Сцэнар Лукашэнкавага сыходу падказвае Саакашвілі. На што яму скардзілася Ціханоўская?


Пуцін спрабуе пазбавіцца ад Лукашэнкі, заявіў былы прэзідэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі ў эксклюзіўным інтэрв’ю Аліне Коўшык. Палітык прызнаўся, што нядаўна размаўляў са Святланаю Ціханоўскай, і распавёў, чым яна занепакоеная. Ён агучыў свае рэкамендацыі Аляксандру Лукашэнку – як выйсці з крызісу і перадаць уладу. Гэта фрагмент інтэрвʼю, поўная версія размовы (14 хв.) выйшла 25 лютага ў праграме «Прасвет».

Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца ў Беларусі? Чаго чакаць далей?

Некалькі дзён таму я размаўляў са Святланаю Ціханоўскай. Мы з цікавасцю і хваляваннем сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі. Сама народная арганізацыя выклікае захапленне, але мы і ў Грузіі, і ў Беларусі мусім умець абараняцца і стрымліваць гвалт з боку ўладаў. Калі мы не навучымся гэтага рабіць, гвалт будзе працягвацца, актывістаў будуць нейтралізаваць, частка людзей пакіне краіну, частка проста змірыцца. Толькі там народ перамагаў, дзе ўмеў сябе абараняць. Іншых метадаў няма.

Пра што вы гаварылі са Святланай Ціханоўскай? Ці азначае гэта, што людзі павінныя быць больш агрэсіўнымі, змяніць тактыку мірных пратэстаў?

Не, яны мусяць быць мірнымі, але калі на мірны пратэст не мірна нападаюць, мірныя людзі павінныя ўмець любымі даступнымі метадамі абараняцца. Калі цябе б’юць, перахопліваць руку і стрымліваюць… самім не трэба біць, але хаця б перахопліваць дручок. Па-другое, я адчуў, што Святлана Ціханоўская расчараваная. Яна пра гэта сказала, што выключна заяваў і размоваў з боку заходніх краінаў – не дастаткова. Можна казаць, колькі захочаш, выказваць абурэнне, занепакоенасць, але гэта не дзее на гэтых людзей. На гэтых людзей уплываюць іншыя метады. І іншыя метады таксама Захад павінен навучыцца ўжываць, але ўрэшце лёс нашых краінаў вызначаецца ўнутры нашых краінаў. Калі заўтра іх наогул нічога не будзе турбаваць, калі Беларусь і Грузія заўтра знікнуць, на Захадзе, можа, нават не будуць вельмі не задаволеныя гэтым фактам. Давайце ўсё ж спадзявацца на свае сілы, на ўласныя магчымасці і настойлівасць.

Вы казалі, што Аляксандр Лукашэнка – ваш даўні прыяцель. Якую параду вы б далі яму ў гэтай сітуацыі?

Ён сам сябе загнаў у кут. Мы разумеем, у якой ён сітуацыі. Нават калі цяпер ён палітычна перажыве гэтую сітуацыю, ён практычна цалкам загнаў сябе пад Пуціна. І ўлічваючы тое, што Пуцін яго асабліва недалюблівае, у любым выпадку яны будуць спрабаваць ад яго пазбаўляцца. Яны ўжо спрабуюць гэта зрабіць, як мы ведаем. Яны сігналы яму ўсялякія пасылаюць. У тым ліку праз нейкія запісы, якія раптам апублікоўваюць. Гэта ўсё маскоўскія сігналы. Яны паказваюць, што, маўляў, ты можаш фізічна ўратавацца, у турму не трапіць, але пры ўладзе мы цябе не пакінем. Гэта адназначна так. Чым больш ён будзе ім падтакваць, тым менш у яго шанцаў наогул перажыць гэтую сітуацыю. Адзіны метад – дыялог з народам. Гэта прызнанне таго, што ёсць вялікая праблема. І забяспечыць упарадкаваны пераход з гарантыямі, усеагульнай амністыяй для ўсіх удзельнікаў. Не трэба, мне здаецца, чапаць нікога. І Лукашэнку не трэба чапаць, калі будзе ўсеагульная дамоўленасць. Такі досвед ёсць у Польшчы – круглы стол у час Войцеха Ярузэльскага. Я сваіх папярэднікаў таксама не крануў. З Шэварднадзэ не было фармальнай дамоўленасці, але гэта было нашае палітычнае рашэнне. Не думаю, што хадзіць па адным і тым жа коле палітычнай помсты штосьці некаму дасць. Нават калі ў дачыненні цябе чыняцца палітычныя рэпрэсіі. Народ павінен перагарнуць гэтую старонку і рухацца наперад.

Поўную версію інтэрв’ю (14 хв.) паказалі ў праграме «Прасвет».

Стужка навінаў