Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў галасаваць на «рэферэндуме» супраць вайны


Беларуская лідарка Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю журналістцы «Белсату» Аліне Коўшык заклікала беларусаў галасаваць на «рэферэндуме» 27 лютага супраць вайны, а вайскоўцаў – праявіць сілу волі і сказаць рэжыму «не». Яна распавяла таксама пра сваю тэлефонную размову з Зянонам Пазняком і патлумачыла, чаму не ладзіць інаўгурацыю.

Светлана Тихановская встретилась с руководителем международной антиядерной кампании Беатрис Финн
Святлана Ціханоўская.
Фота: Белсат

– Як вы даведаліся пра тое, што пачалася вайна?

– Я была ў Францыі, мяне запрасілі на слуханні ў Сенаце. І ранкам, калі прачнулася, у мяне ўжо была процьма паведамленняў: пачалася вайна! Гэта, вядома, паніка і шок! Ты не можаш адэкватна ўспрыняць інфармацыю і паверыць у тое, што гэта адбылося. Бо я насамрэч не верыла, што гэта адбудзецца. Магчыма, я, як і ўсе беларусы, блакавала гэтую інфармацыю. Таму што мы помнім гісторыю, памятаем, колькі ахвяраў прынесла Другая сусветная вайна, і не маглі паверыць у тое, што будзем ваяваць супраць брацкага народу, з якім змагаліся поплеч дзясяткі гадоў таму.

І мы пачалі скарачаць візіты, якія ў нас былі запланаваныя ў Францыі, каб навязаць аператыўную сувязь са штабам у Вільні і атрымаць інфармацыю з розных крыніцаў, бо трэба было нешта рабіць.

«Рэжым і Беларусь – розныя рэчы»

– Пасля гэтага вы прынялі вельмі важнае рашэнне: узяць на сябе абавязкі гаранта незалежнасці Беларусі. Як вам яно далося, і як плануеце яго выконваць?

– Ведаеце, я не магла гэтага не зрабіць, таму што рэжым страціў гэтую здольнасць – бараніць незалежнасць нашай краіны, і аддаў Беларусь як плацдарм для ўчынення ваенных дзеянняў супраць Украіны. Мы бачым, як з тэрыторыі Беларусі ляцяць самалёты, прылятаюць на дазапраўку, і эшалонамі ідуць танкі. Праз беларуска-ўкраінскую мяжу праходзіць тэхніка, і мы бачым, што наш суверэнітэт і нашая незалежнасць пад пагрозай. І тады было прынятае рашэнне: узяць на сябе абавязкі змагацца не толькі супраць рэжыму, беззаконня, і гвалту ў нашай краіне, але і бараніць незалежнасць.

Гэта перадусім – даць людзям пасланне, што будзе адзіны цэнтр прыняцця рашэння, што ў кабінет, які мы арганізоўваем, увойдуць прадстаўнікі ўсіх структураў, якія бяруць на сябе адказнасць за прыняцце палітычных рашэнняў.

Hавiны
Беларускія войскі могуць далучыцца да агрэсіі супраць Украіны
2022.02.26 16:00

Мы цяпер бачым, што, на жаль, змянілася стаўленне да беларусаў у еўрапейскіх краінах. І на гэта балюча глядзець. І мы мусім зрабіць выразнае пасланне дэмакратычным краінам, каб яны не вінавацілі Беларусь у гэтым уварванні.

Таму што рэжым і Беларусь – розныя рэчы. Мы – Беларусь, а рэжым – памагаты агрэсара.

«Заклікаю прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць супраць вайны»

– Быццам бы так. Але ўкраінцы кажуць: вы не змагаецеся і не выйшлі на маршы супраць вайны. Што вы ім адкажаце?

– Насамрэч у беларусаў сэрцы абліваюцца крывёю. Але важна патлумачыць кантэкст. Што больш за паўтара года ў Беларусі адбываецца гвалт. Людзей запалохалі КДБ і турмамі. І цяпер мы спрабуем данесці да людзей інфармацыю, што насамрэч адбываецца. Я вось адкрыла адну з прапагандысцкіх газетаў, і там зусім няма пра тое, што ва Украіне ідзе вайна. Нібыта ў нас усё стабільна і цудоўна. Але рэжым ужо ўцягнуў нашую краіну ў гэтую вайну і гэтую агрэсію – і мы супраць гэтага.

Аднак складана цяпер чагосьці патрабаваць ад беларусаў. Мы проста можам заклікаць да сумленнасці і прасіць людзей рабіць тое, што могуць.

Мы ўвесь час казалі пра нелегітымны «рэферэндум», каб ставілі два крыжыкі ў бюлетэні. Але цяпер заклікаем да іншага – прыйсці на ўчасткі а 14:00 і прагаласаваць не супраць Канстытуцыі і «рэферэндуму», а супраць вайны, гвалту і танкаў у іншай краіне. Але і ў нашай таксама.

Я не ведаю, якія будуць далейшыя дзеянні беларусаў. Ці зможам падняць баявы дух настолькі, каб людзі выйшлі на вуліцы. Але і гэтага нельга выключаць, і да гэтага трэба заклікаць.

Бо не толькі лёс Украіны вырашаецца ў гэты час, але і наш лёс. Мы разумеем, што незалежнасць Украіны вельмі шчыльна пераплеценая з незалежнасцю Беларусі. Мы мусім падтрымліваць украінскі народ і змагацца за незалежнасць нашай краіны.

Ці будзе абвешчаны план «Перамога»

– Ці не надышоў час, калі варта было б абвесціць план «Перамога»?..

– Ведаеце, за апошнія двое содняў у планы «Перамога» і «Рабочы рух» запісаліся дзясяткі тысяч новых людзей. І людзі адчуваюць момант, і, магчыма, гэта той самы момант, калі план «Перамога» будзе запушчаны. Але пабачым. Пабачым, як будуць дзеяць людзі заўтра, на так званым «рэферэндуме» і, зыходзячы з гэтага, будзем прымаць далейшыя рашэнні.

– Нашыя гледачы пытаюцца, ці плануеце вы зладзіць інаўгурацыю.

– Мы ўсё ж кіруемся законам. І інаўгурацыя магла быць праведзеная ў першыя месяцы пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады я вырашыла гэтага не рабіць. І я прыняла прысягу перад беларускім народам, што бяру на сябе адказнасць за незалежнасць Беларусі.

Для людзей, якія хочуць пераменаў і хочуць дамагчыся справядлівасці, інаўгурацыя – толькі слова. Яны ведаюць, за каго і за што яны галасавалі, і тое, што нелегітымны прэзідэнт правёў сваю таемную інаўгурацыю, не зрабіла яго кіраўніком дзяржавы ў вачах гэтых людзей.

«Абмяняліся з Пазняком меркаваннямі»

– Учора вы размаўлялі з Зянонам Пазняком. Хто ініцыяваў размову, пра што яна была?

– Гэта было двухбаковае рашэнне. Гэта была першая нашая тэлефонная размова. Я ведаю пазіцыю Зянона Станіслававіча і ў дачыненні мяне, але гэта неабходна было зрабіць. Таму што Зянон Станіслававіч ужо вельмі доўга змагаецца за незалежнасць Беларусі, доўга кажа пра пагрозу нашаму суверэнітэту. І гэта такі быў першы кантакт. Мы абмяняліся меркаваннямі. Даволі кароткі званок.

І мы дамовіліся стэлефанавацца ў будучыні, калі гэта будзе неабходна. Я пачула меркаванне дасведчанага палітыка, у якога заўсёды ёсць свой погляд на ўсё, што адбываецца. І, вядома, ягоны досвед вельмі важны цяпер.

«Не выконваць злачынных загадаў»

– Што вы скажаце тым беларусам, якіх могуць зараз мабілізаваць у войска, каб ваяваць фактычна на баку акупантаў. Што ім рабіць?

– Я думаю, што зараз той самы час, каб яны сказалі рэжыму «не».

Я разумею, што страх прысутнічае і сярод салдатаў, і сярод камандавання, але прыйшоў час праявіць сілу волі. Таму што адна рэч – выводзіць людзей супраць бяззбройных беларусаў, а іншая – ісці ваяваць супраць братоў. Са зброяй – на братоў. І там ціха-мірна ніхто не будзе садзіцца ў аўтазакі, а будуць даваць адпор.

Таму я заклікаю тых, хто можа гэта зрабіць, не выконваць злачынных загадаў. Таксама я звярнулася да маці і жонак салдатаў тэрміновай службы і іншых службаў: «Задумайцеся, куды вы адпраўляеце сваіх родных!» Цяпер ужо іншы кантэкст, і трэба прымаць правільныя рашэнні.

Ёсць людзі і ва ўладзе, якія могуць змяніць хаду гісторыі Беларусі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская звярнулася да жанчын Беларусі, Расеі і Украіны
2022.02.26 11:40

belsat.eu

Стужка навінаў