«Дзяды ваявалі. Цяпер нашая чарга». Маналогі ўкраінцаў на аўтавакзале ў Варшаве


Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Тысячы людзей спрабуюць пакінуць тэрыторыю Украіны. Але ёсць і тыя, хто спрабуе вярнуцца на радзіму, нягледзячы на вайну з Расеяй. Карэспандэнт «Белсату» запісаў маналогі ўкраінцаў, якіх сустрэў на Заходнім аўтавакзале ў Варшаве.

Вольга з Івана-Франкоўску

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

– Я была ў адпачынку ў Грузіі і з пачаткам ваенных дзеянняў… У мяне там сямʼя, трое дзяцей. Неба закрылі, і я забіраюся аўтобусамі з Берліна да Варшавы, з Варшавы планую ў Львоў, каб быць разам з сямʼёй. Магчыма, трэба будзе забраць дзяцей або ў Польшчу ці ў Нямеччыну. Мой старэйшы сын адслужыў у войску, яго адправілі ў запас у сувязі са здароўем, але цяпер у краіне ваеннае становішча, напэўна, пойдзе, ён у мяне добраахвотнік.

Мне не страшна. Я паўжыцця пражыла ў Расеі і да гэтага часу не магу паверыць і не веру, што хтосьці нам робіць зло. Да мяне не дайшло яшчэ тое, то адбываецца, не магу яшчэ ўсяго ўсвядоміць.

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Я думаю, вайскоўцы [беларускія], калі іх адправяць ва Украіну, мусяць адразу ж здацца. У вас жа быў пераварот, вы хацелі зняць свайго прэзідэнта. Навошта тады падпарадкоўвацца ягоным загадам, калі ўвесь народ супраць? Вядома, што гэта складана, яны давалі прысягу, я разумею… Але яны давалі прысягу народу, таму трэба адмаўляцца выконваць такія загады. Гэта іхны абавязак, згадзіцеся?

Ігар

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

– Трэба ехаць дадому, калі што – ісці ваяваць. А што рабіць? Буду браць стрэльбу ці аўтамат і абараняць Радзіму. Тут я нічога не змагу зрабіць, толькі грошы зарабіць на дапамогу. А так рэальна дапамагу, прынамсі з роднымі пабуду. А выпусцяць ці не выпусцяць з Украіны – для мяне не важна цяпер.

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Ці зацягнецца вайна? Часам гадамі ваююць. Гэтым разам ён [Пуцін] нешта сурʼёзна ўзяўся [за Украіну]. Але Украіна аказвае супраціў і не гатовая здавацца. Украінцы абараняюць сваю Радзіму.

Не ведаю, чым гэта скончыцца. Але добрага чакаць не трэба, бо Пуцін, як я зразумеў, хоча ў гісторыю ўвайсці, як калісьці Пётр І, – заваяваўшы зямлю.

Іван

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

– А хто едзе на мяжу?

– У асноўным едуць мужчыны, з Украіны – жанчыны з дзецьмі.

– Мужчыны едуць ваяваць?

– Так. Але за ўсіх не магу сказаць. Магчыма, што едуць да родных, блізкіх.

Не назваўся, 50 гадоў

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

– Так, разумею, што вайна. Але я мушу ехаць, у мяне там дзеці, і я не хачу, каб яны ваявалі. Аднаму сыну 30 гадоў, другому 26. І дзве дачкі, яны таксама хочуць ваяваць. Таму я еду дадому, еду на сваю радзіму. Я не буду сядзець, каб потым казалі, што дзеці ваявалі, а бацька сядзеў і хаваўся. Не, такога не можа быць.

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Аўтамат у рукі і наперад. А што зробіш? Вось я не баюся. Кажуць, што прыязджаеш, і адразу аўтамат даюць. Калі ласка! Служыў, ведаю гэтае ўсё.

Я ўвогуле не разумею, навошта Расея палезла ва Украіну… Што ім трэба? Што з гэтай Украіны возьмеш? Ніхто не хоча той вайны. Але я еду. Ці я дапамагу ці не – але еду.

Аляксандр

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Кажа, што едзе забіраць сям’ю ў Херсонскай вобласці, а сам вяртаецца з Рыгі. Кажа, што на працы яго зразумелі, падтрымалі нават фінансава, сказалі, што дапамогуць аформіць статус бежанцаў для блізкіх. Плануе спачатку ў Львоў, пасля да маці ў Хмяльніцкі.

– Разумею, што мужчынаў не выпускаюць, але мне трэба выцягнуць дзяцей, унукаў. Армія адбіваецца, як можа, але тых – арда. Таму як вырашу сітуацыю з сям’ёй, пайду ў ваенкамат, у шыхт.

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Лепей я памру падчас барацьбы, але не буду жыць з усведамленнем, што я баязлівец. Але я разумею, што магу не вярнуцца. Аднак мае дзеці будуць жыць. Трэба абараняць краіну. Дзядулю трэба адстаяць для іх будучыню і краіну. Дзяды ваявалі. Цяпер нашая чарга. Калі не адстаім Украіну, не вернемся туды нават у бліжэйшыя 40 гадоў.

Я да апошняга спадзяваўся, што ім хопіць розуму не пачынаць вайну, але… Капітуляцыю падпісваць будзе ўжо не Пуцін. Украінцы гэтага не даруюць і, калі выціснуць расейскія войскі, пойдуць да канца. Гэта помста, чыстая. Шмат цывільных праз іх пацярпела. Хацелася сваю ўладу? У нас народ выбірае яе. Пуцін нікога пасля Януковіча не хоча прызнаваць. Але людзі не здрадзяць сваёй улады. Я не лічу расяянаў і беларусаў агрэсарамі, гэта не народ – гэта ўлада вінаватая.

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Важнае замірэнне, трэба выводзіць войска. Пуцін не хоча размаўляць з Зяленскім. Але народ выбраў яго на прэзідэнта. І якія гэта былі выбары – 73 % украінцаў падтрымалі Зяленскага! Гэта амаль усё дарослае насельніцтва краіны.

Мужчына ля аўтобуса да Кіева, не згадзіўся фатаграфавацца

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

– Вось, глядзі, гэта самалёт ляцеў і ў дом трапіў. І гэта ўсё адбываецца ў Херсоне [паказвае відэа]. Вунь з боку Беларусі едуць. І бамбяць мірных грамадзянаў. Тое, што Пуцін кажа, што мы мірных грамадзянаў не кранаем, – вунь, глядзі, з боку Бранску. І шмат яшчэ адкуль. Як будзе, гэтак будзе, пабачу па сітуацыі. Родныя, блізкія, маленькія дзеці другі дзень у бамбасховішчах сядзяць. Страшна. Не ведаю, што сказаць, гэта поўны п**ц.

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

Мы думалі, што мірным шляхам усё вырашыцца. Колькі гадоў сябравалі [з Расеяй], ездзілі да іх, працавалі, яны да нас прыязджалі. І вось так усё знішчыць цяпер… Трэба праводзіць перамовы, рабіць усё магчымае, абы спыніць вайну.

Нам вайна не трэба, мы раней сябравалі, размаўлялі, як кажуць, з брацкім народам. А вось цяпер усё вайной зруйнаваць… Сябры з Расеі ў шоку. У Расеі яны таксама выходзяць, пратэстуюць. Але там усё вельмі хутка спыняюць, як і ў Беларусі. Няма ніякай дэмакратыі, няма ніякай свабоды слова. Людзей шчэмяць. П**ц.

Не назваўся, з Івана-Франкоўску

Варшава, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: ЯМ / Белсат

– Еду па жонку і дзяцей, каб забраць іх з мяжы. Паганая сітуацыя. Пакуль пабудзем тут, а потым вернемся.

Фотарэпартаж
Нават корм для сабакаў. Як Польшча прымае ўцекачоў
2022.02.26 17:11

 

ЯМ, Саша Альтэр, belsat.eu

Стужка навінаў