Яшчэ 8 беларусаў прызналі палітвязнямі. Агулам у спісе «Вясны» 1489 палітычных зняволеных


Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН, «Прававая ініцыятыва», «Lawtrend» і Беларускі Хельсінкскі камітэт прынялі супольную заяву аб прызнанні яшчэ 8 чалавек палітычнымі зняволенымі. Шасцёх палітвязняў вінавацяць у «абразах» і «распальванні варожасці», аднаго ў намеры ваяваць за Украіну і аднаго ў «здрадзе дзяржаве».

Жаночы пратэст
Здымак мае ілюстрацыйны характар. АМАП ходзіць па дварах каля плошчы Перамогі падчас жаночай акцыі пратэсту ў Менску. 26 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

У спіс палітычных зняволеных дадалі наступных людзей:

  1. Яўген Каваленка за «Публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі» (арт. 368 КК РБ), «Публічную абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «Паклёп на Лукашэнку» (арт. 367 КК), «Распальванне варожасці» (арт. 130 КК), «Арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК) асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  2. Сяргей Еўдакіменка за саўдзел у «Распальванні варожасці» (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК) за перадачу звестак прадстаўнікоў дзяржаўнай улады пратэсным інфармацыйным рэсурсам асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  3. Антон Дзянэйка за «Пагрозы службовым асобам» (арт. 364 і 366 КК), «абразы» Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады (арт. 368 і 369 КК) у каментарах у інтэрнэце асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  4. Павел Абазны за «Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце» (ч. 1 арт. 361-3 КК) за намер далучыцца да абаронцаў Украіны, за захаванне 12 патронаў (арт. 295 КК) і за «Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу моцнадзейнага рэчыва» (анабалічны стэроідны прэпарат) асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  5. Алена Яфрэменка за ўчыненыя каментарамі ў інтэрнэце «Абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368), «Абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК), «Групавыя дзеянні…» (ч. 1 арт. 342 КК), «Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні на службовай асобы» (ч. 2 арт. 366), і за «Распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК) асуджаная на невядомы тэрмін пазбаўлення волі.
  6. Уладзіслаў Пудзяк за «Здраду дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК) асуджаны на закрытым працэсе на невядомы тэрмін пазбаўлення волі.
  7. Руслан Захарчанка за «Распальванне варожасці» (арт. 130 КК) за каментары ў сеціве асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
  8. Уладзіслаў Беладзед узяты пад варту паводле абвінавачання ў «Распальванні варожасці» (арт. 130 КК).

Гэтых і іншых палітвязняў праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць рэпрэсіі супраць беларусаў.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што пераслед за «распальванне варожасці» ў Беларусі «селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады» Вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, вайскоўцаў і іншых сілавікоў у якасці сацыяльных групаў, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, праваабаронцам падаецца неабгрунтаваным. Праваабаронцы таксама адзначаюць, што рэпрэсіі і грубыя парушэнні правоў чалавека, у якія ўцягнутыя прадстаўнікі ўлады Беларусі, маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавецтва.

На момант публікацыі агулам у спісе, які вядзе «Вясна», 1489 палітвязняў – і гэта без уліку тых, хто ўжо адбыў пакаранне або ўцёк ад яго за мяжу, і без уліку пакараных паводле Адміністратыўнага кодэксу. Некаторыя праваабарончыя арганізацыі лічаць падыход «Вясны» састарэлым, ужываюць іншыя крытэры і даюць нават большыя лічбы палітвязняў – напрыклад, «DissidentBy» налічвае 1740 палітвязняў. Але і гэтыя лічбы наўрад ці поўныя: праваабаронцы не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, які нярэдка таемна затрымлівае і судзіць людзей, а пра некаторых палітвязняў сваякі баяцца паведамляць праваабаронцам.

Інтэрв’ю
Леанід Судаленка пра віцебскую калонію: Хто сядзеў у Расеі, казалі, што на «Віцьбе» цяжэй
2023.08.23 08:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў