Нямеччына асудзіла відэа з «прызнаннем палоннага» Пратасевіча


Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы апублікавалі 24 траўня відэа з затрыманым журналістам Раманам Пратасевічам, дзе ён кажа, што нібыта дае «прызнальныя паказанні», пры тым на ім бачныя сляды пабояў. Гэта абурыла нямецкі ўрад.

Hавiны
Маці Рамана Пратасевіча: Выглядае, што яму паламалі нос і выбілі зубы
2021.05.25 13:29

У Берліне катэгарычна асудзілі і вымушаную пасадку рэйсу «Ryanair» у Менску, і затрыманне пасажыра таго самалёта – журналіста Рамана Пратасевіча, перадае «Deutsche Welle». Афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфан Зайбэрт на прэс-канферэнцыі 26 траўня згадаў і відэа з так званымі прызнаннямі Пратасевіча.

Паводле Зайбэрта, Берлін асуджае «агідны прыём беларускіх уладаў – прадстаўляць грамадскасці сваіх палонных, нібыта якія робяць прызнанні, з загрымаванага слядамі збіцця і жорсткага абыходжання».

Таксама Зайбэрт нагадаў, што канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і іншыя кіраўнікі краінаў Еўразвязу раней «недвухсэнсоўна і ясна адрэагавалі на гэтае сапраўды беспрэцэдэнтнае здарэнне з вымушанай пасадкай самалёта і выкраданнем крытычна настроенага журналіста і яго сяброўкі».

Hавiны
«Ганебны напад на іншадумства». Байдэн – пра захоп рэйсу «Ryanair» і арышт Пратасевіча
2021.05.25 09:22

23 траўня самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю аб «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. У Менску затрымалі прынамсі двух пасажыраў: блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Сафію Сапегу. Астатніх пасажыраў адпусцілі пад вечар. Гендырэктар «Ryanair» назваў перанакіраванне самалёта ў Менск «дзяржаўным пірацтвам», прэм’ер-міністр Польшчы – «дзяржаўным тэрарызмам».

Да Пратасевіча не пускаюць адваката. Сапегу падазраюць у «арганізацыі масавых беспарадкаў», арыштавалі на два месяцы.

24 траўня Саміт Еўразвязу прыняў рашэнне забараніць беларускім авіякампаніям палёты ў Еўразвяз. Рашэнне можа набыць моц, калі яго зацвердзяць на ўзроўні еўрапейскіх міністраў. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі склікае 27 траўня тэрміновае паседжанне праз сітуацыю ў Беларусі.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў