Ад працаўнікоў «Горадня Азот» патрабуюць здаваць карты паляка ў КДБ


Уладальнікаў карты паляка, якія працуюць на «Горадня Азот» выклікаюць і прымушаюць адмовіцца ад дакументу. Людзям прапануюць аддаць карту працаўнікам КДБ, піша Наша Ніва».

Карта паляка.
Фота: belsat.eu

На прадпрыемстве «Горадня Азот» распачалася чарговая хваля ціску на ўладальнікаў карты паляка. Людзей, ад якіх раней патрабавалі адмовіцца ад дакументу, выклікаюць і ўдакладняюць, ці яны выканалі патрабаванне. Пра такія паўторныя выпадкі выклікаў стала вядома ад пачатку лета.

«На слова не вераць, патрабуюць прынесці доказы, дзе будзе пазначана, што ты хадзіў у консульства і зрабіў усё афіцыйна. Калі ніякіх доказаў няма, то робяць апошняе папярэджанне і прапануюць здаць карту непасрэдна ім у рукі. Наколькі вядома, некаторыя пасля чарговых пагроз быць звольненымі пагаджаюцца на такі варыянт», – распавядаюць гарадзенцы.

Паводле некаторых звестак, больш за дзясятак працаўнікоў прадпрыемства ўжо здалі такім чынам свае карты паляка.

Раней праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў, што беларусаў, якія маюць карту паляка, падчас перакрочвання мяжы памежнікі адпраўляюць на размову з супрацоўнікамі КДБ, якія прапануюць «добраахвотна» адмовіцца ад дакументу, напісаўшы заяву на імя польскага консула проста на мяжы.

Калі чалавек адмаўляецца гэта рабіць – яму пагражаюць адміністрацыйным арыштам.

Праваабаронцам вядома пра дзясятак такіх выпадкаў на беларускай мяжы. Гэта – як мінімум.

Каментар
«Гэтаму няма апраўдання». МЗС Польшчы пракаментавала ціск на ўладальнікаў карты паляка ў Беларусі
2023.07.08 13:18

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў