Аляксандр Кныровіч пра наступствы вайны і санкцыяў для Беларусі: Бомба ўжо выбухнула, але яшчэ не асеў пыл


Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у інтэрвʼю «Белсату» аналізуе наступствы вайны расейска-ўкраінскай вайны і санкцыяў для Беларусі.

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч. У 2018-м годзе яму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 17 жніўня 2021 году стала вядома пра яго вызваленне. Варшава, Польшча 17 верасня 2021 г.
Фота: Белсат

– Як месяц вайны паўплываў на беларускі бізнес?

– Усе мае знаёмыя, якія цяпер у Беларусі і якія займаюцца бізнесам, у паніцы. Вядома, усе тыя планы, якія былі на 2022 год, ужо выкінутыя на сметнік. Сённяшні беларускі бізнес не мае ўяўлення, што будзе праз месяц. З курсам, з даступнасцю валюты наагул, з узроўнем попыту насельніцтва, з узроўнем даходаў насельніцтва, як усё гэта будзе працаваць. І ці будзе наагул магчымасць даставіць праз мяжу неабходныя складнікі, неабходную сыравіну для вытворчасці і гэтак далей.

Бізнес будзе пераходзіць за мяжу і бізнес будзе ў рэжыме выжывання.

Хтосьці проста зачыніцца, хтосьці з’едзе, як толькі паставяць бізнес на «зімовы рэжым працы». Ізноў жа, пакуль прадказваць вельмі цяжка. Мы ў той сітуацыі, калі бомба ўжо выбухнула, але яшчэ не асеў пыл. Таму пакуль рана казаць, як будзе ўсё адбывацца.

– У Беларусі ёсць бізнес, які ніяк не звязаны з замежнымі грашовымі пераводамі, з лагістыкаю, не залежыць ад замежных складнікаў. Канкрэтна на яго санкцыі і вайна паўплываюць найменш?

– Беларусь настолькі невялікая краіна, што вельмі цяжка ўявіць сабе бізнес, які не быў бы прывязаны тым ці іншым спосабам да валюты, да імпартнага завозу, да складнікаў і гэтак далей. У той жа аграсядзібе сапраўды няма наўпрост нейкіх запчастак, якія трэба купляць штодня. Але, прабачце, попыт на гэтыя аграсядзібы фармуецца кім? Ён фармуецца насельніцтвам. Насельніцтва, якое мае ў кішэні 500 долараў, магчыма, фармуе нейкі попыт. Калі насельніцтва мае даход 300 долараў, яно, напэўна, не будзе мець ніякага попыту на аграсядзібы. Таму няма ў Беларусі бізнесу, які не быў бы завязаны на курсы, на валюты, на даходы насельніцтва. Вось праходзяць чуткі ў сацсетках, што нейкай колькасці хімічных сродкаў у крамах ужо няма наагул, нейкія за раз падаражэлі на дзясяткі адсоткаў і будуць даражэць далей. Гэта ўплывае на пакупнікоў? Уплывае. Таму я не веру ў тое, што сёння ёсць хоць хтосьці, хто можа спакойна прагназаваць будучыню.

Жанчына набывае цыбулю ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

– З улікам таго, што бізнес будзе згортвацца, які ваш прагноз на рост беспрацоўя?

– Трэба разумець, што ў прадпрыемствах недзяржаўнай формы ўласнасці занятыя ўжо калі не 50 %, дык да 40 % насельніцтва. Гэта велізарная частка. Таму наступствы будуць вялікія. Але вельмі цяжка казаць, які адсотак людзей апынецца на дварэ. У беларускай эканомікі ёсць такая ўласцівасць: у крызісныя моманты людзей пераводзяць на трохдзёнку, на двухдзёнку, ці нават на аднадзёнку. Пераводзяць на нейкія мінімальныя плацяжы, але пры гэтым не выганяюць зусім на вуліцу. Таму я не прадказваў бы нейкіх крытычных з’яваў менавіта на рынку працы.

Інтэрв’ю
Заторкнуць сабе рот – горш за турму: Кныровіч пра зняволенне, эміграцыю, сцяг і шанцы на перамены
2021.09.20 08:30

– Вы верыце ў поспех ідэі ўладаў пераарыентаваць увесь экспарт на Расею і Кітай?

– Усе нашыя фантазіі на тэму таго, што мы масава будзем нешта пастаўляць у Кітай, наткнуцца, па-першае, на велізарныя лагістычныя выдаткі. А па-другое, на тое, што Кітай не ўчора нарадзіўся, дзе нічога няма і дзе з абдымкамі чакаюць прадукцыі нашых прадпрыемстваў. На кожную з нашых прапановаў яны маюць сваю – таннейшую і якаснейшую. Што да Расеі, то тут сітуацыя падобная, але крыху іншая. Там сапраўды праз санкцыі будуць вызваляцца нейкія нішы. І пытанне ў тым, хто будзе іх займаць. Але я б звярнуў увагу на наступнае: праз сённяшнюю сітуацыю, праз вайну, у Расеі прагназуецца істотнае зніжэнне ўзроўню даходаў насельніцтва. Гэта значыць, там прагназуецца сцісканне попыту ўжо для расейскіх кампаніяў, для ўсіх, хто прысутнічаў там раней. Ці будзе там месца для беларускіх кампаніяў? Гэта велізарнае пытанне.

У Расеі, якая атакавала Украіну 24 лютага, прайшлі масавыя антываенныя несанкцыянаваныя мітынгі. Масква, Расея. 24 лютага 2022 года.
Фота: Антон Карлінер / Vot Tak TV / Белсат

– Да чаго рыхтавацца беларусам з улікам таго, што вайна зацягнулася?

– Сённяшні беларускі рэжым – у абсалютнай залежнасці ад Крамля. І ў маёй свядомасці ёсць два сцэнары. Адзін сцэнар, пры якім на нейкім этапе ўсё ж такі падпісваецца нейкае замірэнне паміж Украінай і Расеяй – і сітуацыя падвешваецца надоўга. І ў гэтай сітуацыі ўсё вельмі і вельмі дрэнна. Бо нас чакае, у Беларусі і Расеі, паўнавартасны Савецкі Саюз з паўнавартаснаю жалезнаю заслонай. І з наступствамі для ўсіх у тым выглядзе, у якім гэта было ў Савецкім Саюзе. Прычым не той Савецкі Саюз, які быў у 70-ыя гады – спакойны і тоўсты, а Савецкі Саюз іншага часу. Для насельніцтва гэта азначае падзенне ўзроўню жыцця: у маім уяўленні, адсоткаў на 30. Але гэта вельмі песімістычны сцэнар. Аптымістычны сцэнар для мяне палягае ў тым, што тая куля ў галаве ў Пуціна, якая моцна засела, не дазволіць яму спыніцца: ён палезе да канца, будзе спрабаваць здушыць усю Украіну. І, вядома, абломіць сабе зубы настолькі, што ў Расеі адбудзецца крызіс, які зменіць існую сістэму ўлады. І тады ў беларусаў з’явіцца акенца магчымасцяў. Наколькі першы ці другі сцэнар можа зрэалізавацца – 50/50. Трэба пачакаць месяц, каб зразумець, куды рушыць сітуацыя. Што можна сказаць дакладна: добра ў Беларусі не будзе.

Інтэрв’ю
Ці адаптаваліся беларусы да вайны ў суседзяў? Размова з псіхолагам пра тое, як захаваць псіхіку ў крызісных сітуацыях
2022.03.25 14:28

АМ belsat.eu

Стужка навінаў