Украінская ўцякачка – пра тое, як яе прыняла Беларусь


«Я думала, што ў Беларусі лепей будзе, таму так моцна сюды рвалася», – кажа суразмоўца «Белсату» пра вымушаны пераезд з Украіны ў Беларусь.

Ганна: Я зʼязджала з Мікалаева ў Польшчу 11 сакавіка. З планамі адразу ж, як толькі траплю ў Польшчу, мінуць мяжу Тэрэспаль – Берасце на Беларусь, бо я нарадзілася ў Мазыры, у Беларусі. Тут у мяне сваякі. Грамадзянства ў мяне ўкраінскае, жыла я ва Украіне.

– Калі вы прыехалі ў Беларусь?

– 28 сакавіка. Мы затрымаліся ў Польшчы, бо не было замежных пашпартоў – ні ў мяне, ні ў дзяцей. Мы думалі, што, хутчэй за ўсё, асядзем там у Польшчы. Пашпартоў не было, а цяпер амбасада Украіны не працуе, новыя пашпарты не выдаюць. Нам сказалі заставацца на 18 месяцаў у Польшчы. Мы там ужо жылі, у прынцыпе, засталіся і змірыліся з гэтаю сітуацыяй, што нас не могуць выпусціць з Польшчы ў Беларусь без замежных пашпартоў. Але ў Telegram у нейкі пэўны дзень людзі пачалі пісаць, што сталі прапускаць. Мы сарваліся, выехалі, і нас прапусцілі.

– Як вас сустрэла Беларусь?

– Я адчула вельмі моцны кантраст, як толькі мінула мяжу паміж Польшчай і Беларуссю. Каб вы разумелі, я выйшла на вакзале, хацела проста памыць пасля доўгай дарогі дзіцяці рукі: мяне не пусцілі бясплатна ў прыбіральню. Калі я сказала, што мы ўцекачы з Украіны і я яшчэ не паспела памяняць грошай, мне сказала жанчына, што гэта нашыя праблемы. Ну і гэтак далей у нас тут усё, у прынцыпе, і ішло. Я думала, што ў Беларусі лепей будзе, таму так моцна сюды рвалася.

У Львове адкрылі другое модульнае мястэчка для ўнутраных перасяленцаў. Тут устанавілі 80 дамоў, разлічаных на 320 месцаў. Прыярытэт надаецца сем’ям з дзецьмі, жанчынам і людзям сталага веку. Львоў, Украіна. 6 траўня 2022 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Цяпер вы хочаце назад у Польшчу?

– У мяне проста няма такой магчымасці. Мяне проста без замежнага пашпарта не прапусцяць назад. Мне палякі сказалі, што калі я пакідаю Еўропу як уцякачка, назад ужо заехаць не магу.

– Ці ёсць для вас як для ўцякачкі нейкая дапамога ў Беларусі?

– Няма, дапамогі няма ніякай. Больш за тое, трэба за ўсё плаціць. Я так разумею, што паняткі «ўцекачы», «хворыя» і гэтак далей тут не існуюць. Нават каб аформіць дакументы і зарэгістравацца на год, патрэбныя важкія аргументы. Вайна – гэта не аргумент. Гэта значыць, я бегаю, дастаю розныя паперы, якія пацвярджаюць, што я нарадзінка, што я калісьці была тут прапісаная, каб мяне зарэгістравалі тут на год. За рэгістрацыю 32 рублі за сябе і яшчэ за дзяцей трэба заплаціць. Я калі ўцякала з Украіны, забылася сваё пасведчанне аб нараджэнні. Мне даводзіцца тут яго афармляць, таксама за яго трэба заплаціць. Потым мне трэба перакладаць дакументы з украінскай на расейскую мову, завяраць у натарыуса. Гэта таксама ўсе платныя паслугі. Калі мы ў Польшчу прыехалі, то нам давалі дапамогу валанцёры, а тут ніякай дапамогі няма. Абсалютна.

У гарвыканкаме мне сказалі звяртацца ў Чырвоны Крыж, можа, дапамогуць адзеннем, побытаваю хіміяй… Я, вядома, не звярталася, бо ў мяне з сабой усё неабходнае ёсць. Дзякуй богу ў мяне нейкая мінімальная сума на першы час была. Інакш, калі б не было грошай з сабою, мы тут проста не выжылі б.

– У вас ёсць магчымасць у Беларусі ўладкавацца на працу і адправіць дзяцей у школу?

– Мне сказалі ў гарвыканкаме, што з часоваю рэгістрацыяй, нават на год, я не маю права працаваць без спецыяльнага дазволу, які павінен атрымаць працадаўца. У Гомлі ні адзін працадаўца не хоча гэтым займацца. Пакуль з працай вельмі цяжка, тут мясцовыя не могуць знайсці сабе працу, не тое што прыезджыя.

Старэйшы сын давучваецца ў мяне онлайн. А малодшага я спрабую цяпер аформіць у садок. Таксама ідзе маса часу на гэта, бо нам трэба праходзіць медычную камісію, бегаць у гарвыканкамы… Вельмі шмат бюракратыі, шмат пісаніны, дакументаў, каб дзіця аформіць. Дасюль мы ніяк не аформіліся.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. На фота – вымушаныя ўцекачы з Украіны. Жэшаў, Польшча. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

– Вы плануеце вяртацца ва Украіну?

– У мяне муж застаўся ва Украіне. Будзем чакаць, што, можа быць, там неяк сітуацыя праясніцца, і ён зможа да нас таксама трапіць. Але бліжэйшы год будзем тут, калі ўсё будзе ў парадку і мне дадуць гэты дазвол на часовае перабыванне на год. Што будзе далей, я не магу сказаць.

– Вас не бянтэжыла, што вы як украінская ўцякачка едзеце ў дзяржаву, якая ў гэтай вайне ёсць агрэсарам?

– Не. Адзінае перажыванне – што мы блізка мяжы, як бы тут таксама не было небяспечна. А тое, што адкуль ляцелі ракеты, мяне гэта, шчыра кажучы, мала хвалявала. Бо гэта ўсё палітычныя разборкі. Разумееце, мы, звычайныя людзі, аказаліся проста закладнікамі гэтай сітуацыі.

Паводле ААН, ад пачатку вайны Масквы супраць Кіева, тэрыторыю Украіны пакінулі 6,6 млн асобаў. У Беларусь пераехалі 27 тыс вымушаных уцекачоў.

Аналітыка
Дваіх беларусаў з ПВК Вагнэра падазраюць у ваенных злачынствах на Кіеўшчыне. Хто яны?
2022.05.25 14:48

АМ belsat.eu

Стужка навінаў