Галоўнае за нядзелю, 25 ліпеня: сустрэчы Ціханоўскай у Нью-Йорку, рыцарскі фэст у Дудутках, пратэсты ў Бразіліі


«Белсат» падводзіць вынікі апошняй нядзелі ліпеня.

Стала вядома, у чым вінавацяць уласнікаў «Модум», 21vek.by і «Юркас». Затрыманым, як сцвярджае БТ, закідаюць нявыплату падаткаў.

У Літве зноў затрымалі нелегальных мігрантаў з Беларусі – гэтым разам іх колькасць – 133. Хваля нелегальнай міграцыі не спыняецца, з пачатку 2021 года затрымалі ўжо ў 32 разы больш чалавек, чым за той жа перыяд 2020-га. За 25 дзён ліпеня літоўцы затрымалі ўжо 1942 мігрантаў на беларускай мяжы. Цяпер Літва занепакоеная тым, што «Iraqi Airways» стала ладзіць толькі больш рэйсаў з Багдаду ў Менск.

Менскія ўлады пакаралі «Слодыч» за зняважлівы адказ на беларускамоўны зварот.

Заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Ігар Случак і Аліна Нагорная звярнуліся да кандытарскай фабрыкі «Слодыч» з просьбай дадаць беларускую мову на пакункі прадукцыі. Атрыманы адказ яны палічылі абразлівым і абскардзілі яго ў пракуратуры і адміністрацыі Партызанскага раёну Менску. Пракуратура абавязала кіраўніцтва «Слодыча» даць адказ па-беларуску і прыцягнуць супрацоўніка да дысцыплінарнай адказнасці. Адміністрацыя раёну склала пратакол і перадала справу ў суд. Упраўленне адукацыі Першамайскага раёну склала пратакол аб парушэнні заканадаўства аб мовах (арт. 10.16 КаАП РБ).

Фотарэпартаж
Беларусы святкуюць перамогу над тэўтонцам. Як у «Дудутках» праходзіць двухдзённы рыцарскі фэст
2021.07.25 12:42

Пад Менскам на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі» 24-25 ліпеня праходзіць двухдзённы рыцарскі фэст «Наш Грунвальд». Ён ладзіцца ў гонар перамогі аб’яднаных войскаў ВКЛ і Каралеўства польскага над рыцарамі Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 годзе. Гэта перамога саюзных войск спыніла канчаткова крыжацкую агрэсію на нашыя землі. У двухдзённым фэсце бяруць удзел клубы гістарычнай рэканструкцыі з усёй Беларусі. Атмасфера першага дня імпрэзы ў нашым фотарэпартажы.

На выходных 24-25 ліпеня ў менскім Палацы мастацтваў у шосты раз прайшоў штогадовы кававы фестываль Coffee Fest. Удзел прынялі многія папулярныя кавярні гораду, а таксама фотакарэспандэнт belsat.eu – фотарэпартаж глядзіце тут.

Чатыры буйныя групы нямецкіх, дацкіх і японскіх кампаніяў спынілі супрацоўніцтва з БелАЗам і Беларускім металургічным заводам праз санкцыі.

Hавiны
У Нікарагуа арыштоўваюць кандыдатаў у прэзідэнты. Іх вінавацяць у здрадзе дзяржаве
2021.07.25 17:58

У Нікарагуа арыштавалі ўжо сёмага патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Ноэля Відорэ. Палітыка абвінавацілі ў спробе «падрыву суверэнітэту» краіны і здрадзе дзяржаве і змясцілі пад хатні арышт. Прэзідэнцкія выбары ў Нікарагуа адбудуцца 7 лістапада. Рэпрэсіі супраць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты пачаліся ў Нікарагуа 2 чэрвеня. Супернікаў дзейснага прэзідэнта абвінавацілі ў пагрозе суверэнітэту краіны. Апазіцыйныя палітыкі сутыкнуліся з ператрусамі і начнымі арыштамі.

А ў Бразіліі ўжо чацвёртыя выходныя запар праходзяць шматтысячныя акцыі за адстаўку прэзідэнта Жаіра Балсанару. На нядзелю, 25 ліпеня, акцыі пратэсту былі анансаваныя ў 400 гарадах па ўсёй краіне. На вуліцы выходзяць тысячы дэманстрантаў. Яны патрабуюць адстаўкі прэзідэнта. Пратэстоўцы скардзяцца на позні пачатак кампаніі вакцынацыі, а акрамя таго – высокі ўзровень беспрацоўя, адсутнасць падтрымкі малазабяспечаных групаў насельніцтва, якія эканамічна пацярпелі ад пандэміі.

Hавiны
Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у аўтакефальнай царкве ў Нью-Йорку
2021.07.25 23:55

Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у аўтакефальнай царкве ў Нью-Йорку. Падчас сустрэчы беларуская лідарка выступіла перад прысутнымі па-беларуску. Прадстаўнікі дыяспары перадалі Ціханоўскай залаты знак Рады БНР ад Івонкі Сурвілы. Пасля візіту ў царкву Ціханоўская сустрэлася з беларусамі Нью-Йорку недалёка ад Статуі Свабоды.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў