Былы працаўнік СБУ распавёў, у чым была складанасць падрыву А-50 у Мачулішчах


Вайсковы эксперт, былы працаўнік Службы бяспекі Украіны Іван Ступак у каментары «Белсату» распавёў пра цяжкасці, якія маглі быць звязаныя з падрывам у Беларусі расейскага самалёту А-50. Гэтак ён пракаментаваў заяву дзейнага кіраўніка СБУ пра датычнасці арганізацыі да дыверсіі.

Выведка беларускіх партызанаў перад дыверсіяй у Мачулішчах.
Фота: «ByPol» / YouTube

Іван Ступак адзначыў, што не ведае, чый удзел у дыверсіі на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах – «BYPOL» ці СБУ – быў большым. Але сама аперацыя, паводле яго, была складанаю. Эксперт падкрэсліў, што ў Беларусі сур’ёзны дыктатарскі рэжым, «дзесьці вельмі сур’ёзна» працуе КДБ. У краіне невялікае насельніцтва – «згубіцца там цяжка».

«Таму такія аперацыі вельмі навідавоку, вельмі ўразлівыя», – падкрэсліў Ступак.

Эксперт нагадаў, што беларуска-ўкраінская мяжа не проста закрытая, але і ўзмоцненая – прыехаць ці прайсці няпроста. А пры гэтым неабходна было перамясціць «нейкі груз» для гэтай аперацыі.

«Гэты беспілотнік. Або па частках яго прывезці, неяк з краінаў Балтыі. Або з Расейскай Федэрацыі прывезці. Мы не ведаем, як ён прыехаў туды. Або праз лес. Лопасць за лопасцю. Выбухоўка была перанесена. Людзі прайшлі. Каб памежнікі беларускія не заўважылі», – заявіў Ступак.

Таксама, дадаў ён, важна было б, каб ужо ў Беларусі правядзенне аперацыі не высачылі сілавікі ці «не данеслі мясцовыя жыхары».

Апроч таго, было немагчыма проста прыехаць, падарваць расейскі вайсковы самалёт і адразу з’ехаць за мяжу.

«Гэта была аперацыя. Спачатку разведаць месца, адкуль увогуле можна запускаць. Дзе яно бяспечнае. Каб мала людзей там было. Каб з дарогі не праглядалася», – сказаў эксперт.

Паводле Ступака, таксама трэба было б прыдумаць легенду, якая б не выклікала пытанняў у мясцовых жыхароў, якія б раптам маглі стаць сведкамі падрыхтоўкі правядзення аперацыі.

«Пасля трэба зрабіць рэкагнасцыроўку. Падняць дрон і паглядзець, што ўвогуле знаходзіцца побач. Ці паднімаецца ён. Ці няма сістэмы радыёэлектроннай барацьбы. Ці няма спецыяльных людзей, якія выглядваюць робат», – заявіў эксперт.

Ступак адзначыў, што паводле наяўных відэа быў прынамсі адзін такі палёт, калі дрон яшчэ без выбухоўкі падлятаў да самалёту. І ўжо пасля паляцеў іншы, які і ўчыніў падрыў антэны А-50.

Дрон на расейскім самалётам А-50 у Мачулішчах. Скрыншот з
відэа: voynareal / Telegram

Складанасці аперацыі дадавала неабходнасць сысці з месца дыверсіі, у час калі туды з’язджаюцца сілавікі і пачынаюць ачапляць мясцовасць, правяраць камеры.

«Трэба хутка з’ехаць. Максімальна далёка. Альбо недзе схавацца», – сказаў эксперт.

Ён дадаў, што пакуль невядома, ці здолелі ўдзельнікі дыверсіі пакінуць Беларусь ці іх затрымалі, «або затрымалі першых, якія трапілі, каб даць справаздачу».

«BYPOL» паабяцаў і надалей дапамагаць украінскаму народу

«Украіна зʼяўляецца стратэгічным партнёрам «BYPOL» у барацьбе з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна. BYPOL аказваў і будзе аказваць дапамогу ўкраінскаму народу ў барацьбе з расейскімі акупантамі. BYPOL не каментуе афіцыйных асобаў Украіны, у тым ліку і ўзаемадзеянне са спецслужбамі», – заявіў у сваю чаргу ў каментары «Белсату» кіраўнік арганізацыі Аляксандр Азараў.

Аналітыка
Стабільнасць не такая ўжо і стабільная. Што паказаў месяц пасля Мачулішчаў
2023.03.28 19:29

Пашкоджанне расейскага «лятучага радара», самалёту А-50 на вайсковым аэрадроме ў беларускіх Мачулішчах адбылося 26 лютага 2023 года. За дыверсію ўзяло адказнасць аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BYPOL». Кіраўнік аб’яднання Азараў паведаміў, што акцыю здзейснілі беларусы, якія пазней пакінулі краіну. Але ў Беларусі затрымалі некалькіх чалавек, якіх назвалі датычнымі да атакі, абвінавачанага ў вядзенні трансляцыі з аэрадрому Дзмітрыя Маставога асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пазней Азараў расказаў, што ў аперацыі ўдзельнічала і СБУ, якая аказвала спрыянне. Паводле яго, аперацыя стала прычынай пазбаўлення «BYPOL» часткі фінансавання і адной з прычынаў расколу ў арганізацыі.

Увосень 2023 года ўлады Беларусі пастанавілі забараніць выкарыстанне любых беспілотнікаў. Украіна ж атакавала расейскія «лятучыя радары», збіла яшчэ два.

І вось цяпер кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк згадаў дыверсію ў Мачулішчах. Ён не казаў наўпрост, што СБУ ўдзельнічала ў гэтым, але прывёў Мачулішчы як прыклад дыверсійнай працы. Паводле яго, расейскі самалёт А-50 «быў адпаведна дыверсійна апрацаваны»: «два нашыя ўдарныя дроны далі паспяховае агнявое паражэнне».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў