным абставінам і, «ўжываліся з намерам прычынення найменшага шкоды».

«Распаўсюджаныя асобнымі, у наступным прызнанымі экстрэмісцкімі, тэлеграм-каналамі заявы аб нібыта наяўных перавышэннях службовых паўнамоцтваў, якія выявіліся ў катаваннях, сексуальных здзеках, свайго абʼектыўнага пацверджання не знайшлі, у тым ліку гэта вынікае і з тлумачэнняў саміх заяўнікаў», – паведамляе СК.

Беларусы выйшлі на акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. У сталіцы няма сувязі, цэнтр гораду ачэплены вайскоўцамі, мірных пратэстаўцаў брутальна разганяюць. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

СК таксама паведамляе, што з заявамі пра гвалт і катаванні сілавікоў звярнуліся 680 грамадзянаў. Але, паводле следчых, гэтыя заявы людзі накіравалі дзеля таго, каб потым выехаць у краіны Еўразвязу.

«Задакументаваны факт звароту выкарыстоўваўся, як фіктыўны інструмент для атрымання «палітычнага прытулку» у іншых краінах».

Па выніках правярання СК вынес пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы.

Раней Лукашэнка прапанаваў перагарнуць «старонку са збіццём» грамадзянаў, а пазней наагул стаў адмаўляць факт гвалту на вуліцах гарадоў. Маўляў, людзі самыя размалёўвалі сябе фарбай.

Артыкулы
Следчы камітэт не пабачыў злачынства ў жорсткім збіцці грамадзянаў падчас леташніх падзеяў
2021.08.26 17:30

Шэйман з новым іміджам з’явіўся на прыёме ў Лукашэнкі

Віктар Шэйман зʼявіўся ў Палацы незалежнасці з дакладам перад Лукашэнкам пра выкананне ягоных даручэнняў. Падчас сустрэчы вялося пра вынікі паездкі былога кіраўніка справамі прэзідэнта ў Лацінскую Амерыку ды іншыя пытанні.

Адметна, што Віктар Шэйман пагаліў вусы, якія насіў з 1990-х гадоў.

Віктар Шэйман.
Фота: Пул первого / Telegram
Hавiны
Новае расследаванне «ByPol» датычыць прыватнай вайсковай установы і Віктара Шэймана
2021.08.24 16:44

Бацька Марыі Калеснікавай упершыню за год убачыў дачку

Аляксандру Калеснікаву ўдалося пабачыць сваю дачку ўпершыню за год. Суд над Марыяй распачаўся 4 жніўня, але патрапіць на паседжанне не могуць нават родныя, паколькі суд адбываецца ў закрытым рэжыме. Аляксандр Калеснікаў падчас судовых паседжанняў прыходзіць да будынку суда з кветкамі. Але нечакана яго выклікалі ў суд.

Падрабязнасцяў яго ўдзелу ў працэсе няма, бо дзейнічае падпіска аб неразгалошванні.

Паводле словаў Аляксандра Калеснікава, самаадчуванне і настрой у Марыі добрыя, яна засталася такой жа яскравай і паказала яму сваё традыцыйнае сэрцайка.

Артыкулы
Бацька Марыі Калеснікавай упершыню за год убачыў сваю дачку
2021.08.26 22:08

Эксперты пацвердзілі голас Караева

На запісах, што размясціў «ByPol» у сакавіку 2021 года і снежні 2020-га, беларусаў называюць «тлустымі абывацелямі», а сілавікам ідзе загад «прыбіраць» тых, хто пагражае сілавікам або чыноўнікам. Паводле інфармацыі ад ініцыятывы, на аўдыязапісах – голас былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева.

фота: mvd.gov.by

На другім аўдыязапісе, меркавана, Юрый Караеў называе Сяргея Ціханоўскага «стварэннем» і шкадуе, што яго позна пасадзілі: «Няма на яго артыкулу – трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!»

«Прававая ініцыятыва» замовіла фанаскапічнае даследаванне аўдыязапісаў. Незалежная экспертыза «ГлавЭксперт» пасля працы спецыяліста Элы Баргаякавай выявіла, што голас на аўдыязапісах адзін і той жа, што і ў арыгінальным інтэрв’ю Караева на тэлебачанні. Таму гэта сапраўды Юрый Караеў. Прыкметаў мантажу на аўдыязапісах няма.

Па выніках экспертызы «Прававая ініцыятыва» зрабіла высновы, паводле якіх справу супраць Сяргея Ціханоўскага рыхтавалі на найвышэйшым дзяржаўным узроўні з прыцягненнем МУС і КДБ, а таксама былі моцна выматаныя 9–13 жніўня 2020-га, таму ўзялі перадышку, каб перагрупавацца.

Hавiны
Караеў: «Беларускі народ тупаваты і недалёкі ў сваёй большасці»
2021.03.04 10:30

Працяг знішчэння грамадзянскай супольнасці

Улады распачалі працэс аб ліквідацыі легендарнай краязнаўчай арганізацыі «Талака», паведамляе «Штодзень».

За гады існавання краязнаўчай арганізацыі з яе шэрагаў выйшлі дзясяткі вядомых беларусаў. Сярод іх – лідар гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі, бард і музыка Зміцер Вінаградаў, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў ды іншыя.

Арганізацыя адраджала старадаўнія беларускія народныя абрады, збірала фальклор і рэканструявала аўтэнтычныя святы.

Святкаванне “Гукання вясны” ў Гомлі. 3 красавіка 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Паводле пастановы гарадзенскага суда, заснавальнікаў абавяжуць да 30 лістапада зліквідаваць арганізацыю «Гродна Лайф Медыя», паведамляе hrodna.life.

Суддзя Марына Рослік разглядзела справу без заснавальнікаў ТАА «Гродна Лайф Медыя».

У рэдакцыі «Hrodna.life». Горадня, Беларусь. 7 ліпеня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Налета ў Беларусі зноў падвысяць пенсійны ўзрост

У 2022 годзе плануюць чарговае павышэнне пенсійнага ўзросту, якое пачалося ў 2017-м. Мужчыны змогуць пайсці на пенсію з 63 гадоў, жанчыны – з 58, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Сёлета пенсійны ўзрост для мужчынаў складзе 62,5 года, для жанчын – 57,5 года.

Для прызначэння працоўнай пенсіі паводле ўзросту і за выслугу гадоў налета трэба будзе мець страхавы стаж 18,5 года. У гэты стаж уваходзіць толькі той час, калі чалавек працаваў і працадаўца плаціў за яго страхавыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Калі ўсё пойдзе паводле планаў Мінпрацы, то ў 2025-м такі стаж дарасце да 20 гадоў.

Раней чыноўнікі абмяркоўвалі далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту пасля 2022 года, але ішлося толькі пра жанчын. Павысіць пенсійны ўзрост раілі і ў МВФ.

Аб’ектыў
Пенсіі і заробкі змяншаюцца, інфляцыя – расце
2021.08.27 00:19

СК belsat.eu

Стужка навінаў