Самалёт «Белавіі» кружляў над Берасцейшчынай. Польшча растлумачыла, што гэта было


Рэйс B2869 авіякампаніі «Белавія» з Менску ў Барсэлону вылецеў 26 траўня ў 13:30, а 14-й гадзіне амаль даляцеў да мяжы з Польшчаю, развярнуўся і стаў рабіць кругі паміж Пружанамі і Слонімам. У 15:46 самалёт сеў у Менску.

Рэйс B2869 авіякампаніі «Белавія» кружляў над Берасцейшчынай, 26 траўня 2021 года. Скрыншот: Flightradar24

Падобныя аперацыі самалёты часам робяць, каб скінуць паліва перад рызыкоўнай пасадкай.

«Белавія» і польскі бок пакуль ніяк не каментуюць прычынаў дзіўнага маршруту. Толькі расейскае «РИА Новости» сцвярджае, нібыта «польскі рэгулятар заявіў, што борт не быў дапушчаны ў польскае неба». Пры тым іншы самалёт «Белавіі», рэйс B2895 з Менску ў Варшаву перасек польскую мяжу ў 14:53 без зменаў маршруту.

Абноўлена. Прэс-сакратарка польскага Упраўлення грамадзянскай авіяцыі Карына Лісоўская заявіла «Белсату»:

«Праблема не ў Польшчы. Рэйс Менск – Барсэлона не прапусціла Францыя, якая адмовілася даць дазвол на пралёт над сваёй тэрыторыяй. Іншыя рэйсы адбыліся згодна з раскладам.

Напрыклад, самалёт Менск – Варшава сёння нармальна прыляцеў і паляцеў назад. Перад кожным палётам ствараецца план, паводле яго трэба на мяжы кожнай краіны прасіць дазвол. Яны атрымалі адказ ад Францыі, што яго не прапусцяць, таму кружляў і вярнуўся дадому».

Абноўлена. Толькі пасля 18 гадзін «Белавія» апублікавала тлумачэнне: заявіла, што за тры хвіліны да ўзлёту авіяцыйныя ўлады Францыі дэактывавалі план палёту без паведамлення авіякампаніі. Паведамленне перадалі экіпажу ўжо ў небе праз Упраўленне паветранага руху Польшчы. Спробы змяніць маршрут, пакуль самалёт быў у небе, не далі плёну. «Белавія» заяўляе, што ранейшая забарона Францыі не ўключала пралёт праз паветраную прастору, а новая забарона паступіла толькі ў 15.16. На борце самалёта былі 54 пасажыры.

Ні Польшча, ні Іспанія не закрывалі свайго неба для палётаў «Белавіі», хоць так зрабілі Францыя і Вялікая Брытанія пасля інцыдэнту з захопам Беларуссю самалёта «Ryanair». Польшча толькі рэкамендавала пазбягаць менскага аэрапорту.

Абнаўляецца
Францыя і Вялікая Брытанія забаранілі палёты «Белавіі», Украіна спыніла авіязлучэнне. І гэта яшчэ не ўсё
2021.05.25 10:51

Тым часам у небе над Літвой лётаюць два амерыканскія ваенна-транспартныя самалёты Beech RC-12X Guardrail. Абодва вылецелі з Шаўляй пасля 14:30.

26 траўня самалёт «Air France» не змог паляцець з Парыжу ў Маскву. Прэс-сакратар «Air France» паведаміў «Белсату», што рэйс перанеслі на 27 траўня, бо расейскія ўлады не далі дазволу на ўваход у іх паветраную прастору праз новы маршрут у аблёт Беларусі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў