Беларускі добраахвотнік пра сітуацыю ў Кіеве: Трываюць няспынныя баі


Кіеў уступіў у фазу абароны. Расейскія войскі страляюць з артылерыі, трываюць баі на падыходах да сталіцы. Пра абарону Кіева, удзел беларусаў і віну Лукашэнкі распавёў добраахвотнік аднаго з батальёнаў тэрытарыяльнай абароны, беларус Вадзім Кабанчук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы сіл тэрытарыяльнай абароны. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: POOL / Reuters / Forum

Паводле добраахвотніка з Беларусі, на падыходах да гораду ідуць баі, таму ў розных раёнах сталіцы ўвесь час чуваць выбухі і стрэлы.

«Выкарыстоўваюць увесь спектр узбраення, які ў іх ёсць у расейскай арміі: ад крылатых ракетаў да авіяцыі, верталётаў, цяжкай тэхнікі. Сёння ў Кіеве яшчэ былі выпадкі, калі дробныя дыверсійныя групы дзеялі, але іх ужо зліквідавалі. Ёсць некалькі напрамкаў, якія найбольш пагражаюць сталіцы, там цяпер трываюць няспынныя баі».

Вадзім Кабанчук мяркуе, што такі поўнамаштабны наступ на Кіеў стаўся магчымым выключна праз дапамогу Лукашэнкі. Добраахвотнік пакуль не пацвярджае ўдзелу ўласна беларускіх вайскоўцаў, але ўпэўнены, што ўлады Беларусі адкрылі свае межы для праходу расейскіх войскаў:

ВІДЭА
Расея наносіць па Кіеве ракетныя ўдары. Другі дзень вайны ва Украіне. ОНЛАЙН
2022.02.25 07:13

«Ва Украіне выдатна ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, які ідзе рух калонаў, на якія аэрадромы сядаюць самалёты пастаянна, таму тут няма ніякіх ілюзіяў наконт таго, якім чынам Лукашэнка далучаны да гэтай агрэсіі».

Разам з тым звычайныя беларусы выбіраюць іншы бок і далучаюцца да абароны Кіева ды наагул Украіны. Паводле Вадзіма Кабанчука, толькі ў ягоным падраздзяленні цяпер каля двух дзясяткаў беларусаў:

«Народ пакрысе далучаецца, але ёсць у разы болей беларусаў, якія хочуць трапіць ва Украіну з розных частак Еўропы, і багата людзей хоча трапіць з Беларусі. Але, на жаль, гэта вельмі складана, бо Украіна перакрыла межы. Калі будуць адкрытыя межы, сюды паедуць сотні добраахвотнікаў-беларусаў».

Паводле афіцыйных звестак, з моманту расейскага ўварвання ва Украіну ў адным толькі Кіеве сілы тэрытарыяльнай абароны выдалі грамадзянам 18 тысячаў адзінак зброі. Беларус Вадзім Кабанчук пацвярджае гэтую інфармацыю і гаворыць, што прынамсі ягоны батальён цалкам забяспечаны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: POOL / Reuters / Forum

«Зброю даюць мужчынам, якія маюць пры сабе любы дакумент, што пацвярджае асобу. Цябе адразу заносяць у спісы, далучаюць да нейкіх фармаванняў, і ты атрымоўваеш зброю».

ВК Belsat.eu

Стужка навінаў