news
Разбор
Рост кошту і часу дастаўкі ды затрыманне рэйсаў. Як дронафобія ўладаў ударыла па беларусах
«Дроны для рэжыму Лукашэнкі небяспечныя».
26.01.202416:14

Новыя правяранні паштовых адпраўленняў, уведзеных уладамі Беларусі дзеля пошуку дронаў, у выніку б’юць па беларусах, якім скіраваныя пасылкі. Да таго ж могуць узнікнуць затрыманні і ў часе дастаўкі пасылак. Пра гэта ў размове з нашымі карэспандэнтамі распавялі супрацоўнікі беларускіх транспартных кампаніяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Першымі на праблемы, якія ўзніклі з дастаўкай пасылак і адпраўленняў з Расеі, «Белсату» паскардзіліся чытачы. Каб спраўдзіць гэтыя звесткі нашыя карэспандэнты, прадставіўшыся патэнцыйнымі кліентамі, патэлефанавалі ў некаторыя транспартныя кампаніі, што займаюцца перавозкамі адпраўленняў для фізічных асобаў паміж Беларуссю і Расеяй.

«Што датычыць дадатковых правяранняў, канечне, могуць груз павезці ў Менску на дагляд. Але ў гэтым няма нічога звышнатуральнага», – заявілі ў кампаніі «Vozim».

«Калі машына трапляе на дагляд, на жаль, ад нас гэта ўжо не залежыць. Сам працэс дагляду мы ніяк не зможам паскорыць. Ён можа прайсці за гадзіну. Можа прайсці за дзень. Але ў цэлым дагляды праходзяць хутка. Гэта не займае тыдня-двух. Максімум – дзень дадаем», – сказалі ў кампаніі.

Там паведамілі, што і раней машыну з грузам маглі паслаць на дагляд, але калі раней маглі паслаць умоўна адну машыну з 50, то цяпер – тры-чатыры: «працэнт дагляду машынаў не надта вырас».

Пацвердзілі верагоднасць затрымак у часе дастаўкі і росту кошту ў транспартнай кампаніі «ТАТ»:

«Груз, які паступае да нас на тэрмінал у адрас фізічных асобаў, праходзіць цяпер мытны кантроль. Праз гэта кліенты дадаткова аплачваюць гэтыя выдаткі. І па тэрмінах таксама – яны павялічваюцца».

У кампаніі заявілі, што кошт мытнікі выстаўляюць розны, магчыма, у залежнасці ад аб’ёму: «Мытня нам выстаўляе, потым мы гэты кошт вам выстаўляем. Які мытня выставіць, мы не ведаем». Вызначаных тэрмінаў, на які можа затрымацца дастаўка, таксама няма.

А вось у сэрвісе «Moskvabelarus.by» заявілі, што нейкіх дадатковых праблемаў з дастаўкай за апошні час не ўзнікала.

Ёсць і іншыя шляхі

У каментары «Белсату» Аляксандр Азараў, кіраўнік аб’яднання «BYPOL» і каардынатар плану «Перамога» пры Аб’яднаным пераходным кабінеце, патлумачыў новаўвядзенні тым, што дроны сябе вельмі добра зарэкамендавалі падчас вайны ва Украіне. Таксама, нагадаў ён, з дапамогай дронаў партызанамі былі атакаваныя база АМАПу ва Уруччы ў 2021 годзе і расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах у 2023-м.

«Гэта паказала, што дроны для рэжыму Лукашэнкі небяспечныя. Людзі могуць іх ужываць, значна пашкодзіць інфраструктуру рэжыму, і ёсць магчымасць не быць затрыманым. Таму яны [улады. – рэд. belsat.eu] прынялі такі закон, які забараняе ўжыванне дронаў без дазволу», – адзначыў заявіў Азараў.

Ён падкрэсліў, што дроны ў асноўным закупаюцца ў Кітаі. І часта – проста ў выглядзе запчастак. Таму было вырашана ўзяць пад кантроль пошту. Пры гэтым, паводле суразмоўцы, для кантролю не трэба прыдумляць нейкіх новых метадаў. Напрыклад, на менскім Галоўпаштамце і так стаіць сканер, праз які праходзілі пасылкі. Цяпер трэба проста больш уважліва глядзець, што ў іх знаходзіцца.

«Людзі, канечне, будуць баяцца купляць дроны поштай. Ведаючы, што іх могуць знайсці, і пасля пасадзіць у турму», – падкрэсліў кіраўнік «BYPOL».

Пры гэтым, паводле яго, для завозу дронаў ёсць і «іншыя шляхі».

Колькі пасылак праверылі

Перад самым новым годам, 30 снежня 2023 года, стала вядома, што «мытныя органы прыступілі да правядзення кантролю адносна міжнародных паштовых адпраўленняў і тавараў, якія ідуць у адрас фізічных асоб, якія ўвозяцца (увезены) у Рэспубліку Беларусь з тэрыторыі дзяржаў – членаў ЕАЭС».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vladimir Gorovykh / TASS / Forum

«Мытныя органы праводзяць кантроль на прадмет выяўлення ўкладанняў, якія маюць прыкметы ўтрымання грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў, іншых тавараў, у тым ліку рэчываў і матэрыялаў, за незаконнае перамяшчэнне якіх праз Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць», – заявілі ў Мытным камітэце.

Станам на 23 студзеня 2024 года беларускія мытнікі праверылі больш як 350 тыс. пасылак.

«Сярэдні час правядзення кантролю адносна тавараў, што перамяшчаюцца ў адным аўтамабілі, складае 4 гадзіны. У рамках правядзення кантролю з пачатку года праверана больш як 350 тыс. пасылак. Па выніках кантролю знойдзены тавары, якія маюць прыкметы зброі, боепрыпасаў, а таксама апаратура ваеннага прызначэння. Па ўсіх фактах прызначаны экспертызы», – распавялі ў ДМК.

Месцы правядзення кантролю ўстаноўленыя пастановай Савету міністраў ад 28 снежня 2023 года № 970. Гэта пункты мытнага афармлення: «Менская пошта», «Менск-Белмытсэрвіс-2», «Аэрапорт Мінск-2», «Аэрапорт Гомель», «Аэрапорт Магілёў» і «Аэрадром Ворша». Яны павінны быць абсталяваныя рэнтгенаўскімі ўстаноўкамі надгляду багажу і тавараў.

Гэтая неабходнасць усталявання дадатковага абсталявання для кантролю паўплывала на авіяперавозкі пасажыраў. Гэтак, авіякампанія «Белавія» 16 студзеня паведаміла, што ў Нацыянальным аэрапорце Менск ідзе абнаўленне абсталявання сістэмы апрацавання багажу, што можа выклікаць нават затрыманні рэйсаў. Працы працягнуцца да 31 сакавіка.

«Гэта можа прывесці да павелічэння часу рэгістрацыі пасажыраў, апрацавання, надгляду і камплектацыі багажу, і, як наступства, да затрымання рэйсаў», – адзначылі ў кампаніі, папрасіўшы ўлічваць гэтую інфармацыю пры планаванні падарожжаў.

Як улады дронамі карыстацца забаранялі

Увядзенне правярання паштовых адпраўленняў на наяўнасць у іх дронаў або іх запчастак вынікае з указу Аляксандра Лукашэнкі ад 25 верасня 2023 года. Дакумент забараніў фізічным асобам валодаць і карыстацца беспілотнымі лётнымі апаратамі і авіямадэлямі. Простаму чалавеку ў Беларусі нельга мець і выкарыстоўваць любы лётны апарат, які можа быць кіраваны без чалавека на борце, а таксама запасныя часткі да іх. Выключэнні зрабілі для цацачных шароў, паветраных змеяў і лётных цацак без дыстанцыйнага кіравання, а таксама для дзяржаўнай і эксперыментальнай авіяцыі.

Фізічным асобам, а таксама «неўпаўнаважаным» юрыдычным асобам адразу ж забаранілі ўвоз, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і авіямадэляў. Але далі яшчэ паўгода, каб прадаць, аддаць ці перадаць беспілотнікі і авіямадэлі на захаванне ва «ўпаўнаважаныя арганізацыі». Юрыдычным асобам і ІП дазволілі ўвоз, захаванне, абарот, выкарыстанне і выраб беспілотнікаў і авіямадэляў толькі «ў мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці». Захоўваць апараты трэба ва ўмовах, якія выключаюць вольны і бескантрольны доступ. Увозіць беспілотнікі і авіямадэлі можна толькі пры адмысловым дазволе Дэпартаменту авіяцыі на падставе рашэння камісіі пры Савеце бяспекі. Пры гэтым беспілотнікі і авіямадэлі трэба ставіць на дзяржаўны ўлік цягам пяці працоўных дзён са дня ўвозу ці куплі.

Таксама было вырашана да ўручэння атрымальнікам дадаткова правяраць на наяўнасць дронаў міжнародныя паштовыя адпраўленні і тавары з-за мяжы.

У збройных сілах Беларусі неабходнасць указу патлумачылі «сучаснымі рэаліямі, звязанымі з пытаннямі забеспячэння нацыянальнай і грамадскай бяспекі ў кантэксце наяўнай геапалітычнай абстаноўкі вакол нашай краіны, а таксама ўкараненнем новых прынцыпаў, пры якіх выкарыстанне паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь будзе здзяйсняцца толькі на прафесійнай аснове».

Аналітыка
Стабільнасць не такая ўжо і стабільная. Што паказаў месяц пасля Мачулішчаў
2023.03.28 19:29

Аднак палітолаг, спецыяліст у пытаннях нацыянальнай бяспекі Аляксандр Казак у каментары «Белсату» звязваў гэтую забарону з атакай 26 лютага 2023 года на расейскі самалёт далёкага радыялакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам. Адказнасць за яго падрыў узяла на сябе ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў «BYPOL». Пасля гэтага пашкоджаны самалёт паляцеў на рамонт у расейскі Таганрог і ў Беларусь больш не вяртаўся.

Казак адзначыў, што самалёт вельмі добра ахоўваўся менавіта тымі сістэмамі, якія ахоўваюць таксама рэзідэнцыю і картэжы Лукашэнкі. Дый агулам дроны вельмі актыўна выкарыстоўваюцца на фронце.

«Таму гэта таксама пункт страху для Лукашэнкі. І адпаведна трэба рэжыму абараняцца, і было прынятае рашэнне, што не можам ад усіх дронаў нармальна схавацца і таму будзем проста адбіраць і пужаць людзей страхам перад наяўнасцю гэтых дронаў», – заявіў Казак.

У Гомельскай транспартнай пракуратуры ў сваю чаргу паведамілі, што ў Беларусі цяпер наагул «разглядаецца пытанне больш жорсткай адказнасці за парушэнні ва ўказанай галіне, аж да крымінальнай, з канфіскацыяй лятальнага апарату».

Разбор
«Схавайце да лепшых часоў ці зламайце». Што рабіць беларусам, у якіх яшчэ застаюцца дроны
2023.12.29 20:09

Якуб Хруст belsat.eu