Пачаўся новы працэс у «карагоднай справе», судзяць адразу 16 асобаў


Упершыню будуць судзіць адразу дзве групы абвінавачваных – гэта 16 асобаў.

Працэс ідзе ў судзе Берасцейскага раёну, вядзе яго Кацярына Рамашка, у суд Берасцейскага раёну яна прыйшла год таму. Рамашка будзе судзіць Уладзіміра (цяпер у СІЗА) і Кацярыну Ганчаровых, шматдзетную сям’ю Гачынскіх: Вольгу і Руслана. Таксама ў спісе – Аляксандр і Таццяна Паўлючыкі, Сяргей Ярошкін, Цімур Ломпік, Павел Краўчук, Ганна Баран, якая таксама ў СІЗА.

Далучылі справы яшчэ шасці чалавек: Святланы і Сяргея Якімовічаў, Веранікі Клімовіч, Валянціны Карсак, Сяргея Лапка і Аляксандра Вялічкі. Вядома, што на некаторых людзей з гэтых групаў завялі яшчэ адну крымінальную справу.

Тым часам следчыя «карагоднай справы» сабралі яшчэ адну групу, якая знаёміцца з матэрыяламі справы.

Гэта адна з самых масавых «палітычных справаў» у гісторыі Беларусі. Следчыя выявілі 115 чалавек, якія мелі дачыненне да карагоду, абвінавачанні выставілі 108 з іх, а 87 фігурантам ужо агучылі прысуды: ад хатняй да рэальнай «хіміі».

Нагадаем, 13 верасня 2020 года падчас Маршу герояў у Берасці ўдзельнікі шэсця зладзілі вялікі карагод на скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і праспекту Машэрава.

Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСу

Людзей разагналі вадамётам, а супраць затрыманых завялі крымінальную справу за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Hавiны
Дзявятая група абвінавачваных у «карагоднай справе» рыхтуецца да суда
2021.10.07 16:30

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў