Ці баіцца Лукашэнка «шалёных» ракетаў?


Аляксандр Лукашэнка заявіў пра шалёную ракету на мяжы Польшчы з Украінай. Дыктатар назваў ракетны інцыдэнт «дагаварняком». Падчас масіраванай расейскай ракетнай атакі па Украіне на мінулым тыдні ракета ўпала на тэрыторыі Польшчы, і выбух забіў двух чалавек. Як і навошта Лукашэнка маніпулюе інфармацыяй пра трагедыю? Ці застрахаваная Беларусь ад такога сцэнару? Ці не падзе ён сам пад абломкамі ракетаў?

Чаму ўкраінская ракета супрацьпаветранай абароны С-300 паляцела на захад, а не на ўсход? Тлумачыць капітан другога рангу ў адстаўцы Ваенна-марскога флоту Польшчы, эксперт Defence24.pl Максымільян Дура:

«Расейцы справакавалі запуск ракеты ў заходнім кірунку, выкарыстоўваючы адпаведную траекторыю палёту сваіх ракетаў. Расейскія ракеты прылятаюць з заходняга боку ад залпаў украінскіх супрацьпаветраных зенітных комплексаў. Украіна вымушаная страляць не ва ўсходнім кірунку, а ў заходнім. Таму заўсёды будзе існаваць рызыка, што гэтыя ракеты пераляцяць мяжу. Кіруючы траекторыяй сваіх ракетаў, якія манеўруюць, Расея можа правакаваць такія выпадкі не толькі на тэрыторыі Польшчы, але над Славаччынай, Румыніяй, Вугоршчынай і над Беларуссю. Бо і на Беларусь могуць упасці ракеты ўкраінскай супрацьпаветранай абароны».

Трэба разумець: на вайне як на вайне. І вінаваціць Украіну ў тым, што не туды паляцела ракета, – амаральна, бо Украіна як можа адбіваецца ад расейскай агрэсіі, дадае беларускі адмыслоўца Аляксандр Класкоўскі, і ён пагаджаецца, што падобнае магло і можа здарыцца і з Беларуссю. Але для Лукашэнкі гэта не стала б нагодаю ўступаць у вайну.

«Натуральна, не выключана, што нейкая ракета можа і на беларускую тэрыторыю заляцець. Трэба адзначыць, што Лукашэнка і ягоная прапаганда неаднойчы рабілі ваяўнічыя заявы: хай толькі паспрабуюць нас крануць, мы з усёй моцы дамо адказ. Але гэта надзіманне шчок – Лукашэнка пазбягае дасылаць свае войскі ва Украіну, асабліва пасля расейскіх паразаў, пасля здачы Херсону», – каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Адкуль ракеты прыляцелі – вядома, бо іх адсочваў самалёт радыёлакацыйнай сістэмы АВАКС. Як і адкуль ляцела ракета – не галоўнае. Важна тое, што Польшча, зрэшты, як і іншыя краіны, застаецца ў небяспецы. Бо Расея не толькі пралічвае траекторыю запуску ракетаў, але і мае састарэлае жалеза.

«Расейскія ракеты старыя, а гэта азначае, што крылатая ракета можа не даляцець да цэлі. А можа пераляцець цэль і паляцець далей. Пры радыусе 2 і 4 тысячы кіламетраў гэта азначае пагрозу для ўсёй Еўропы. Расейцы не трымаюцца ніякіх правілаў і атакуюць аб’екты на памежных тэрыторыях краінаў, якія не бяруць удзелу ў вайне», – тлумачыць Максымільян Дура.

Лукашэнка ў інцыдэнце на мяжы, вядома, вінаваціць не свайго ваеннага хаўрусніка, а Украіну і Польшчу:

«Чаму менавіта падчас саміту «Дваццаткі» раптам атакавалі натаўскую дзяржаву, як гэта было першапачаткова прадстаўлена? Я баюся рабіць высновы, але падобна на такі дагаварняк», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Навошта Лукашэнку тэорыі змовы? Хіба ўжо не ўсё роўна, калі з тваёй тэрыторыі Расея запускае што хоча і калі хоча?

«Калі ён каментаваў інцыдэнт з ракетай, якая ўпала на польскай тэрыторыі, ён развёў канспіралогію, – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. – Звышзадачай было для Лукашэнкі кінуць дадаткова цень на Украіну, на Польшчу. Гэта ўлюбёныя ягоныя тэзы, што ўкраінцы, палякі насамрэч агрэсары, што яны справакавалі Расею. […] Але ён перагнуў палку, і гэта ўжо заўважылі: ён заўсёды цвердзіў, што і Кіеў, і Варшава – марыянеткі амерыканскія, а тут атрымліваецца, яны замуцілі такую гульню, якая не спадабалася Вашынгтону».

Вашынгтон Лукашэнка ў сваю чаргу пахваліў: маўляў, «амерыканцы маўчаць, бо ведаюць, што Беларусь тут усё кантралюе». Але гэтыя ягоныя пасылы і так скіраваныя на Усход, а не на Захад, лічыць адмыслоўца.

«Праблема Захаду ў тым, што ўся прапаганда Расеі працуе на грамадзянаў Расеі. На самім Захадзе ў гэта ніхто не верыць. І не трэба забываць: тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, – гэта эфект доўгай прамыўкі мазгоў. І нам цяжка патлумачыць расейцам, што незалежна ад таго, што гэта была ўкраінская ракета, віна і адказнасць ляжыць на Расеі, бо гэта яна атакуе аб’екты ва Украіне», – кажа Максымільян Дура.

Сярод іншага і аб’екты недалёка ад заходняй мяжы Украіны. Чаму супрацьпаветраная абарона Польшчы не збіла ракету, якая парушыла яе паветраную прастору?

«Мы кажам пра сітуацыю, калі мы збіваем цэлі, якія ляцяць над нашай тэрыторыяй пару секундаў. Ніводная супрацьпаветраная сістэма не можа зрэагаваць. Каб супрацьпаветраная абарона была эфектыўная, то такія ракеты мусяць быць перахопленыя над тэрыторыяй Украіны, – тлумачыць Максымільян Дура. – І давайце ўявім, што б казала расейская прапаганда, калі б над тэрыторыяй Украіны такія ракеты ліквідаваліся натаўскімі ракетамі, якія страляюць з тэрыторыі Польшчы ці Славаччыны? Было б шмат крыку. Можна вырашыць праблему, калі стварыць буферную зону на ўкраінскай тэрыторыі, а гэта азначае, што над такой тэрыторыяй не могуць лятаць самалёты ніводнага боку».

Лукашэнку не пужае перспектыва падзення «шалёных ракетаў» на тэрыторыю Беларусі. Іхных аскепкаў ён не баіцца. А вось што рэальна яго хвалюе – дык гэта не застацца пад абломкамі Расеі. Менавіта такі мэсідж ён пераказаў удзельнікам саміту АДКБ.

ПраСвет
Пуцін з Лукашэнкам зацягваюць Беларусь у вайну. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2022.11.25 15:54

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў