Арганізатар сустрэчы з расейскай блогеркай у ГЦ «Dana Mall» затрыманы


МУС расцаніў сустрэчу з 12-гадовай расейскай блогеркай Міланай Хаметавай як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства».  

Днём 24 верасня ў ГЦ «Dana Mall» прайшла сустрэча з 12-гадовай расейскай блогеркай Міланай Хаметавай, на ёй прысутнічала некалькі тысяч чалавек. У нейкі момант праз перагрузку ліфта адбыўся экстраны прыпынак кабіны, дзе пачалася цісканіна. У выніку па медычную дапамогу звярнуліся пяцёра малалетніх дзяцей.

Следчы камітэт увечары паведаміў, што распачаў праверку па факце траўмавання дзяцей.

МУС позна ноччу апублікаваў прэс-рэліз, дзе распавядалася, што днём 24 верасня яны спынілі правядзенне «несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» ў ГЦ «Dana Mall» і «з мэтай недапушчэння цісканіны прынялі захады па разгрупаванні групаў маладых людзей як у самім ТРЦ, так і каля яго».

«Цяпер высветлены і затрыманы арганізатар несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў ТРЦ. Высвятляюцца асобы, якія маюць дачыненне да яго арганізацыі. Вінаватыя будуць прыцягнуты да ўстаноўленай законам адказнасці», – адзначаецца ў заяве міліцыі.

Пры гэтым пра траўмаванне дзяцей у прэс-рэлізе нічога сказана не было.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў