Латвійскія мовазнаўцы выступілі супраць змены назвы Беларусі на латышскай мове


Латвійскія лінгвісты адкінулі прапанову пра змену назвы нашай краіны на латышскай мове. Пра гэта паведаміў Цэнтр дзяржаўнай мовы Латвіі, піша Delfi.lv.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: inter.ggau.by

На сённяшні дзень назва «Беларусь» у латышскай мове пішацца як «Baltkrievija». З’явілася прапанова пачаць дыскусію пра змену назвы на «Baltrutenia», а беларусаў называць «baltrutēņi» замест «baltkrievi».

Аднак пасля разгляду гэтага пытання камісія спецыялістаў вырашыла не падтрымліваць зменаў і пакінула ранейшую назву – «Baltkrievija».

У 2019 годзе Швецыя перастала называць Беларусь «Белай Расеяй». Шведскі ўрад адмовіўся ад выкарыстання ў афіцыйных дакументах назвы «Vitryssland» і пачаў выкарыстоўваць найменне «Belarus». У Нямеччыне пачынаючы з 2020 года таксама больш шырока пачалі выкарыстоўваць назву «Belarus» замест ранейшага «Weißrussland».

У 2021 годзе Святлана Ціханоўская звярнулася да літоўскіх уладаў з просьбай замацаваць у якасці афіцыйнай назвы нашай краіны ў літоўскай мове назву «Belarusia». Дзяржаўная камісія ў пытаннях літоўскай мовы разгледзела прапанову і выставіла на абмеркаванне тры назвы: «Gudija», «Baltarusia» ці «Baltoji Rusia» («Гудыя», «Беларусь», «Белая Русь»). Пакуль ніводзін з варыянтаў не зацверджаны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў