Менскі чыноўнік атрымаў тры гады калоніі за ўдзел у пратэстах


У судзе Ленінскага раёну Менску прайшоў разгляд крымінальнай справы супраць начальніка фінансавага аддзелу адміністрацыі Ленінскага раёна Юрыя Сянькова. Пра гэта паведамляе spring96.org.

Яго судзілі паводле арт. 342 КК («Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») – за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года, а таксама паводле артыкуле 368 КК («Абраза прэзідэнта») – за рэпост у тэлеграме.

Сянькоў распавёў, што 16 і 23 жніўня выйшаў на акцыі з цікаўнасці, бо «за ўсё жыццё такога не бачыў». Таксама на судзе ён сказаў, што заўсёды быў эмацыйным чалавекам і праз падзеі жніўня мінулага года «страціў магчымасць глядзець аднабока». Ён распавёў, што аднойчы ехаў з працы і ўбачыў, як людзі ў форме збіваюць чалавека дубінкамі. Юрый цяжка гэта ўспрымаў, і гэтая сцэна падштурхнула яго выйсці на акцыі.

25 жніўня суддзя Таццяна Шоцік вынесла менавіта такі прысуд, які запатрабавала пракурорка Юлія Даўгала: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ва ўсёй краіне было распачата больш за 4690 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На 25 жніўня 645 чалавек прызнаныя палітвязнямі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў