Украіна запытала тэрміновае паседжанне Рады бяспекі ААН. Чаму гэта наўрад ці дапаможа


Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Алег Нікалаенка вечарам 24 верасня напісаў у Twitter, што Украіна запытала аб тэрміновым паседжанні Рады бяспекі ААН у пытанні «рэферэндумаў» на акупаваных Расеяй тэрыторыях. Ён дадаў, што «Расея павінна панесці адказнасць» за замах на міжнародна прызнаныя межы.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

Рада бяспекі – адзін з шасці галоўных органаў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, рашэнні Рады бяспекі абавязковыя для ўсіх чальцоў ААН. Менавіта Рада бяспекі адказная за разбор спрэчак, якія могуць пагражаць міжнароднаму міру і бяспецы. Рашэнні прымаюцца, калі «за» галасуюць 9 з 15 чальцоў Рады бяспекі і калі ніводзін з пастаянных чальцоў не накладае вета.

На сёння непастаянныя чальцы Рады бяспекі – Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Албанія, Бразілія, Габон, Гана, Індыя, Ірландыя, Кенія, Мексіка і Нарвегія. Пастаянныя чальцы – Вялікая Брытанія, Злучаныя Штаты, Кітай, Францыя і Расея.

Гэта значыць, Расея можа накласці вета на рашэнне, нават калі 14 іншых чальцоў Рады бяспекі будуць «за». Гэта не замінае праводзіць слуханні адносна пытанняў, якія не падабаюцца Расеі (напрыклад, аб масавых забойствах у Бучы). Але калі Расея супраць нейкага рашэння, то бальшыня галасоў ужо не мае значэння (напрыклад, як у пытаннях аб Сірыі). З 1993 года Расея 31 раз карысталася правам вета.

Разважанні аб рэформе Рады бяспекі ААН ідуць даўно, заклікі гучаць рэгулярна. Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль 23 верасня з трыбуны ААН заклікаў да аўтаматычнага выгнання з Рады бяспекі краінаў, якія пачынаюць несправакаваную і неапраўданую вайну, асуджаную Генеральнай асамблеяй. Выключыць Расею з Рады бяспекі неаднаразова заклікаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі (у тым ліку 22 верасня ў відэазвароце да дэлегатаў Генасамблеі).

Але легальнага механізму, які дазваляў бы выключыць краіну з Рады бяспекі ААН, няма. Ёсць хіба тэарэтычная магчымасць выключыць краіну з ААН, але ёй ніводнага разу ў гісторыі не карысталіся.

Выходзіць, што нават калі сам Генеральны сакратар ААН выказвае Радзе бяспекі занепакоенасць «рэферэндумамі», Рада бяспекі ААН наўрад ці зможа выдаць рэзалюцыю супраць планаў Расеі анексаваць яшчэ кавалак Украіны.

Hавiны
Сербія адмовілася прызнаваць «рэферэндумы» аб далучэнні частак Украіны да Расеі
2022.09.25 18:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў