Кватэра ў Беларусі будзе каштаваць 10 тысяч долараў?


Становішча спраў такое, што народ перастаў прагназаваць. І наогул неяк глядзець у будучыню. Занадта шмат форс-мажораў падкідвала жыццё, стаміліся сачыць. Уварванне ва Украіну здавалася немагчымым, але прайшоў шок. Дзеля гэтага спатрэбілася некалькі месяцаў, і ў Беларусі прыцярпеліся. Рыэлтары паціраюць далоні – угодаў у Мінску з мая – на 20-30 % больш, чым у мірныя гады. Фіксуюць рэкорды па колькасці прададзеных кватэр не за месяц – за дзясятак гадоў.

Будаўніцтва, пад'ёмныя краны, будаўнічыя працы, будаўнікі, новабудоўля, Менск, Беларусь
Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар. Будаўніцтва жылых дамоў каля рынку Ждановічы. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Што за бум?

Адныя грамадзяне пяты месяц запар ратуюць ашчадкі. Ім удалося нарэшце зняць усё з рахункаў. Нагадаем, банкі ў сакавіку вярталі валютныя ўклады дробнымі порцыямі, па $ 2-3 тысячы, паступова павялічвалі памеры дазволенага да поўнага атрымання наяўных.

Іншыя грамадзяне захоўвалі пад падушкай, але да лета паверылі: усё, нас дакладна не будуць бамбіць. І кошты як раз знізіліся – самы час вырашаць жыллёвае пытанне. Верасень набліжаецца, хочацца школьніку вылучыць нарэшце асобны пакой.

Трэція усё ж аформілі дакументы на кватэры памерлых у пандэмію сваякоў (у нас паўгады гэта займае), і вырашылі прадаць, дакласці і набыць нешта больш новае, або проста большае па памеры – дзеля сябе. Камфортней, чым 33 м у доме, які заспеў Хрушчова. Тым больш, што сітуацыя зразумелая: пакуль прадаеш спадчыну, цэны на жаданае таксама злёгку ідуць долу. Даплата становіцца прымальнай.

Складанка склалася – спакой, стабільнасць, зніжэнне коштаў. Прыліў аптымізму.

Калі бум завершыцца?

Цяперашняя раўнавага пакупнікоў – псіхалагічная, крохкая, і зламаць яе можа любы жахлівы момант. Пералічваць не буду, але самая страшная пагроза застаецца – вайна ж зусім блізка.

Нават калі нічога пагрозлівага здароўю і жыццю грамадзянаў не здарыцца, бум патухне сам сабою. Усе, хто мог дазволіць сабе куплю, рэалізуюць свае жаданні, у тым ліку жыхары рэгіёнаў. У тых, у каго грошай не было, яны і не з’явяцца. Рынак зноў замрэ, пастаіць пару месяцаў – і можна чакаць новага зніжэння коштаў.

Увогуле, кошты будуць спускацца па лесвіцы. Спусціліся – пастаялі – спусціліся. Пакуль дзяржава не прыдумае нешта радыкальнае. Напрыклад, танныя крэдыты, здольныя ўзбадзёрыць попыт як меньш сярод тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, на новабудоўлі ад дзяржаўных забудоўшчыкаў. Але і гэта – не хутка. Дый і тое пры ўмове, што эканоміка пачне выбірацца з ямы.

Ці пачне і калі…

Так што, па 10 тысяч кватэраў не будзе? Ці хаця б па $ 500 за метр?

У тэорыі могуць быць. Нават бясплатна. Вось як было ў СССР, ведаеце? Працуеш за 100 рублёў на заводзе, у спартакіядах і суботніках удзельнічаеш, адстаяў у чарзе 3, 5, 15 гадоў – атрымай жыллё. Сям’і без дзяцей – аднапакаёўку, з двума дзецьмі – трохпакаёўку, самотнаму – пакой у камуналцы. Не ва ўласнасць, але ж бясплатна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Раён «Менск-Свет». Менск, Беларусь.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ці вось як было ў 37-м, калі жыллё ворагаў народу пераразмяркоўвалася сярод камуністаў. Да гэтага ўжо падрыхтаваліся – можна і судзіць завочна, і канфіскоўваць маёмасць – справа толькі ў адмашцы…

Яшчэ варыянт сумнага развіцця падзей – ад’езд усіх, хто здольны з’ехаць і татальнае збядненне.

Напрыклад, у Каракасе (Венесуэла) кошты на жыллё да сацыяльна-эканамічных эксперыментаў былі як у Менску да 2020-га: 100-метровая кватэра ў якасным доме ў аналагу сталічнага мікрараёна «Лябяжы» каштавала каля $ 200 тысяч. Цяпер – каля 70 тысяч. Стандартнае жыллё прадаецца па $ 500 за метр.

Трэці варыянт, пры якім жыллё будзе ісці за бесцань – ваенныя дзеянні на тэрыторыі краіны.

Ды і ёсць у нас ужо кватэры за 10 тысяч, праўда, не ў Гродне, Брэсце ці Менску. У аграгарадках, у пасёлках гарадскога тыпу, у выміраючых райцэнтрах.

Не будзем расцякацца складанымі эканамічнымі выкладкамі і палітычнымі хорарамі, пяройдзем да ўсім вядомай формулы: тавар каштуе столькі, колькі за яго гатовыя плаціць.

Калі ў Менску не змогуць плаціць больш за $ 500 за метр, значыць, будзе $ 500 даляраў. Калі не змогуць плаціць больш за $ 10 тысяч, менавіта столькі і будзе каштаваць кватэра.

Пакуль жа ў нас, зноў гэта напішу, складанка склалася – спакой, стабільнасць, зніжэнне коштаў. Усплёск аптымізму. Можна толькі назіраць, што за гэтым рушыць услед.

Дзяніс Бятонны / Герон belsat.eu

Стужка навінаў