Фільм «Delfi» пра пратэсты ў Беларусі рэтушавалі тры разы


Днём 24 ліпеня літоўскае выданне «Delfi» апублікавала дакументальны фільм «Хроніка сучаснасці» пра беларускія пратэсты 2020 года. Гэта выклікала хвалю абурэння: у фільме толькі частка твараў пратэстоўцаў схаваная, а многіх удаецца пазнаць. Галоўны рэдактар рускамоўнай «Delfi» распавёў «Белсату» пра вытворчасць фільму і рэакцыю на яго.

Олег Ерофеев, главный редактор русскоязычной версии литовского «Delfi»
Алег Ерафееў, галоўны рэдактар рускамоўнай версіі літоўскага «Delfi».
Фота: Белсат

Выданне «Delfi» неўзабаве закрыла доступ да фільму, але сілавікам з Беларусі ўдалося перазаліць яго на свае каналы. Пазней фільм выклалі ў адкрыты доступ праваабаронцы «Вясны», каб беларусы маглі праверыць, ці не «засвяціліся» яны на відэа, якое ўжо паспелі заўважыць сілавыя структуры.

Алег Ерафееў, галоўны рэдактар рускамоўнай версіі літоўскага «Delfi», тлумачыць «Белсату»: беларускія пратэсты былі «тэмай №1» у 2020 годзе, але з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне тэма сышла на другі, калі не на трэці план. У Літве не было фільму ці іншага скончанага прадукту пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў сувязі з выбарамі-2020. Менавіта таму вырашылі зрабіць такі фільм пра беларускі пратэст, «у манеры пастаяннага руху храналагічна і падзейна».

«Мы думалі пра тое, што важна нагадаць і літоўскаму гледачу, і не толькі, тую сітуацыю, тое становішча, у якім знаходзіцца Беларусь цяпер, і тое, як яны змагаліся за свае правы і працягваюць гэта рабіць», – тлумачыць Ерафееў.

Пытанні бяспекі абмяркоўвалі, твары замазвалі

Аўтар фільму Мікалай Мамінаў казаў, што перад публікацыяй фільму праводзілі маніторынг: глядзелі публічна даступныя кадры пратэстаў, замазвалі самыя «відавочныя» кадры з тварамі. Да таго ж, самога аўтара затрымлівалі, забіралі з кватэры, канфіскоўвалі тэлефон – ён лічыць, што яго здымкі, хутчэй за ўсё, ужо былі ў сілавікоў.

Рэтушаванне фільму праходзіла ў тры этапы, распавядае Ерафееў: першы і другі здаліся недастатковымі. Сышліся на тым, што агульныя планы будуць рэтушаваць менш. У фільме былі ракурсы, кадры з якіх раней не публікаваліся, але Ерафееў не лічыць, што гэта мяняе сітуацыю, калі самі прадстаўнікі рэпрэсіўных органаў здымалі пратэсты на свае камеры.

«Як мы ўбачылі цяпер на выхадзе, гэтага шматлікім гледачам, напэўна, і экспертам падалося недастаткова, – прызнае ён. – Хоць, наколькі я ведаю, большая частка і гэтых кадраў, і іншых у адкрытым, абсалютна незаблюраным доступе ляжыць да гэтага часу – і ніхто нічога з гэтым не робіць.

З іншага боку, гэта, напэўна, важнае і патрэбнае пытанне тады ў гэтай сітуацыі: што рабіць? Як нагадваць свету пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і адначасова ўлічваць бяспеку людзей».

Такога ажыятажу ад публікацыі фільму ў «Delfi» не чакалі: літоўскім гледачам яго паказалі напрыканцы траўня або на пачатку чэрвеня, успамінае Ерафееў, а большая частка кадраў з фільму даўно была ў адкрытым доступе, але не ў змантаваным выглядзе.

Пра фільм, кажа Ерафееў, былі і станоўчыя водгукі як у каментарах пад відэа, так і на электронную пошту рэдакцыі. Але ў сацсетках многія беларусы выказваюць абурэнне.

Сярод тых, хто ўбачыў свой твар у фільме, быў вядомы беларускі спявак, этнограф і арт-менеджар Сяржук Доўгушаў. Ён удзельнічаў у пратэстах 2020 года, а цяпер жыве не ў Беларусі. Ён кажа «Белсату», што пра сябе яму «усё зразумела», але калі ён пагартаў фільм, амаль адразу ўбачыў свой твар. Яго абурыла тое, што фільм падстаўляе іншых людзей, якія могуць і не ведаць пра ягоную публікацыю – а давядзецца прымаць «гасцей у чорным».

Разбор
Чым небяспечны фільм пра беларускі пратэст, у якім не схаваныя твары ўдзельнікаў
2023.07.25 18:25

Для сілавікоў гэты фільм – падстава для запалохвання грамадства, якое і так жыве ў страху

Байцы ГУБАЗіК публічна выказвалі радасць у каментарах пад фільмам, пагражалі людзям, чые твары бачныя ў фільме, сам фільм залілі на свае каналы. Мэты гэтага, кажа Ерафееў, зразумелыя: любы медыяповад яны імкнуцца выкарыстоўваць для таго, каб нагнаць страх і ўнесці сумятню, і гэта відаць не толькі на прыкладзе фільму «Delfi».

Ерафееў лічыць, што па пагрозах сілавікоў відаць, «наколькі на самай справе баязлівы і помслівы гэты рэжым»: падобна, ён баіцца любога напамінку аб тым, што адбывалася ў 2020 годзе. З іншага боку, па рэакцыі на фільм відаць, да якога стану поўнага і татальнага страху даведзенае беларускае грамадства.

«Мы ўсведамляем тое, што гэта рэальная пагроза, таму, як я ўжо казаў, мы пастараліся зрабіць са свайго боку разам з аўтарам тое, што нам здавалася дастатковым і магчымым у плане рэтушавання», – паўтарае ён.

Маса людзей трапіла пад каток рэпрэсіяў, хоць іх не было на відэа з пратэстаў, адзначае Ерафееў. І невядома, калі і што будзе выкарыстоўваць рэпрэсіўны апарат.

Цяпер у «Delfi» абмяркоўваюць, што рабіць з фільмам: магчыма, дададуць яшчэ карэкцыі або прымуць іншае рашэнне. Пра тое, каб зрабіць зварот да беларусаў ад імя «Delfi», пакуль не думалі.

Алесь Наваборскі /ІР belsat.eu

Стужка навінаў