Бяспека, невысокія кошты і прырода. Усё больш беларусаў абіраюць сонечную Грузію, уцякаючы з радзімы


Беларусы Батумі адзначылі гадавіну рэвалюцыі ў Беларусі. За гадзіну да запланаванай акцыі пачалася залева. Але беларусы не разышліся і правялі акцыю салідарнасці. Больш за 200 удзельнікаў прайшліся па горадзе са сцягамі і пратэставымі лозунгамі. Батумі, Грузія. 9 жніўня 2021 года: ЛП / Белсат

У Грузіі даволі актыўная беларуская дыяспара. Усё болей грамадзянаў нашай краіны, вымушаных уцякаць ад пераследу рэжыму Лукашэнкі, абіраюць Батумі ці Тбілісі ў якасці прыстанішча. «Белсат» паразмаўляў з Мікалаем Леўшыцам, які вядзе самы вялікі расейскамоўны тэлеграм-канал пра Грузію і некалькі гадоў жыве ў гэтай сонечнай краіне. Сабралі асноўныя парады тым, хто прыехаў у Грузію.

Мікалай Леўшыц – грамадзянін Расеі. Ён трэці год жыве ў Грузіі і працуе тут над сваймі праектамі. Акрамя гэтага, ён вядзе самы буйны расейскамоўны тэлеграм-канал у Грузіі. Мікалай дзеліцца ведамі з тымі, хто толькі перабраўся ў гэтую краіну.

«Калі прыязджаеш у Грузію, то тут адразу ж узнікнуць некаторыя пытанні. Прычым я не назаву гэта праблемамі. Рэч у тым, што Грузія для грамадзянаў Беларусі, Расеі, Украіны дастаткова камфортная. Адразу ж скажу, што няма неабходнасці тут спяшацца прасіць палітычнага прытулку. Няма патрэбы бегчы ў дзяржаўныя органы. Рэч у тым, што для беларусаў прадугледжваецца пражыванне ў Грузіі на працягу 365 дзён без візы. Пры гэтым няма неабходнасці ў тым, каб атрымаць дазвол на працу. Тут можна і працаўладкавацца, і зняць жытло. На пашпарт можна адкрыць рахунак у любым грузінскім банку, можна карыстацца мабільнаю сувяззю і гэтак далей», – распавядае Мікалай.

Мікалай Леўшыц. Фота для «Белсату»

Перашкодаў для расейскамоўных грамадзянаў практычна няма. Можна паразумецца з працаўнікамі банку, крамаў.

«Я жыву ў Грузіі 2,5 года. Мажліва, мая гісторыя будзе нечым адрознівацца ад іншых, але я лічу, што 80 % грамадзянаў Грузіі разумеюць расейскую мову і 50–60 % могуць размаўляць на ёй. Праблемаў няма. Іншая рэч, што ў некаторых рэгіёнах ці ў моладзевых тусоўках могуць не зразумець расейскай мовы. Але грузіны даволі гасцінныя. Яны знойдуць магчымасць дапамагчы, ахвотна адгукнуцца на зварот замежніка».

Пры гэтым і праз 2,5 года пражывання Мікалаю даволі складана размаўляць па-грузінску.

«Вывучыць грузінскую мову, як мне асабіста падаецца, амаль нерэальна. Па-першае, мова насамрэч складаная. А па-другое, часцей у расейскамоўных асобаў, якія жывуць у Грузіі, кам’юніці застаецца практычна расейскамоўнае. У асяроддзе, каб выкарыстоўваць шырока грузінскую мову, я так і не пагрузіўся. Можна навучыцца чытаць, я навучыўся за тыдзень прыкладна, можна навучыцца лічыць, мне гэта ўдалося таксама за тыдзень. Цікава, што ў Грузіі – сістэма ліку дваццаткамі. Яны лічаць: 20, 40, 60. Калі лічба 75, то для іх больш зразумела 60 і 15».

Беларусы Батумі адзначылі гадавіну рэвалюцыі ў Беларусі. За гадзіну да запланаванай акцыі пачалася залева. Але беларусы не разышліся і правялі акцыю салідарнасці. Больш за 200 удзельнікаў прайшліся па горадзе са сцягамі і пратэставымі лозунгамі. Батумі, Грузія. 9 жніўня 2021 года: ЛП / Белсат

Мікалай кажа, што калі грузіны чуюць расейскую мову, то звычайна пераходзяць на расейскую. З часам у лексіконе з’явяцца грузінскія словы, сказы, каб хоць мінімальна можна было нешта сказаць ці запытаць. Але ў цэлым даволі складана. Таму асноўнае кола стасункаў для асобаў, якія не ведаюць грузінскай мовы, застаецца расейскамоўным.

Аб’ектыў
Грузія (не)бяспечная для беларусаў
2021.08.13 22:51

Акрамя мовы, складанасці ўзнікаюць і з пошукам працы.

«Галоўная праблема, з якою кожны тут сутыкаецца, – гэта даволі нізкія заробкі, а без грузінскай мовы ўладкавацца на працу ўвогуле вельмі складана. Даволі камфортна тут сябе адчуваюць тыя, хто працуе дыстанцыйна. Ведаю, што сюды прыязджае моладзь, яны едуць да гаспадароў, якія вырошчваюць вінаград ці гарбату, уладкоўваюцца да іх на працу і за гэта маюць жытло. Сярэдні заробак у Грузіі складае каля 300 долараў ЗША. Калі валодаеш англійскай і расейскаю мовамі, то будзе прасцей уладкавацца на працу. Калі толькі расейская, то насамрэч складана».

Але разам з невысокімі заробкамі ў Грузіі даволі невысокія кошты.

«Арэнда аднапакаёўкі ў Тбілісі будзе каштаваць каля 200 долараў ЗША. Двухпакаёвая – 300–400 долараў, у залежнасці ад раёну. Даволі танныя прадукты, садавіна, гародніна, калі не казаць пра сезонныя харчы. Даволі развітая тут сістэма сэканд-хэнду. Метро каштуе 50 тэтры (каля 40 беларускіх капеек)».

Галоўныя плюсы Грузіі – гэта, безумоўна, прырода, адзначае Мікалай. Грузія – даволі бяспечная краіна. Тут спакойна можна гуляць уначы па цэнтры Тбілісі, Батумі, ніхто не нападзе, не скрадзе тэлефона.

У выніку дзякуючы гэтаму ўсё болей беларусаў разглядаюць Грузію як прыстанішча ад пераследу рэжыму Лукашэнкі. Цяпер у Грузіі з’явілася шмат расейскамоўных рэсурсаў. У сацсетках з’явіліся і выраслі групы беларусаў.

«Я ведаю, што, напрыклад, у Батумі 30–50 асобаў стала выходзяць на акцыі беларусаў. У Тбілісі меней, 15–20 асобаў збіраюць такія акцыі. Тут не трэба нейкіх узгадненняў, дазволаў і гэтак далей. Людзі выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі. Шмат грузінаў падтрымліваюць памкненні беларусаў».

Сімпатыяў да Лукашэнкі ў Грузіі не засталося

Іншы суразмоўца «Белсату», Аляксандр, кажа, што з’ехаў з Беларусі ў Грузію год таму. На ягоную думку, у гэтай краіне даволі зручна, хоць яна і даволі бедная. Харчы тут нашмат таннейшыя, чымся ў Беларусі. Стаўленне да пандэміі тут адрозніваецца ад Беларусі. Грузіны не асабліва трымаюцца правілаў бяспекі. Маскі носяць толькі ў памяшканнях. У сувязі з каронавірусам да 4 верасня ўлады пастанавілі адмяніць грамадскі транспарт.

«Грузіны добра ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, спачуваюць беларусам. Яны не разумеюць, як Лукашэнка мог быць так доўга ва ўладзе. Цікава, што першапачаткова яны глядзелі на пратэсты даволі скептычна. Але калі Лукашэнка выйшаў з аўтаматам, то гэта адразу ж змяніла іхнае стаўленне. Грузіны раней сімпатызавалі Лукашэнку. А цяпер можна толькі пачуць: «Вах-вах. Як жа можна на свой народ – са зброяй?» – кажа Аляксандр.

Паводле суразмоўцы, цяпер у Грузіі існуе беларуская дыяспара. Людзі гатовыя дапамагаць адно аднаму. Прычым дапамогу не толькі ў тым, каб пераначаваць, знайсці жытло, але і дапамогуць уладкавацца на працу.

«Калі нехта ідзе ў вышыванцы, беларусы пазнаюць суайчыннікаў і нават вітаюцца адно з адным», – кажа Аляксандр.

Hавiны
Грузія падпісала дамову з КДБ Беларусі. Ці пагражае гэта беларусам у Грузіі?
2021.08.13 14:34

СК belsat.eu

Стужка навінаў