Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце – пра «забытых еўрапейцаў». Ці пачулі крык душы беларусаў?


Выступ Святланы Ціханоўскай ў Еўрапейскім парламенце 24 лістапада назвалі гістарычным. Мала каму дазваляюць так выступіць у гэтай установе. Сам факт – ужо вялікае дасягненне. Беларуская лідарка не пабаялася сказаць, што думаюць беларусы. Еўрадэпутаты сустрэлі авацыямі ейную крытыку афіцыйнага Бруселю. Аліна Коўшык па гарачых слядах распытала Святлану Ціханоўскую, адразу пасля ейнага выступу ў Страсбуры.

Аліна Коўшык: Якія эмоцыі вы адчувалі, калі стаялі на трыбуне? Перад вамі – увесь Еўрапарламент, а вы казалі вельмі моцныя словы. Якія не зусім прыемна было чуць тут, у Страсбуры.

Святлана Ціханоўская: У мяне быў спектр эмоцыяў. Я насамрэч стрымлівалася, каб не плакаць, калі я чытала гэты спіч, калі мы яго рэдагавалі. Дзякую маёй камандзе, якая дапамагла зрабіць яго. Дзякую беларусам, якія натхнілі нас, задаючы нязручныя пытанні еўрапейскім краінам. Я стрымлівала слёзы, бо там вельмі эмацыйныя моманты. З іншага боку, я разумела, што гэта той самы момант, калі трэба расказаць Еўропе, якія думкі ў нас насамрэч. Мы вельмі ўдзячныя за ўсё, што робяць еўрапейскія краіны для нас. Часам здаецца, што проста прынялі нейкую рэзалюцыю. За кожнаю рэзалюцыяй стаіць вялізная праца. Кожны візіт, які вельмі цяжка зарганізаваць лагістычна. Нас радыя бачыць, бо ўсе натхнёныя беларусамі. Гэтая прамова была як халодны душ для Еўропы. Але гэта была праўда. Гэта быў крык душы, і я думаю, што нас пачулі. Я бачыла водгукі, як яго ўспрынялі. Каб не было заспакаення, што мы шмат робім. Шмат робіцца, але мы ж у Беларусі. Мы разумеем, што нашыя любыя пакутуюць у турмах. Мы ўпэўненыя, што можна зрабіць больш. Галоўнае – крыху больш уцягнутасці.

АК: Вы думаеце, што гэтыя эмоцыі дапамогуць пераканаць неперакананых? Бо мы разумеем, што Еўропа пакуль не кажа адзіным голасам, што ўсцяж ідзе бізнес з афіцыйнаю Беларуссю. Мы разумеем, што не падпісаны пяты пакет санкцыяў. Вы адчулі фідбэк, што будуць канкрэтныя зрухі?

СЦ: Я з вамі не пагаджуся, бо палітычна Еўропа кажа адзіным голасам. Многія прыватныя бізнесы клапоцяцца пра свае інтарэсы, і мы павінны з імі працаваць больш. Пяты пакет санкцыяў яшчэ не падпісаны. Тут працуюць лабісты, велізарная армія супраць санкцыйнага ціску. Мы ў гэты працэс не можам умешвацца, бо гэта рашэнні еўрапейскіх арганізацыяў: хто павінен быць у санкцыйным спісе. Таму я б не сказала, што не адзіным голасам.

АК: Ці ўдалося дзякуючы вашаму візіту змясціць фокус з гібрыднай атакі на мяжы, якую падрыхтаваў Лукашэнка, на сапраўдныя праблемы беларусаў?

СЦ: Я ў кожным сваім інтэрв’ю і размове гэты фокус зрушваю. Каб гэтую праблему не ўспрымалі асобна ад палітычнага крызісу. Гэта ўзаемазвязаныя рэчы. Каб развязаць праблему крызісу на мяжы, трэба развязаць корань праблемы. Тут я таксама выразна распавяла, што стаіць на чале ўсіх гэтых праблемаў. Гэта таксама працэс. Людзей, якія прыехалі з іншых краінаў, бачаць. Беларусаў у турмах не пакажаш. Нашая задача – расказваць, што там усё працягваецца. Мы фокус пастаянна ссоўваем. Мая прамова – гэта магутны штуршок.

Hавiны
Што твіцяць еўрадэпутаты пра выступ Ціханоўскай
2021.11.24 21:51

АК: Вы параўналі рэжым Лукашэнкі з вірусам. Гэта яскравая метафара, якая павінна быць зразумелая еўрапейцам сёння.

СЦ: Дыктатура – як вірус, які можа распаўсюджвацца і на іншыя дзяржавы. Гэтага трэба пазбягаць. Мы як прыклад паказваем, як цяжка потым змагацца з дыктатурамі. Лепш цяпер лячыць агмень, які цяпер, на жаль, у Беларусі, чым потым лячыць сімптомы, якія распаўсюджваюцца па ўсёй планеце.

АК: 14 снежня будзе агучаны прысуд вашаму мужу ў Гомельскім СІЗА, а таксама Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку. Як вы ўспрынялі гэтую інфармацыю?

СЦ: Я разумела, што рана ці позна будзе вынесены так званы прысуд. Я не ўпэўненая, што буду гатовая да лічбы, якую агучаць, але я ведаю, што гэтая лічба не ператворыцца ў гады. Сапраўды гэтак жа, як у Марыі Калеснікавай, Максіма Знака ды іншых нашых сяброў. Менавіта таму мы тут і робім нейкія крокі, каб хутчэй іх вызваліць. Я ведаю, што там вельмі цяжкія ўмовы. Я ведаю, што Сяргей вельмі моцны, хоць турма нікому здароўя не дадае. І маральных сілаў. Але ён ведае, Ігар і Мікалай ведаюць, што мы працягваем нашую барацьбу. Ён мне даслаў адзін такі радок: кожны дзень іхнага зняволення – гэта маўклівая згода беларусаў. Таму кожнаму трэба паставіць пытанне: год таму мы бачылі адно аднаго, гэта мы давалі адно аднаму надзею. Таму трэба зноў падымацца, аб’ядноўвацца і паглядзець у вочы адно аднаму. Людзі ў турме спадзяюцца толькі на нас. Яны ахвяравалі сабою дзеля нас. Давайце падумаем, як доўга мы гатовыя трываць тое, што адбываецца ў нашай краіне.

АК: Не трэба чакаць, што Еўропа нас вызваліць.

Мы самі сябе вызвалім. Ціск і непрызнанне – гэта дапаможныя рычагі. Ніхто акрамя нас.

Інтэрв’ю для праграмы «ПраСвет» 25.11.2021

Стужка навінаў