Генпракуратура Беларусі распачала дзве крымінальныя справы супраць дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны


Генеральная пракуратура Беларусі абвінавачвае дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Аляксея Ганчарэнку ў пагрозе гвалтам у дачыненні Аляксандра Лукашэнкі і дыскрэдытацыі Беларусі. Распачатыя крымінальныя справы паводле ч.2 арт.366 і арт.369-1 КК РБ.

Аляксей Ганчарэнка.
Фота: politring.com

«Устаноўлена, што падазраваны ў сувязі з віншаваннем прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь народу Украіны з Днём Незалежнасці размясціў у сетцы Інтэрнэт публікацыю, у якой утрымлівалася пагроза ў дачыненні Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ілжывыя звесткі пра палітычнае і сацыяльнае становішча ў Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Крымінальныя справы накіраваныя ў Следчы камітэт Беларусі.

24 жніўня Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Украіну з Днём незалежнасці. Вайну ў сваім віншаванні ён назваў «супярэчнасцямі» і пажадаў украінцам мірнага неба і талерантнасці.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў гэтае віншаванне цынічным. А дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка напісаў, што «Лукашэнка будзе вісець на слупе ў наступны ўкраінскі дзень незалежнасці».

Гэтае выказванне Ганчарэнкі пракаментаваў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, а пракуратара завяла дзве крымінальныя справы.

У адказ на гэта Ганчарэнка напісаў у сваім тэлеграм-канале, што «на слупах будуць вісець і ўсе прадстаўнікі так званага МЗС і іншых структур, якія дапамагаюць Лукашэнку ўзурпаваць уладу і прыгнятаць народ Беларусі».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў