На YouTube з'явіўся дакументальны фільм пра беларускія пратэсты. Твары людзей у ім не схаваныя


Літоўскае выданне Delfi.lt удзень 24 ліпеня выклала на сваім YouTube-канале дакументальны фільм пра беларускія пратэсты 2020 года «Хроніка сучаснасці». Цікавасць да фільма ў першую чаргу звязана з тым, што твары людзей у ім не схаваныя, што стварае небяспеку для тых удзельнікаў, хто застаецца ў Беларусі. Праз пару гадзінаў да фільму абмежавалі доступ, але ГУБАЗіК паспеў яго захаваць і пагражае новымі затрыманнямі. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Рэжысёр фільму − беларус Мікалай Мамінаў, які жыве ў Літве і мае міжнародную абарону. Ён пракаментаваў «Белсату» гэтае здарэнне:

«Прынялі рашэнне часова закрыць доступ да фільму з-за вялікай цікавасці і хвалі разнапланавых водгукаў. Я не ўплываю на прыняцце рашэння аб публікацыях».

Рэжысёр Мікалай Мамінаў з мікрафонам у руках падчас здымкаў шоу «План:Б».
Фота: Waldemar Dowejko

Мікалай Мамінаў не бачыць ніякай пагрозы ў тым, што фільм апублікаваны: «ГУБАЗіК  «сцягнуў» сабе мой фільм і выклаў яго зноў у адкрыты доступ і цяпер хайпуецца, ну няхай хайпуецца».  Па словах рэжысёра, яго фільм  – не утрымлівае ніякіх унікальных кадраў. «Нічога новага ў гэтым фільме няма – я маю на ўвазе з кадраў, гэтыя кадры залітыя мільёнамі людзей з усіх камераў», – сказаў ён у каментары«Белсату».

Каментуючы ў «Фэйсбук» дыскусію адносна апублікавання стужкі, аўтар фільму Мікалай Мамінаў напісаў, што «фільм на Delfi глядзеў фокус гурт з міжнародных праваабаронцаў і журналістаў дакументалістаў… і вядома, рэдактарская каманда».

«Белсат» пакуль не атрымаў каментар Delfi адносна публікацыі гэтага фільма. Мы апублікуем яго адразу, як атрымаем.

Пазней фільм быў апублікаваны ў тэлеграм-канале «Вясны». Праваабаронцы патлумачылі, што гэта зроблена для таго, каб можна было перагледзець кадры, пашукаць сябе (паглядзець фільм можна тут) і пры неабходнасці прыняць меры бяспекі.

Захаваў фільм і выклаў яго яшчэ і  блізкі да ГУБАЗіК  тэлеграм-канал − з пагрозай знайсці кожнага, хто там з’явіўся.

У сувязі з гэтым заснавальнік і кіраўнік дабрачыннага фонду «BySol» Андрэй Стрыжак папярэдзіў пра неабходнасць прыняць меры бяспекі і прапанаваў дапамогу.

«У фільме кадры з асобамі пратэстоўцаў не схаваныя, а гэта значыць, што ўсе, хто трапіў у абʼектыў (асабліва тыя, хто раней не трапляў у фокус сілавікоў), могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У выпадку, калі вы адчуваеце сябе ў небяспецы ў сувязі з інцыдэнтам, звяртайцеся на гарачую лінію «BySol» для экстранай эвакуацыі», – напісаў Андрэй Стрыжак у сваім акаунце ў Фэйсбуку.

Нагадаем, што звязацца з «BySol» можна праз тэлеграм − @help_bysol.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў