Хроніка рэпрэсіяў супраць беларускага народу за 26 траўня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу, здзейсненыя 26 траўня.

  • Затрыманы журналіст Алесь Любянчук

Любенчука забралі з вёскі Крывічы Івейскага раёну, дзе ён жыў апошнім часам. Увечары стала вядома, што Алесь затрыманы па крымінальнай справе і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Менску.

  • Візажыстку Вольгу Томіну пакаралі 2 гадамі калоніі

Вядомая беларуская візажыстка Вольга Томіна трапіла пад пераслед за ўдзел у мірных пратэстах 2020 году. Яе прызналі вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх»). Вырак вынесла суддзя Ленінскага суду Менску Юлія Шут.

  • Затрыманне бацькоў Маргарыты Ляўчук і ператрус ў Андрэя Павука

Ранкам сілавікі затрымалі бацькоў спявачкі Маргарыты Ляўчук у яе роднай вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёну. Бацькоў асудзілі за «непадпарадкаванне міліцыі» і аштрафавалі на суму, якая эквівалентная $4 тысячам. Увечары іх адпусцілі.

Таксама сілавікі зладзілі ператрус у кватэры блогера Андрэя Павука. Былая жонка Павука паведаміла, што іхную кватэру фактычна разграмілі.

Нагадаем, у лютым стала вядома, што Маргарыту Ляўчук абвесцілі ў вышук як абвінавачаную ў справе пра «здзек з дзяржаўных сімвалаў». Таксама ў вышук трапіў ейны партнёр з дуэту «Красная зелень» Андрэй Павук.

  • Два гады калоніі за каментар у Instagram пасля пачатку вайны ва Украіне

Паводле праваабаронцаў, 25 траўня ў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна пакараў 2 гадамі калоніі Ігара Фёдарава. Яго прызналі вінаватым у тым, што 24 лютага 2022 года ён пакінуў каментар у сторыз Instagram, дзе негатыўна ацэньваў Лукашэнку. У сваім допісе Фёдараў абураўся тым, што Беларусь стала саўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны.

  • «Хімія» і «Хатняя хімія» за пратэсты 2020 году

Суд Ленінскага раёна Менску 26 траўня вынес прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага Станіслава Рачыцкага: за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года яго пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі».

Таксама стала вядома, што суд Маскоўскага раёну асудзіў да трох гадоў «хіміі» 34-гадовага Руслана Ксёнжыка. Яго пераследавалі за жнівеньскія пратэсты 2020 года.

Рачыцкі і Ксёнжык да суду ўтрымліваліся ў СІЗА і былі вызвалены з-пад варты пасля вынясення выраку.

  • Новыя затрыманні за падзеі 2020 году

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне Алега Шэргілашвілі і Мікіты Скотнікава.

Алега абвінавачваюць у тым, што ён дасылаў паведамленні пра акцыі пратэсту ў чат-бот Nexta, а Мікіту – што ён прыязджаў з Полацку на акцыі пратэсту ў Менску, дзе нібыта перакрываў рух транспарту. На Мікіту завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт 342 Крымінальнага кодэксу.

  • Стала вядома, у чым абвінавачваюць журналіста Андрэя Кузнечыка

Кузнечыка абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»). Яму пагражае да 7 гадоў зняволення. Справу будзе разглядаць Магілёўскі абласны суд.

  • У Жлобіне затрымалі актывістку «Матчынага руху-328»

Ліяну Шубу арыштавалі на 15 содняў па адміністратыўнай справе. Падрабязнасці пакуль невядомыя.

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў