Палітолаг пра выступ Ціханоўскай у Еўрапарламенце: Прамова была трапнай, а чарговыя санкцыі будуць мець кумулятыўны эфект


24 лістапада Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламенту. Каманда былой кандыдаткі на прэзідэнцтва спадзяецца, што дзякуючы прамове палітыка захады Бруселю ў дачыненні афіцыйнага Менску зменяцца і стануць больш жорсткімі. Назіральнікі адзначаюць, што выступ Ціханоўскай стаўся рэзанансным.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, распавёў «Белсату», што выступ у Еўрапарламенце рыхтавалі сваймі сіламі. Дадатковых асобаў, каб стварыць прамову, каманда не шукала.

«Прамова стваралася камандай з удзелам Святланы, як звычайна фармулюем тэзы, разам пішам. Але ў нас няма нейкіх наёмных спічрайтараў, вонкавых асобаў, спецыялістаў. Усё робім сваймі сіламі ўнутры нашай невялікай каманды, безумоўна, з удзелам Святланы», – распавёў «Белсату» Франак Вячорка.

Святлана Ціханоўская выступае перад Еўрапарламентам. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Паводле Франака, прэзідэнт Еўрапарламенту Давід Сасолі запрасіў Святлану Ціханоўскую на паседжанне Еўрапарламенту яшчэ ў жніўні. Але тады не было дакладна вядома пра фармат праз каронавірусныя абмежаванні.

«24 лістапада адбылася першая пленарная сустрэча ў такім складзе за апошнія 2–2,5 года. Што да паседжання, то пра фармат мы даведаліся, магчыма, за тыдзень. Гэта значыць, як будзе выглядаць, у якой зале, працягласць выступу. Падрыхтоўка прадугледжвала ўзгадненне мэсіджаў, якія мы хочам перадаць, а потым рыхтаванне самога спічу, афармлялі паведамленні, якія мы хочам данесці, у сказы, у нейкую лінію. Я думаю, што пайшло на гэта тыдзень працы. І я спадзяюся, што словы патрапілі, бо прамова прагучала да месца і своечасова, паколькі ў Еўрапарламенце якраз абмяркоўвалі палітычны і міграцыйны крызіс у Беларусі», – кажа Франак Вячорка.

Выступ Святланы Ціханоўскай стаў цікавым і для еўрадэпутатаў. Еўрапейскія палітыкі каментуюць словы Ціханоўскай і выказваюць сваё падтрыманне.

Hавiны
Што твіцяць еўрадэпутаты пра выступ Ціханоўскай
2021.11.24 21:51

Пасля такіх водгукаў каманда Ціханоўскай чакае зменаў у палітыцы Бруселю ў дачыненні афіцыйнага Менску.

«Многім нашым суайчыннікам хацелася б, каб справа рушыла хутчэй і без бюракратыі. Але ж мы часам не ўяўляем, колькі часу займае рыхтаванне палітычных пазіцыяў і рашэнняў. Да таго ж Еўразвяз абмежаваны ў сваіх захадах, паколькі складана паўплываць на Лукашэнку, бо формаў ціску, акрамя як санкцыяў, не так і шмат. А санкцыі, каб іх прыняць з улікам усіх юрыдычных працэдураў, мусяць прайсці некалькі колаў узгаднення сярод усіх 27 краінаў.

Таму, вядома, мы спадзяемся, што зрабілі штуршок, стварылі палітычную волю, жаданне дзейнічаць рашуча. І калі запускаецца працэс, ён некаторы час трывае. Увогуле ў дэмакратыях хутка рашэнні не прымаюцца, гэтым яны і адрозніваюцца ад аўтарытарызму. Дый не санкцыямі аднымі, трэба памятаць, дзейнічае ЕЗ. Ствараюцца і адукацыйныя праграмы, падтрыманне рэпрэсаваных, міжнародныя суды, дапамога медыям, трэба, каб гэта таксама было. Але і гэтыя захады забюракратызаваныя і робяцца вельмі павольна. Санкцыі не вырашаць усіх праблемаў, але мы рухаемся ў кірунку комплекснай стратэгіі», – кажа Франак Вячорка.

Hавiны
ЗША рыхтуюць з Еўразвязам новыя санкцыі супраць Лукашэнкі
2021.11.23 08:55

Тым не менш у ЕЗ цяпер рыхтуюць пяты пакет санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Чакаецца, што новыя абмежаванні могуць прыняць ужо да канца наступнага тыдня. Мяркуюць, што абмежавальныя захады закрануць вінаватых у міграцыйным крызісе, у распальванні якога Брусель вінаваціць Лукашэнку.

«Я думаю, што пяты пакет не будзе настолькі шырокім і маштабным, як чацвёрты. Яго сутнасць больш у кумулятыўным эфекце. Гэта значыць, што еўрапейскія палітыкі яшчэ раз пацвердзяць, што ў Беларусі ёсць праблемы і Еўропа чакае зменаў у палітыцы Лукашэнкі. Відавочна, што санкцыі будуць, бо беларускія ўлады зрабілі ўсё, каб пяты пакет прынялі. Але я не чакаю істотных рашэнняў, якія б маглі паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. Пашырэнне чорнага спісу чыноўнікаў – гэта сімвалічная захада. Можа быць уключэнне кампаніяў у чорны спіс. Сярод іх называюць і «Белавію», якая можа апынуцца пад санкцыямі. Гэта можа мець уплыў, прынясе страты для ўладаў, але сваім маштабам непараўнальна з тым, што было ў чацвёртым пакеце», – лічыць доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Абноўлена
«Лукашэнка разумее толькі мову сілы». У Вене прайшла канферэнцыя аб Беларусі
2021.11.22 13:08

СК belsat.eu

Стужка навінаў