Белстат: у Беларусі зніжаецца ўзровень беспрацоўя


Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, узровень беспрацоўя ў другім квартале 2023 года склаў 3,4 %. Гэта крыху менш у параўнанні з першым кварталам, у якім беспрацоўных было 3,6 % ад працаздольнага насельніцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працоўная кніжка.
Фота: 1prof.by

Белстат апублікаваў вынікі выбарачнага абследавання гаспадарак у мэтах вывучэння праблемаў занятасці ў Беларусі ў другім квартале 2023 года. Паводле справаздачы, беспрацоўе знізілася на 0,2 адсоткавага пункта і склала 3,4 % у параўнанні з 3,6 % у першым квартале.

У той жа час узровень занятасці вырас на 1,3 адсоткавага пункта і склаў 67,6 % у другім квартале ў параўнанні з 66,3 % у першым квартале.

Узровень занятасці ў Беларусі сярод жанчын вышэйшы, чым сярод мужчынаў – 84,8 % супраць 82,7 %. Беспрацоўе сярод мужчынаў склала 4,2 %, сярод жанчын – 2,6 %.

Занятасць гарадскога насельніцтва ў другім квартале склала 84,1 %, вясковага – 82,1 %. Падобныя прапорцыі і з беспрацоўем: у гарадах яно складае 3,2 %, у вёсках – 4,3 %.

Таксама Белстат прааналізаваў, як беларусы шукаюць працу. Найчасцей вакансіі знаходзяць праз інтэрнэт, газеты, іншыя сродкі масавай інфармацыі – гэтак робяць 53,7 % беларусаў, якім патрэбная праца.

На другім месцы – пошук працы праз сваякоў і знаёмых – 49,3 %.

21,2 % беларусаў, каб знайсці працу, звяртаюцца ў Службу занятасці ці карыстаюцца Агульнарэспубліканскім банкам вакансіяў. 18,6 % шукальнікаў звяртаюцца наўпрост да патэнцыйных працадаўцаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў