«Беларусь – адназначны прыярытэт». Як Смаленск, Пскоў і Цвер рыхтуюцца да пост-Расеі


31 студзеня ў Еўрапейскім парламенце пройдзе 5-ы Форум Свабодных Народаў пост-Расеі. Сярод яго ўдзельнікаў будуць і прадстаўнікі Усходняй Крывіі – суседніх з Беларуссю вобласцяў Расеі: Пскоўскай, Смаленскай і Цвярской.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 2-і Форум свабодных народаў Расеі. Прага, Чэхія. 22 ліпеня 2022 года.
Фота: Міхал Камарыт / ČTK

Аб заснаванні Усходне-Крыўскай платформы заявілі 16 студзеня ананімныя тэлеграм-каналы «Псковская республика», «Смаландия (Смоленская Земля)» і «Тверская Земля», агульная колькасць падпісантаў якіх складае крыху больш за 1100 чалавек. Само слова «Крывія» ўзыходзіць да плямёнаў крывічоў, якія засялялі Беларусь, а таксама Смаленшчыну, Пскоўшчыну і Цвярскі край.

Платформа выступае «за адраджэнне ў сучаснай форме страчанай старажытнай дзяржаўнасці Пскоўскага, Смаленскага і Цвярскога княстваў», а таксама прызнае «сваю цесную каранёвую сувязь з Заходняй Крывіяй – Рэспублікай Беларусь і прыналежнасць да цывілізацыйнай прасторы Вялікага Княства Літоўскага і Рускага».

Адзначаецца важнасць цеснай інтэграцыі гэтых вобласцяў, «забяспечанай неабходнымі палітычнымі інстытутамі і юрыдычнымі нормамі». Заяўляецца пра важнасць «арыентацыі на ўсходнееўрапейскую разнавіднасць еўраатлантычнага шляху», а стратэгічнай мэтай названая «цесная інтэграцыя з краінамі і народамі вялікай Балтыкі і Цэнтральна-Усходняй Еўропы».

Прадстаўнікі платформы ўжо прызначылі сваіх паслоў – Арцёма Тарасава і Вадзіма Сідарава – для ўдзелу 31 студзеня ў Бруселі ў 5-м Форуме Свабодных Народаў пост-Расеі ў Еўрапарламенце. Сярод іншых удзельнікаў форуму будзе, напрыклад, Ахмед Закаеў –прэм’ер-міністр Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя ў выгнанні, якога ўлады РФ абвінавачваюць у тэрарызме.

Карэспандэнты «Белсату» паразмаўлялі з адміністратарамі тэлеграм-каналаў пра іх ідэі, у тым ліку адносна Беларусі. Пагатоў частка гэтых рэгіёнаў не толькі раней уваходзіла ў ВКЛ, але і абвяшчалася тэрыторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. Ды і менавіта ў Смаленску была абвешчаная Савецкая Беларусь. А этнографы часу Расейскай імперыі адносілі значную частку мясцовага насельніцтва да беларусаў.

Ідэя выходзіць у свет

Усе тры ініцыятывы паўсталі ў 2022 годзе. Іх ініцыятары і кіраўнікі, як заяўляецца, – грамадзяне Расеі, выхадцы са Смаленшчыны, Пскоўшчыны і Цвярскога краю, але жывуць за мяжой. Пры гэтым у іх ёсць і «паплечнікі, якія знаходзяцца там», у Расеі.

Ідэя рэгіяналізму – сацыяльна-культурнай і палітычнай самаідэнтыфікацыі, заяўляюць прадстаўнікі «Пскоўскай Рэспублікі», – існавала «вельмі даўно». А цвярской рэгіяналізм і зусім «бярэ пачатак з 1990-х гадоў», калі найбольш актыўнымі былі цвярскія карэлы і тудаўляне, якіх у 2016 годзе нават прасілі прызнаць у РФ беларусамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг падтрымання Аляксандра Лукашэнкі на плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Аднак у «Тверской Земли» прызнаюць: «Да нядаўняга часу рэгіяналізм быў рэпрэзентаваны пераважна праектамі, якія маюць культурна-асветніцкі характар, не заяўлялі аб палітычных амбіцыях». А цяпер многія з іх і зусім не актыўныя.

Вайна як стымул

Дадатковыя стымулы для развіцця мясцовага рэгіяналізму, як адзначаюць у «Тверской Земли», дала вайна Расеі супраць Украіны, паколькі «Крэмль у імя сваіх імперскіх амбіцый стаў кідаць на забой абалваненае і малалікае насельніцтва краю».

«Яна [вайна. – Рэд. belsat.eu] змяніла ўсю геапалітычную рэальнасць, паставіўшы пад сумнеў захаванне Расеі ў яе цяперашнім выглядзе», – заяўляюць у «Смаландии».

У такіх умовах, адзначаюць пскавічы, трэба «гучней выказваць нашы ідэі і ўдзельнічаць у працэсах дэзынтэграцыі Расеі, якія паскараюцца».

«Пасля таго, як адбудзецца вызваленне Беларусі ад лукашызму-пуцінізму, а ў Расеі з высокай імавернасцю можа пачацца дэстабілізацыя, пытанне Смаленшчыны з гісторыі і этнаграфіі можа стаць пытаннем палітыкі і геапалітыкі», – адзначаюць прадстаўнікі «Смаландии».

База ёсць?

«У масы» ідэі рэгіяналізму ні ў адной з вобласцяў не выйшлі. У «Тверской Земли» гэта тлумачаць маскоўскай палітыкай уніфікацыі і скарачэннем насельніцтва рэгіёнаў. Аднак, заяўляюць у «Смаландии», база для развіцця мясцовай ідэнтычнасці «пры змене палітычнай сітуацыі» ёсць і «запатрабаваная». Са словаў прадстаўнікоў ініцыятывы, «у Смаленшчыне нават цяпер вельмі нядрэнна развіваюцца самыя розныя праявы стыхійнага менавіта смаленскага, а не проста агульнарасейскага патрыятызму», уключаючы народныя строі, песні, кухню, казкі, гісторыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 2-і Форум свабодных народаў Расеі. Прага, Чэхія. 22 ліпеня 2022 года.
Фота: Міхал Камарыт / ČTK

Аб папулярнасці ідэі «нейкай адасобленасці і ўнікальнасці» заяўляюць і ў «Псковской Рэспублике»:

«Вельмі прыкметна, што многія вельмі любяць свой рэгіён і асацыююць сябе менавіта з ім у першую чаргу. Рэгіянальная ідэнтычнасць існуе, і яна досыць моцная ў параўнанні з многімі іншымі «ненацыянальнымі» рэгіёнамі Расеі».

Паводле аўтараў ініцыятываў, агульнае гістарычнае мінулае – ад плямёнаў крывічоў і да ВКЛ і Наўгародскай рэспублікі – і этнаграфічныя адрозненні дапамагаюць мясцовым жыхарам  адчуваць не толькі сваё адрозненне ад іншых рэгіёнаў Расеі, але і блізкасць паміж сабой. Акрамя таго, ёсць «вялікая колькасць праблемаў, што адгароджвае рэгіён ад Масквы і ўзмацняе непрыязнасць да кіравання з цэнтру». А ліберальная апазіцыя, хоць і змагаецца з карупцыяй, «па-сутнасці распаўсюджвае тыя ж імперскія наратывы», адзначаюць у «Тверской Земли».

Памежны ж статус рэгіёнаў з Беларуссю і краінамі Балтыі прыводзіць да таго, што «людзі звязаныя больш з геаграфічным рэгіёнам агулам, чым з палітычнай Расеяй як такой», заяўляюць прадстаўнікі Пскоўшчыны.

Патрэбны крах Крамля

Як адзначаюць у «Смаландии», стыхійны патрыятызм з’яўляецца перадумовай для «ўсвядомленага, палітычнага патрыятызму, які на падставе ўсяго гэтага пачынае ставіць пытанне пра інтарэсы і як мінімум аб аўтаноміі рэгіёну». Калі ж у грамадстве абвастраюцца супярэчнасці і імі ўдаецца скарыстацца, гэта можа прывесці да палітычнага поспеху.

«У сілу нашай геаграфіі і гісторыі шанцаў на рэалізацыю ідэй еўрапейскага развіцця ў Смаленскай вобласці ў разы больш, чым у Расеі агулам. Проста таму, што паводле сваіх памераў, колькасці насельніцтва і размяшчэнні гэта патэнцыйна невялікая краіна, якая размяшчаецца ў Еўропе і Вялікай Балтыцы, а не велізарная імперыя, якая пачне разломлівацца на кавалкі па розных расколінах», – заяўляюць на Смаленшчыне.

Аднак, прызнаюць у «Тверской Земли», выхад са складу Расеі «магчымы толькі пры поўным краху ўлады Крамля, што пакуль малаверагодна». Таму праграма мінімум – «дамагацца стварэння сістэмы федэралізму у абноўленай Расеі ці ў тым, што ад яе застанецца».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сям’я фатаграфуецца перад гіганцкім макетам паштовай маркі з выяваю ахопленага агнём Крамля, Кіеў, Украіна. 12 студзеня 2023 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Як Малдова і Румынія

У будучыні прадстаўнікі Усходне-Крыўскай платформы маюць намер «выбудаваць моцныя і сяброўскія, шмат у чым нават «братэрскія» адносіны з заходнімі суседзямі», перш за ўсё – з Беларуссю і краінамі Балтыі. Аднак, адзначаюць смаляне, калі для Пскоўшчыны важныя сувязі з Эстоніяй і Латвіяй, то для Смаленшчыны Беларусь – «адназначны прыярытэт».

«Цверычы ў гэтым сэнсе ў адной лодцы з намі, але іхная праблема ў тым, што ў іх няма вонкавай мяжы ні наогул, ні з Беларуссю ў прыватнасці, таму яны змогуць рухацца ў гэтым кірунку толькі ў тым выпадку, калі гэты рух пачне Смаленшчына», – заяўляюць у «Смаландии».

Разам з тым, прызнаючы Смаленшчыну часткай беларускага этнакультурнага арэалу, яны падкрэсліваюць: пасля таго, як рэгіён у 1919 годзе быў уключаны ў РСФСР, а не БССР, шляхі беларусаў і смалянаў разышліся.

«Таму ў агляднай будучыні мы не бачым перспектываў аб’яднання ў адну дзяржаву, у тым ліку таму, што Беларусі пасля вызвалення ад рэжыму Лукашэнкі трэба будзе праводзіць паскораную беларусізацыю, а мы на гэтых хуткасцях рухацца не зможам, і тады атрымаецца, што альбо мы вас у гэтым тармозім, альбо, калі мясцовае насельніцтва будуць цягнуць у гэты бок, што называецца, за вушы, то гэта выкліча зваротную рэакцыю», – мяркуюць смаленскія актывісты.

На іх думку, «аптымальна стратэгічнае партнёрства, як у Малдовы і Румыніі або Азербайджану і Турцыі».

«Калі ўявіць гіпатэтычны выбар «далучыцца да дэмакратычнай Беларусі або застацца ў складзе Расеі», то, вядома, я б выбраў першае. Але мы перакананыя, што менавіта суверэнныя дзяржавы змогуць утварыць арганічную і культурна разнастайную вялікую Балтыю, а дзяржавы Крывіі будуць неад’емнай часткай гэтага рэгіёну – як культурна, так і палітычна», – адзначае прадстаўнік Пскова.

Цверычы ж не выключаюць, што і само «беларускае грамадства ідэю аб’яднання дзвюх частак можа ўспрыняць як радыкальную».

Ці ёсць будучыня?

«Ці застанецца гэта [Усходняя Крывія. – Рэд. belsat.eu] толькі інтэрнэт-праектам або стане асновай палітычнага руху, незразумела. Пакуль падстава для апошняга здаецца слабай. Але тое, што адбылося на Сярэдняй Волзе больш за стагоддзе таму, мае на ўвазе, што маніторынг гэтых групаў крытычна важны, бо амаль напэўна будзе так, што адна з іх атрымае будучыню», – піша амерыканскі палітолаг Пол Гобл.

У сваю чаргу былы дэпутат Пскоўскага абласнога сходу дэпутатаў, лідар мясцовага аддзялення апазіцыйнай партыі «Яблоко» Леў Шлосберг у каментары «Белсату» адзначыў, што ўпершыню чуе аб такіх ініцыятывах, і сярод жыхароў Пскоўскай вобласці «не сустракаў тых, хто выказваў такія ініцыятывы».

«У публічнай прасторы мне такія ініцыятывы не сустракаліся», –  падкрэсліў палітык.

Уваходзіць у РФ можна, выходзіць – нельга

Пра сваё жаданне больш цеснай кааперацыі з Беларуссю, а то і ўваходжання ў яе склад жыхары памежных рэгіёнаў Расеі заяўляюць ужо не першы раз. Так, у 2008 годзе прайшлі народныя сходы ў шэрагу раёнаў Бранскай вобласці, на якіх прымаліся звароты да мясцовых саветаў з нагоды іх далучэння да нашай краіны.

У кастрычніку 2014 года аб тым, што «частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх земляў калісьці належала Беларусі», нагадваў і Лукашэнка. Пасля гэтага на сайце бранскай газеты «Горад Б» чытачам прапанавалі выбраць варыянт дзяржаўнай прыналежнасці Бранску, і большасць прагаласавала за ўваходжанне ў склад Беларусі. Яшчэ раней пачаўся збор подпісаў за тое, каб Шумяцкі раён Смаленскай вобласці стаў часткай Беларусі.

Ды і смаленскі губернатар Аляксей Астроўскі заяўляў аб неабходнасці больш цеснай кааперацыі з Беларуссю, паколькі сам рэгіён не спраўляўся з апрацоўкай сельскагаспадарчых зямель.

Але расейскія ўлады на спробы ўваходжання памежных рэгіёнаў у склад Беларусі заяўлялі, што межы Расеі «павінны быць недатыкальныя». А ў снежні 2013 года, незадоўга да анэксіі ўкраінскага Крыму, у Крымінальны кодэкс РФ і наогул унеслі артыкул 280.1 («Публічныя заклікі да ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Расейскай Федэрацыі»), які прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Гэта значыць, па думку расейскіх заканадаўцаў, у Расею часткі іншых дзяржаваў уваходзіць могуць, а вось выходзіць – не.

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў